Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Тры – сьмяротнай зямлі несьмяротным князям,

Сем – царам-кавалям на падгорным троне,

Дзевяць – чалавечага племені каралям,

Адзін – Уладару Цемры ў чорнай кароне,

У змрочнай краіне Мордар, там, дзе пануе Цень.

Адзін – уладарыць над імі, адзін – адшукаць іх,

Адзін – завабіць і ў цемры скаваць іх

У змрочнай краіне Мордар, там, дзе пануе Цень.

КНІГА ТРЭЦЯЯ

1. Сыход Бараміра

Арагорн хутка лез на схіл. Раз-пораз нахіляўся да глебы. Хобіты крочаць лёгка, і нават сьледапыту няпроста чытаць іхнія сьляды, але непадалёк ад вяршыні сьцежку перасякала крынічка, і на мокрай глебе Арагорн знайшоў тое, што шукаў.

– Сьляды я прачытаў слушна, – сказаў сам сабе. – Фрода пабег да вяршыні. Цікава, што ён там пабачыў? Бо вярнуўся тым самым шляхам, зноў спусьціўся па сьцежцы.

Арагорн вагаўся. Бо сам хацеў дабрацца да верху, пабачыць нешта, што пазбавіць сумневаў. Ці мо трэба сьпяшацца? Раптам вырашыў: скочыў наперад, дабег да вяршыні праз пляцоўку, забрукаваную вялікімі камянямі, падняўся па лесьвіцы. Сеў на сталец і зірнуў вакол. Але сонца, падавалася, пазмрачнела, і сусьвет рысаваўся няясна й аддалена. Арагон агледзеўся – ад поўначы зноў да поўначы – і не пабачыў анічога, апрача няблізкіх гор, і толькі далёка-далёка ў нябёсах заўважыў вялізарную птушку накшталт арла, якая шырокімі коламі павольна спускалася.

I тут да ягоных чуйных вушэй даляцелі трывожныя гукі зь лесу ўнізе па схілах, на гэтым баку ракі. Арагорн замер. Так, тое былі выкрыкі, і ён з жахам пазнаў грубыя галасы оркаў. Зьнянацку пакаціўся магутны роў вялікага рога. Раскаты ягоныя хваляю захлынулі пагоркі, адбіліся ў лагчынах, паўсталі сьцяною, заглушыўшы роў вадаспаду.

– Рог Бараміра! – закрычаў сьледапыт. – Яму трэба дапамога!

Зьбег па сходах і кінуўся ўніз па сьцежцы.

– Што за чорны дзень! Усё, што раблю, абарочваецца ліхам! Дзе ж Сэм?

Оркаў лямант гучнеў, а рог слабеў і гуў усё адчайней. Оркі завылі, завішчэлі – і роў рога змоўк. Арагорн бег па схіле, але яшчэ не сягнуў узножжа, як гукі сталі аддаляцца, заціхаць. Ён павярнуў налева, за імі, а яны ўсё меншалі, пакуль цалкам не расталі. Выхапіўшы зіхоткі меч, выкрыкваючы "Элендыль! Элендыль!" ён кінуўся празь лес напралом.

Дзесьці за вярсту1 ад Парт Галену на невялічкай палянцы ля азёрнага берагу ён знайшоў Бараміра. Той сядзеў, прыхіліўшыся сьпінаю да тоўстага дрэва, нібы адпачываў. Але Арагорн заўважыў, што ваяр працяты мноствам чарнапёрых стрэлаў. I яшчэ трымаў у руцэ меч, зламаны ля цаўя; расьсечаны надвая рог ляжаў побач. Мноства забітых оркаў валяліся навокал, грувасьціліся кучаю ля ягоных ног.

Арагорн стаў на калені побач з воем. Барамір расплюшчыў вочы, напружыўся, намагаючыся загаварыць. Нарэшце павольна вымавіў:

– Я спрабаваў забраць пярсьцёнак у Фрода. Прабач. Я заплаціў за тое.

Ён зірнуў на пабітых ворагаў – болей за два дзясяткі.

– Яны зьніклі... паўросьлікі. Оркі забралі іх. Думаю, яны жывыя. Оркі зьвязалі іх, – ён прыпыніўся, стомлена заплюшчыўшы вочы.

Праз момант загаварыў зноў:

– Бывай, Арагорне! Ідзі ў Мінас Тырыт, выратуй мой народ. Мяне перамаглі.

