Читать онлайн «Миколка-паровоз»

Автор Міхась Лынькоў

Лыньков Михась

Мiколка-паравоз (на белорусском языке)

Мiхась Лынькоў

Мiколка-паравоз

Хата на калёсах

Вы не бачылi Мiколкавай хаты?

Яна вунь у самым тупiку, дзе канчаюцца станцыённыя лiнii, дзе безлiч стрэлак, дзе стаяць недалёка прыгожыя семафоры, дзе ў бязмежныя прасторы працягнулiся, пабеглi блiскучыя рэйкi.

Па рэйках тых бягуць цягнiкi. Бягуць i днём, i ноччу. I шэраю ранiцай. Калi яшчэ сонца не ўзыходзiць. Калi яшчэ Мiколка спiць. Калi спяць усе звычайныя людзi, якiя ноччу не ў машынiстах, не ў кандуктарах, не ў рабочых дэпо, не ў абходчыках пуцявых. А цягнiкi бягуць. Зiмой i летам, увосень i ўвесну. I чым халадней, тым гучней гудуць паравозы, углядаючыся сваiмi пукатымi блiскучымi вачыма ў далёкiя агеньчыкi семафораў. Агеньчыкi белыя, зялёныя, чырвоныя. I кожны паравоз крычыць па-свойму. Адзiн так гудзiць, што шыбы трасуцца ў вокнах. У другога хрыпаты голас, нiбы прастудзiўся паравоз, бегаючы ў зольных туманах i завеях. А трэцi - якая-небудзь кукушка - не гудзiць, а проста пасвiствае галаском такiм тонкiм, пранiзлiвым. I па голасу пазнае Мiколка кожны паравоз, цi то таварны, цi то пасажырскi. I часам ноччу, пачуўшы голас далёкага паравоза, Мiколка будзiць матку:

- Уставай, мама, самавар стаў, бацька едзе з пасажырскiм. Яго паравоз гудзiць.

- Сам ты паравоз! - дражнiць матка Мiколку. - Вось спаць не даеш толькi, пасажырскi яшчэ далёка...

Але матка ўставала, ставiла самавар, раздзьмухваючы яго старой халяўкай ад ботаў. Мiколка прыслухоўваўся, як прабягаў з шумам i грукатам, пастукваючы на стрэлках, цягнiк, як зацiшаў ён хаду, а потым i зусiм станавiўся на станцыi. Тут зменьвалiся паравозы, зменьвалiся i машынiсты.

I заўсёды акуратна, праз якiя-небудзь хвiлiн дзесяць, дахаты з'яўляецца Мiколкаў бацька.

- А ты прачнуўся ўжо, кур'ерскi? - гаварыў ён да Мiколкi i заўсёды намерваўся ўхапiць яго за нос сваёй чорнай прамазучанай рукой. Мiколка хаваўся пад коўдру i, паказваючы адтуль толькi кончык носа, пачынаў чохкаць, як сапраўдны паравоз:

- Чшы... чшы... чшы... чшы-чшы-чшы...

I важна гаварыў потым да бацькi:

- Ага! Не можаш мяне ўзяць... Забуксаваў!

"Забуксаваў" - гэта значыць, што бацька далей не пасунецца нi на крок, нiяк не ўхапiць яму цяпер за Мiколкаў нос. Не будзе ж ён бруднымi рукамi за коўдру брацца, павiнен ён памыцца як след. I калi бацька зоймецца з умывальнiкам, Мiколка таропка злазiць з ложка i бяжыць да бацькавай дарожнай скрынкi. Ён спрабуе яе на вагу, а цi ёсць што ў ёй, цi варта ля яе турбавацца.

- Прывёз, татка, што-небудзь? - грозна пытае ён бацьку.

- А што будзе, калi не прывёз? - перапытвае бацька, смяецца.

- Што ж будзе? Нiчога не будзе... - гатоў пакрыўдзiцца Мiколка.

А бацька адчыняе скрынку, дастае шчарбаты чайнiк, загорнутую ў паперыну шклянку, кавалкi "зайцавага хлеба" - так заве ён дарожныя недаедкi. Дужа ж смачныя гэтыя недаедкi. Не сказаць, каб вялiкiя ласункi былi з чэрствага хлеба, але еў яго Мiколка з вялiкай ахвотай, толькi пугаўка-нос паблiскваў ад вялiкага задавальнення. Есць, i здаецца яму, нiбы ён таксама памочнiк машынiста, як бацька... Хлеб пахне трохi вугалем, i аддае крыху ад яго i мазутным пахам. Адным словам, не звычайны хлеб, а хлеб, якi праехаў на паравозе сотнi вёрстаў, падсушыўся, паабiваўся ў скрынцы, прапах. I не дзiва, што як змеле Мiколка гарбушку, дык адразу i пайшоў: