13012181530

Читать онлайн «Парастак»

Автор Янка Брыль

... Калі ўжо пра кнігі, дык варта сказаць пра томік партугальскіх апавяданняў, што хораша дапоўнілі мае ўспаміны пра наведванне гэтай чароўнай, саснова-пальмавай, верасовай прыакіянскай краіны.

... З павагай ды асабістай удзячнасцю да аўтара пачаў культурную кнігу Кастуся Цвіркі «Край легенд», дачытаў да палавіны i ўспомніліся лермантаўскія радкі:

... Ни тёмной старины заветные преданья Не шевелят во мне отрадного мечтанья.

I тады быў свой «сацрэалізм», — шкрэбалі летапісцы «тое, што трэба», толькі i толькі пра войны, сечы, крывавую тузаніну за ўладу з чужынцамі i сваімі, аж моташна ад гэтай подлай аднастайнасці...

* * *

... Старик ловил неводом рыбу,

Старуха пряла свою пряжу...

У зеляніне двара прыйшло на думку, што ўсё ў яго, да чаго не дакраніся — паэзія. А далей такое:

Эфіопа-рускі Пушкін, беларуса-паляк Міцкевіч i многа другіх выдатных i добрых, у той ці ў іншай міжнацыянальнай сумесі — хіба ж i гэта не кліча ўсіх людзей да разумнага аб'яднання, да шчасця міру паміж імі?. .

Нянова гэта ў мяне. Але ж i праблема штодзённа-вечная.

* * *

Ужо неаднойчы быў такі сон. Далёкая ўскраіна незнаёмага горада, нібы Масквы, аднак тое, якое я ўсяе не ведаю. Мне трэба ў цэнтр, у гасцініцу, дзе мой пашпарт, паліто, білет на сённяшні цягнік, на які амаль безнадзейна спазняюся, а тут ні стаянкі таксі, ні тралейбуса ці аўтобуса, i пра патрэбную вуліцу не запытаешся, i людзей незнаемых так многа... Адны з ix адказваюць мне бесталкова, другія ж i прыглядаюцца, як да магчымай ахвяры... Хаджу, блукаю, а часу да цягніка ўсё менш ды менш... I застаецца адно — прачнуцца.

Што i зрабіў, нібы па самазагаду.

На гадзінніку пятая, можна яшчэ паляжаць, але соннасць працягваецца, я зноў ды зноў, урыўкава ўключаюся ў свой сон, у тую самую безнадзейную блэнданіну па незнаемых вуліцах, пра тую разгубленасць у тузе i пачатках адчаю...

A ўсё ж не паддаюся зманлівай дрымоце, што ўцягвае ў працяг таго самага снення, ляжу прытомны i ўспамінаю польскае: «Sen — mara, Bóg — wiara», a цяпер, запісваючы, i маміна: «Куды ноч — туды й сон».

Во ўжо, прыбраўшыся па-ранішняму, я за стадом. I ўжо толькі ад намеру надежна папрацаваць у душы ажывае ціхае, незаменнае шчасце явы, бадзёрасці.

* * *

Стары, яшчэ ўсё службова-злосны Лыска сядзіць каля будкі на ланцугу. Малеча, што без нагляду старэйшых сабралася каля яго, просіць: «Дай лапу!» Ён, змалку прывучаны да гэтага, спакойна кладзе сваю правіцу на кожную працягнутую ручку, бо яны ж, адзін перад адным: «I мне! I мне!. . »

Гарадскія ўнукі ды праўнукі. З бліжэйшых двароў.

I спрадвечна народнае: «Стары сабака ніколі дзіцяці не пакрыўдзіць».

* * *

«Усё для людзей, усё на карысць чалавеку».

I не ўсё, не ўсё.

На старой чарэшні ягад сёлета мала, асабліва знізу. Вышэй i зусім уверсе, куды не дапне й найлягчэйшы малец-накольнік, на стромых галінках, што тырчаць у неба найсмялей, чарэшні спела зіхацяць у сонцы то паасобку, то букецікамі, хоць ты лічы ix пальцам: любіць, не любіць.

I там раскашуюцца птушкі. Прыляцяць, паклююць i знікаюць. I зноў з'яўляюцца, трэба думаць, што ўжо другія.