ЛЯЛЬКА

Баляслаў Прус

ЛЯЛЬКА

Пераклад

Галіны Жарко і Міколы Хаўстовіча

ЯК ВЫГЛЯДАЕ ФІРМА «Я. МІНЦАЛЬ І С. ВАКУЛЬСКІ» ПРАЗ ШКЛО БУТЭЛЕК?

Напачатку 1878 года, калі палітычны свет быў заняты Сан-Стэфанскім замірэннем1, выбарамі новага папы2 альбо мажлівасцю еўрапейскае вайны3, варшаўскія купцы, а разам і інтэлігенцыя ваколіц Кракаўскага прадмесця4 не менш горача абмяркоўвалі будучыню галантарэйнае крамы фірмы “Я. Мінцаль і С. Вакульскі”.

У прэстыжнай харчэўні, дзе збіраліся на вячэру гаспадары крамаў з бялізнаю і вінных склепаў, фабрыканты калясак і капелюшоў, шаноўныя бацькі сямействаў, што жылі з уласных капіталаў, і ўладальнікі камяніц без ніякага занятку, аднолькава шмат вялося размоў як пра ўзбраенне Англіі, гэтак і пра фірму “Я. Мінцаль і С. Вакульскі”. У густых хмарах цыгарнага дыму, навісаючы над бутэлькамі з цёмнага шкла, жыхары гэтага квартала ішлі ў заклад: адны спрачаліся пра перамогу або паразу Англіі, іншыя – пра банкруцтва Вакульскага; адны называлі геніем Бісмарка5, іншыя – авантурнікам Вакульскага; адны крытыкавалі дзеянні прэзідэнта Мак-Магона6, іншыя сцвярджалі, што Вакульскі скончаны вар’ят, калі не што горшае…

Пан Дэклеўскі, фабрыкант калясак, які сваю заможнасць і становішча лічыў вынікам высілкаў у адной нязменнай галіне, а таксама радца Вянгровіч, які ўжо дваццаць гадоў запар быў чальцом-апекуном аднаго і таго ж дабрачыннага таварыства, ведалі С. Вакульскага здаўна і гучней за іншых прадказвалі яму збядненне.

– Бо жабраком і банкрутам, – казаў пан Дэклеўскі, – скончыць урэшце чалавек, які не пільнуецца аднае справы і не здольны шанаваць дарункі ласкавае фартуны.

А радца Вянгровіч пасля кожнай гэткай жа глыбакадумнай сентэнцыі свайго прыяцеля дадаваў:

– Вар’ят! Вар’ят!.. Авантурнік!.. Юзік, нясі яшчэ піва. Якая гэта бутэлька?

– Шостая, пане радца. Служу маланкаю!.. – адказваў Юзік.

– Ужо шостая?.. Як час ляціць!.. Вар’ят! Вар’ят! – мармытаў радца Вянгровіч.

Для ўсіх, хто хадзіў падмацавацца ў тую ж, што і радца, харчэўню – для яе гаспадара, кельнераў і лёкаяў – прычыны бедстваў, якія мусілі абрынуцца на Вакульскага і ягоную галантарэйную краму, былі гэткія ж ясныя, як полымя газовак, што асвятлялі залу. Прычыны гэтыя былі ў неспакойным характары, у авантурным жыцці, зрэшты, у апошнім учынку чалавека, які, маючы гарантаваны кавалак хлеба і магчымасць рэгулярна наведвацца вось у гэткую прыстойную рэстарацыю, добраахвотна адрокся ад рэстарацыі, краму пакінуў на волю лёсу, а сам, з усёю гатоўкаю, якую атрымаў у спадчыну пасля смерці жонкі, падаўся на турэцкую вайну7 зарабляць капітал.

– А можа, і заробіць… Вайсковыя пастаўкі – справа прыбытковая, – умяшаўся пан Шпрот, гандлёвы агент, які быў тут рэдкім госцем.

– Нічога ён не заробіць, – запярэчыў пан Дэклеўскі. – А салідная крама тым часам пойдзе да д’ябла. На пастаўках багацеюць адно жыды ды немцы; нашым розуму на гэта не хапае.

– А можа, Вакульскаму хапае розуму?

– Вар’ят! Вар’ят!.. – прамармытаў радца. – Падай жа, Юзік, піва. Якая гэта?..

