Читать онлайн «Вечар»

Автор Аляксей Дудараў

Аляксей Дудараў

Вечар

Дзейныя асобы

Васіль.

Ганна.

Гастрыт.

Нашы дні.

Дзея першая

Шэрая раніца. Сонца яшчэ спіць. Недзе далёка самотная зязюля лічыць некаму гады. Нястройны і яшчэ нясмелы птушыны хор і смелы ўрачысты покліч «ку-ка-рэ-ку-у-у-у» абвяшчаюць усёй вёсцы, што надышоў новы дзень. Павольна-павольна з-за вугла сваёй хаты выходзіць Васіль з вядром. Высокі, худы, нетаропкі ні ў рухах, ні ў словах, ні ў думках.

Васіль (пазіраючы за сад). Уставай, уставай ужо… Ранак выдаўся сцюдзёны, у свеце неспакойна, прэзідэнты шалеюць… Плюнь на ўсё і прачынайся… І сёння трэба жыць. З табой, з зямлёю і з людзьмі… Людзі добрыя ўсе, мо толькі забыліся пра гэта… Бягуць, едуць, ляцяць… Ці то ўцякаем ад некага, ці то даганяем — ліха нас ведае… (Падыходзіць да калодзежа, пачынае даставаць ваду. ) Як у чыгунку жывём! Аж бурбалкі, аж пара прэ… Немаведама хто толькі гэту поліўку сёрбаць будзе, калі яна ўрэшце зварыцца… (Дастаў вядро, пераліў у сваё, аднёс у бок ад калодзежа, выліў на зямлю. ) Гэта на тваю хату, Сёмка… (Вяртаецца, зноў пачынае даставаць ваду. ) Як паспакайнець? Няма спакою, і дабрыні не знойдзеш… Дабрыня ціхая… (Дастаў вядро, пераліў, аднёс, выліў. ) А гэта на тваю хату, Іван… (Вяртаецца, зноў дастае ваду. ) Думаеш, глупствам займаюся? Няма каму ваду з калодзежа браць… Раз'ехаліся ўсе… А калодзеж жывы павінен быць… З яго чэрпаць трэба, каб і вада жывой была… Во я і выбіраю яе штодня… За былых сваіх суседзяў, за дзяцей іх і за свайго сына… (Аднёс вядро, выліў. ) На тваю хату, Пятрок… Ах, дзеткі, дзеткі… Такія вы ў нас грамацеі выраслі! Яны табе і Бога на лапаткі пакладуць, дакажуць, што Іуда некалі добрую справу зрабіў… Усё могуць. Толькі сваіх дзяцей не хочуць на свет пускаць… Ці то баяцца, ці то лянуюцца, ці то хочуць, каб ніхто жыць не замінаў… Дык ты сам жывеш, дык і другому дай… Ненароджаныя дзеткі — гэта ж усё адно як памерлыя… Слухаеш? Ну, слухай, слухай… Холадна, мабыць, там і цёмна… Дзе там? У космасе, канечна… Дзе ж яшчэ? Я во падумаю-падумаю, а што, калі б мае бацька-маці ўзялі дый не нарадзілі мяне?! Га? Ды я б ім гэтага ніколі не дараваў! Хаця нясоладка было: тры вайны адпляскаў… мнагавата. Ды і без вайны жыццё мёдам не было… І ад чужых, і ад сваіх нацярпеўся… Сын пісем не піша. Слухаеш? Слухай, слухай… І прачынайся… Прачынайся…

Да калодзежа падыходзіць Ганна.

Такая ж, як і Васіль, старэнькая, белая. Яна нікуды не спяшаецца. Спынілася, паслухала.

Ганна. Чаго й та ты, Васіль?

Васіль. Што?

Ганна. Бубніш нешта сам сабе… Маліўся, ці што?

Васіль. Размаўляў… з Сонцам…

Ганна. Ашалеў пад старасць… З Богам, з Богам трэба размаўляць, а ты немаведама з кім…

Васіль. З кім хачу, з тым і размаўляю… Свабода совесці… Маўчыць яно. Свеціць і маўчыць. Слухае…

Ганна. Доўга ты яшчэ пражывеш, Васіль…

Васіль. Кінь ты!

Ганна. Гаварыць табе яшчэ хочацца з кім-небудзь… А перад смерцю чалавек заціхае і маўчыць, як тваё Сонца… Колькі гэта табе?

Васіль. Восемдзесят, а мо і болей… Лічыць надакучыла…

Ганна. Дык гэта ты старэйшы за мяне?

Васіль. А ты думала?. .

Ганна. Ну-у, тады і мне яшчэ трохі пасмылець трэба… Хаця б да тваіх гадоў…