– Не! – запярэчыў Арагорн, беручы ягоную руку й цалуючы яго ў лоб. – Ты перамог! Няшмат каму ўдавалася гэткая перамога. Спачывай у міры! Мінас Тырыт не загіне!

Барамір усьміхнуўся.

– Куды яны накіраваліся? Ці быў зь імі Фрода? – спытаў Арагорн.

Але Барамір ужо не адказаў.

– Шкада! – выгукнуў Арагорн. – Гэтак сышоў ад нас спадчыньнік Дэнэтара, уладара вежы Варты! Што за чорны лёс абрынуўся на нас! Цяпер наш Зьвяз усьцяж зруйнаваны. Тое мая віна, цалкам мая. Дарэмна Гэндальф давяраў мне. Што ж цяпер рабіць? Барамір запавядаў ісьці ў Мінас Тырыт, і гэтага прагне маё сэрца, але ж дзе пярсьцёнак і ягоны Ахоўнік? Як мне знайсьці іх і выратаваць нашую задуму ад паразы?

Колькі часу прастаяў, плачучы, сьціскаючы Бараміраву далонь. Такім і ўбачылі яго Гімлі зь Ляголасам. Яны зьявіліся ад заходніх схілаў, крадучыся між дрэваў, нібы палюючы. Гімлі трымаў сякеру, Ляголас – доўгі нож. Усе стрэлы ён страціў. Выйшаўшы на паляну, спыніліся ў зьдзіўленьні й сумна нахілілі галовы: ім падалося, што жорсткі лёс напаткаў і Бараміра, і Арагорна.

– Мы ўпалявалі й забілі мноства оркаў у лесе, – падышоў Ляголас, – аднак тут ад нас было б болей карысьці. Мы прыйшлі сюды, пачуўшы рог, – і, як бачу, спазьніліся. Ці цяжка ты паранены?

– Барамір загінуў, – патлумачыў Арагорн, – а я непаранены, бо мяне зь ім не было. Ён абараняў хобітаў, пакуль я быў на гары, далёка адсюль.

– Хобітаў! – выгукнуў Гімлі. – Дзе яны? Дзе Фрода?

– Я ня ведаю, – адказаў Арагорн стомлена. – Перад сьмерцю Барамір распавёў мне, што оркі зьвязалі іх. Ён лічыў, яны жывыя. Я паслаў яго абараняць Мэры зь Піпінам і цяпер не пасьпеў дазнацца, ці былі зь імі Сэм і Фрода. Усё, што я раблю сёньня, выходзіць ня так. Што рабіцьме?

– Перш за ўсё паклапоцімся пра загінулага, – прапанаваў Ляголас. – Мы ня можам пакінуць яго, нібы падаль, сярод брудных оркаў.

– Трэба сьпяшацца, – запярэчыў Гімлі, – Барамір сам не хацеў бы, каб мы затрымліваліся. Пакуль яшчэ ёсьць надзея, што хтосьці з нашых жывы ў лапах оркаў, мусім гнацца за імі.

– Мы ня ведаем, зь імі Ахоўнік Пярсьцёнка ці не, – адказаў Арагорн, – ці ж мы пакінем яго? Мо лепей сьпярша адшукаць Ахоўніка? Ліхі выбар перад намі!

– Дык зробім, што мусім, – вырашыў Ляголас. – У нас ані часу, ані прыладаў, каб пабудаваць скляпеньне, годнае нашага сябра, ці насыпаць над ім курган. Хоць мы маглі б скласьці надмагільле з камянёў.

– Такая праца цяжкая й доўгая, – задумаўся Гімлі, – побач няма прыдатных валуноў. Іх давядзецца цягнуць ад берагу.

– Тады пакладзем яго ў човен разам зь ягонай зброяй і зброяй пераможаных ворагаў, – прапанаваў Арагорн. – Скіруйма човен да вадаспадаў Рэрасу, аддамо Бараміра Андуйну. Рака Гондару паклапоціцца пра тое, каб аніякая ліхая пачвара не зьняважыла ягонага цела.

Хутка абшукалі забітых оркаў, сабралі іхнія мечы ды пасечаныя шаломы з тарчамі ў кучу.

– Зірніце! – выгукнуў Арагорн. – Вось азнакі для нас!

Ён выцягнуў з кучы шэра-чорнага жалезьзя два корды зь лёзамі-лісточкамі, аздобленыя золатам і чырваньню. Пашукаўшы яшчэ крыху, дастаў і похвы – чорныя, абсаджаныя маленькімі чырвонымі каменьчыкамі.