– Сёмая бутэлечка, пане радца. Служу маланкаю.

– Ужо сёмая?.. Як час ляціць, як час ляціць…

Гандлёвы агент, якому паводле службовых абавязкаў патрабавалася ўсебаковая і поўная інфармацыя пра купцоў, перанёс сваю бутэльку са шклянкаю на стол радцы і, соладка зазіраючы таму ў слязлівыя вочы, запытаўся прыцішаным голасам:

– Перапрашаю, але… Чаму пане радца называе Вакульскага вар’ятам?.. Ці магу ўслужыць пану цыгаркаю?... Я крыху ведаю Вакульскага. Ён мне заўсёды здаваўся чалавекам скрытным і ганарыстым. Скрытнасць для купца – вялікая вартасць, ганарыстасць – загана, але каб у Вакульскага былі праявы вар’яцтва, гэтага я не прыкмеціў.

Радца прыняў цыгару без асаблівых адзнак удзячнасці. Яго чырвоны твар у абрамленні сівых касмылёў над ілбом, на барадзе і на шчоках нагадваў у тую хвіліну чырвоны сердалік, апраўлены ў срэбра.

– Называю яго, – адказаў ён, павольна адгрызаючы і запальваючы цыгару, – называю яго вар’ятам, бо ведаю яго гадоў… Чакай, пан… Пятнаццаць… сямнаццаць… васямнаццаць… Было гэта ў 1860 годзе… Абедаць мы хадзілі тады да Гопфера8. Ведаў пан Гопфера?..

– Анягож…

– Дык вось, Вакульскі быў тады ў Гопфера кельнерам і даўно ўжо пераваліла яму за дваццаць гадоў.

– У гандлі вінамі і далікатэсамі?

– Так. І як цяпер Юзік, гэтак ён тады падаваў мне піва, нэльсанскія зразы…

– І з гэтае галіны пераскочыў у галантарэю? – перабіў агент.

– Пачакай, пан, – спыніў яго радца. – Пераскочыў, але не ў галантарэю, а ў Падрыхтоўчую школу, а потым у Галоўную школу9, разумее пан?.. У вучоныя яму заманулася!..

Агент пакруціў галавою, паказваючы, як ён здзіўлены.

– Вось дык нумар! – сказаў ён. – Што гэта яму стрэліла?

– Дзіва што! Звязаўся з Медыцынскаю акадэміяй10, з Мастацкаю школаю11… Тады ўсе загарэліся, а ён не хацеў быць горшым за іншых. Удзень абслугоўваў гасцей у буфеце і займаўся рахункамі, а ўночы вучыўся…

– Паганае, відаць, было тое абслугоўванне.

– Такое, як ва ўсіх, – адказаў радца і незадаволена махнуў рукою. – Адно што, не быў ён, шэльма, дагодлівы, ад самага нявіннага слоўца касавурыўся, як бандыт той… Вядома, кпілі мы з яго колькі ўлезе, а ён найбольш злаваўся, калі называлі яго “панам кансільяжам”12. Аднаго разу так вызверыўся на госця, што ледзь да бойкі не дайшло.

– Гандаль, вядома, траціў на гэтым.

– Нічога не траціў! Бо калі па Варшаве разышлася чутка, што кельнер Гопфера хоча паступіць у Падрыхтоўчую школу, дык натоўпы пайшлі туды снедаць. Асабліва студэнты. Аж раілася ад іх.

– Дык пайшоў ён у Падрыхтоўчую школу?

– Пайшоў. І нават здаў экзамен у Галоўную школу. Ну, але… што тут, пан, скажаш, – радца пляснуў агента па калене, – замест таго, каб датрываць навуку да канца, менш чым праз год кінуў ён школу…

– Што ж ён рабіў?

– Вось! Што рабіў… Варыў разам з іншымі тое піва, якое мы да сённяшняга дня ніяк не пракаўтнем, і сам урэшце апынуўся дзесьці ля Іркуцку13.

– Бач ты яго! – уздыхнуў гандлёвы агент.

– Гэта яшчэ не ўсё… У 1870 годзе, маючы трохі грошай, вярнуўся ён у Варшаву. Паўгода шукаў сабе занятак, далёка абмінаючы бакалею, якую па сённяшні дзень на дух не выносіць, аж нарэшце з дапамогаю свайго цяперашняга намесніка Жэцкага ўплішчыўся ён у краму да Мінцлёвай, якая акурат аўдавела тады, а праз год і ажаніўся з бабаю нашмат за сябе старэйшаю.

– Гэта было разумна, – заўважыў агент.

– Пэўна. Адным махам і сам уладкаваўся, і варштат займеў, на якім да скону дзён мог спакойна працаваць. Але ж і пакутаў крыжовых нацярпеўся ён з бабаю!

– Яны гэта ўмеюць…

– Яшчэ як! – правіў далей радца. – Але ж, бач, пан, як часам шанцуе! Паўтары гады таму баба нечым абжэрлася і памерла, а Вакульскі пасля чатырохгадовае катаргі зрабіўся вольны, як птах, маючы багатую краму і трыццаць тысяч рублікаў гатоўкі, на якія папрацавала два пакаленні Мінцляў.

– Шанцуе.

– Шанцавала, – удакладніў радца, – трэба было берагчы сваё шчасце. Іншы б на яго месцы ажаніўся з якою сумленнаю паненкаю ды жыў бы сабе багатыром, бо што тут, пане, казаць, крама з такою рэпутацыяй ды ў такім месцы!.. А гэты вар’ят усё кінуў-рынуў і паехаў зарабляць капіталы на вайне. Мільёнаў яму захацелася ці яшчэ якой трасцы.

– Мо і заробіць, – азваўся агент.

– Хаця б! – абурыўся радца. – Давай, Юзік, піва. Думаеш, пан, што ён у Турцыі знойдзе яшчэ багацейшую бабу, чым нябожчыца Мінцлёва?.. Юзік!..

– Служу маланкаю!.. Едзе восьмая…

– Восьмая? – перапытаў радца. Не можа быць. Зараз… Да гэтага была шостая, потым сёмая... – мармытаў ён прыкрываючыся рукою. – Можа, і восьмая. Як час ляціць!..

Нягледзячы на змрочныя прароцтвы людзей, што цвяроза глядзяць на жыццё, галантарэйная крама “Я. Мінцаль і С. Вакульскі” не толькі не збанкрутавала, але нават цешылася прыбыткамі. Чуткі пра банкруцтва толькі падагравалі цікаўнасць публікі, дык у краму хадзілі ахвотна, а пасля таго, як Вакульскі выехаў з Варшавы, па тавары пачалі звяртацца і расійскія купцы. Колькасць замоваў павялічвалася, быў замежны крэдыт, па вэксалях плацілася рэгулярна, і ў краме было поўна пакупнікоў, якім ледзьве маглі дагадзіць трое крамнікаў: адзін з іх быў дробны бландзін, падобны на гатовага сканаць сухотніка, другі – шатэн з бародкаю філосафа і рухамі прынца, і трэці – фарсун, які насіў забойчыя для прыгожага полу вусікі і ад якога разыходзіліся пахі, як ад хімічнае лабараторыі.

Аднак ні агульная цікаўнасць, ні фізічныя і духоўныя вартасці ўсіх трох крамнікаў, ні нават рэпутацыя саліднае крамы не здолелі б яе ўратаваць ад банкруцтва, каб не быў там загадчыкам працаўнік гэтае фірмы з саракагадовым стажам, прыяцель і намеснік Вакульскага, пан Ігнацы Жэцкі.

КІРАВАННЕ СТАРОГА КРАМНІКА

Пан Ігнацы ўжо дваццаць пяць гадоў жыў у пакойчыку пры краме. За гэты час крама змяняла гаспадароў і падлогу, шафы і шыбы ў вокнах, абсяг дзейнасці і персанал, але пакой пана Жэцкага заўсёды заставаўся такі самы. На той самы падворак выходзіла тое ж смутнае акенца, на тых жа кратах якога вісела павуцінне, хіба таксама дваццаціпяцігадовае даўніны, і дакладна налічвала чвэрць стагоддзя фіранка, некалі зялёная, а цяпер лінялая ад тугі па сонцу.

Пад вакном стаяў той самы чорны стол, абабіты сукном, некалі таксама зялёным, а цяпер ужо проста брудным. На ім – вялізная чорная чарніліца побач з вялізнай чорнай пясочніцай, на гэтай жа падстаўцы – пара медных падсвечн ...

Быстрая навигация назад: Ctrl+←, вперед Ctrl+→