– Не, гэта зусім ня орцкі рыштунак! – вымавіў, разглядаючы. – Іх насілі нашыя хобіты. Безумоўна, оркі абшукалі й абрабавалі іх, але корды прысабечыць пабаяліся, бо пазналі працу майстроў Захаду – з чароўнымі рунамі на пагібель Мордару. Ну, цяпер, калі нашыя сябры й жывыя, то бяззбройныя. Я вазьму гэтыя корды. Можа, супраць усялякай надзеі, здолею вярнуць іх.

– А я, – дадаў Ляголас, – зьбяру ўсе стрэлы, якія знойдуцца, бо мой сагайдак пусты.

Пашукаў у кучы й навокал і знайшоў даволі шмат цэлых стрэлаў – значна даўжэйшых за тыя, якімі звычайна карыстаюцца оркі. Зірнуў на іх уважліва. А Арагорн тым часам аглядаў забітых.

– Тут шмат хто ня з Мордару, – вымавіў нарэшце. – Калі я нешта разумею ў орках, дык некаторыя – з поўначы, з Туманных гор. А гэтыя ўвогуле незнаёмыя. I зброя іхняя зусім ня орцкая!

Сярод забітых ляжалі чатыры оркі, нашмат буйнейшыя за астатніх: смуглявыя, касавокія, таўстаногія й дужарукія. Узброеныя кароткімі шыракалёзымі мечамі, а не звычайнымі крывымі шаблямі, а таксама цісавымі лукамі, падобнымі да людзкіх даўжынёю й выгінам. На іхніх тарчах быў дзіўны знак, маленькая белая рука пасярод чорнага поля, а на перадках жалезных шаломаў – выбітая руна "С", вырабленая зь нейкага белага мэталу.

– Ня бачыў я раней гэткіх пазнакаў, – падзівіўся Арагорн. – Што ж яны гавораць?

– "С" – Саўрон, – сказаў Гімлі. – Здагадацца ня цяжка.

– Не, – запярэчыў Ляголас, – Саўрон эльфскімі рунамі звычайна не карыстаецца.

– Як і сапраўдным імем, – дадаў Арагорн, – і не дазваляе яго ані пісаць, ані вымаўляць. I белая фарба – не ягоная. Оркі Барад-дуру носяць Чырвонае Вока.

Арагорн змоўк на хвіліну, раздумваючы.

– Падаецца мне, "С" – гэта "Саруман", – вымавіў нарэшце. – Ліха вырасла ў Ізенградку, і Захад у вялікай небясьпецы. Як і баяўся Гэндальф, здраднік Саруман неяк вызнаў пра нашую вандроўку. Хутчэй за ўсё, выведаў ён і пра Гэндальфаў лёс. Оркі з Морыі маглі прасачыцца за лорыйнскія дазоры ці ўвогуле абысьці гэтую краіну й сягнуць Ізенградку іншымі шляхамі. Оркі вандруюць хутка. А Саруман мае й іншыя крыніцы навінаў. Памятаеце птушак?

– Ну, цяпер няма часу ламаць галаву над загадкамі, – буркнуў Гімлі. – Трэба несьці Бараміра прэч адсюль!

– Але потым усё адно давядзецца разгадваць загадкі, калі мы жадаем правільна абраць наш шлях.

– Мо правільна абраць і немагчыма? – адказаў Гімлі.

Гном сякераю сьсек некалькі сукоў. Іх зьвязалі лучнымі струнамі й пасьцялілі на каркас плашчоў. На гэтых грубых насілках прынесьлі цела паплечніка да берагу, разам з тымі трафеямі ягонай бойкі, якія абралі для апошняга плаваньня разам зь ім. Бераг ляжаў недалёка, але несьці было нялёгка – Барамір быў высокі й надта крэпкі.

Арагорн трымаў варту ля нябожчыка, пакуль Ляголас з Гімлі сьпяшаліся да Парт Галену пехатою. Датуль было зь вярсту ці крыху болей, прайшло колькі часу, пакуль яны вярнуліся, выграбаючы ўздоўж берагу.

– Дзівосныя рэчы, – распавёў Ляголас. – На беразе толькі два чоўны. I аніякіх прыкметаў трэцяга.

– Оркі? – перапытаў Арагорн.

– Не, ...

Быстрая навигация назад: Ctrl+←, вперед Ctrl+→