Жыды на Беларусі. Бытавыя штрыхі

Зьмітрок Бядуля

ЖЫДЫ НА БЕЛАРУСІ

Бытавыя штрыхі

Ад аўтара

Ня маючы пад рукамі ніякага належачага да гэтага тэмату матэрыялу, я ні ўдаваўся ў грунтоўную і дэтальную апрацоўку свайго артыкулу, каторы быў напісаны для штодзённай газэты «Беларускі Шлях» па просьбе рэдакцыі.

І вось, дзеля таго што да гэтага часу яшчэ аб жыдох на Беларусі не было напісана ніводнага радку ў беларускім друку, я чую патрэбным даць вышэйпамянёны газэтны артыкул асобнай брашуркай. А калі гэтая брашурка пакіруе на думку каго-кольвечы напісаць аб гэтым сталую працу з дэтальнымі гістарычнымі, эканамічнымі, этнаграфічнымі і статыстычнымі дадзенымі, то мэта мая будзе дасягнута.

І

Некалькі сталецьцяў таму назад жыды перабраліся ў наш край праз Заходнюю Эўропу і Польшчу. Да заняцьця нашага краю Расеяй, яны, апрача волі гандлю, рамесла і жыхарства ўсюды — і па вёсках — мелі яшчэ і сваё самаўпраўленьне — «кагал».

Значнейшыя рэпрэсіі над імі ў нашым краі расейскім урадам былі паўзяты каля 1820 г., хаця ўжо зараз жа пасьля «брацкага» прылучэньня Беларусі да Масквы, што сталася пры апошнім разьдзеле Польшчы ў 1795 годзе, Беларусі надавалася роля жыдоўскага «гета». Кацярына Вялікая ўвяла «еврейский вопрос» у ўнутраную палітыку Расеі, а ў 1800 року паэт Дзяржавін быў камандзіраваны імпэратарам Паўлам I на Беларусь, каб дэтальна пазнаёміцца са становішчам жыдоў і, паводле фактычных дадзеных, апрацоўваць праект рэформы для жыдоў. Дзяржавін пісаў свой праект у Віцебску.

Менскі «кагал» уладжваў з гэтай прычыны сход у 1802 годзе і хлапатаў перад Аляксандрам I аб памякчэньні рэформаў. Перашкаджаючы ўсякімі спосабамі расьсяленьню жыдоўскага элемэнту ў карэнных расейскіх губ.[эрнях] за «шкадлівасьць», расейскі ўрад, лічыўшы Беларускі край чужым, забраным, паволі стварыў тут астрог для жыдоўскай люднасьці, уключыўшы Беларусь у ганебнейшую ў гісторыі царскай Расеі, прагрымеўшую на ўвесь сьвет, так званую «черту еврейской оседлости».

Тут, на Беларусі, болей чым у сумежных краёх жыдоўскага гета, тварыўся іх эканамічны і культурна-нацыянальны быт доўгімі гадамі.

Зразумела, што гэтая творчасьць не магла ні рабіць уплыву на характар краю, як і сама яна павінна была пераняць некаторыя яго асобнасьці, праз што тварыўся натуральны абмен культурнымі вартасьцямі паміж жыдамі і беларусамі.

Суседзтва гэтых дзьвюх нацыяў тварыла такія жыцьцёвыя ўмовы і эканамічныя стасункі, у якіх адна нацыя без другой не магла абысьціся.

Гандаль і рамёствы ў нашым краі разьвівалі жыды. І трэба сказаць, што ў гэтым кірунку яны досыць ажывілі наш край і праз увесь час прыносілі яму шмат карысьці. Паміж іншым, яны тут часткова займаліся і хлебаробствам. З усіх губэрняў эўрапейскай Расеі толькі ў нашых беларускіх губэрнях былі жыды-сяляне, і да гэтага часу яшчэ захаваліся вёскі з адным жыдоўскім насяленьнем.

Месты і мястэчкі, у якіх салідную перавагу мела жыдоўскае насяленьне, давалі беларускім сялянам мажлівасьць нармальнага тавараабмену. Гандляры і рамесьнікі таксама былі неабходныя ў гэтым глухім (у бытнасьці пад Расеяй) краю, дзе не было ніякай эканамічнай культуры.

Кавалі, шаўцы, краўцы былі людзі першай важнасьці і пашаны ў вёсках. Да іх прыходзілі ў свой час, ня толькі па справах іх спэцыяльнасьці, але так сабе: «пагутарыць з разумнымі людзьмі», параіцца аб розных справах і г. д.

Жыды стараліся зьменшыць цэны на прадукты, як у рамёствах, таксама і ў гандлю; яны здавальняліся драбніцамі, бо фізычныя патрэбнасьці былі ў іх вельмі малыя. Дзякуючы пасярэдніцтву ўсюды бываючага жыда-скупшчыка, селянін збываў на мейсцы ўсе свае прадукты. А скупшчык-жыд пры ўсёй сваёй вялікай працы быў такі самы бедны, як яго сусед-селянін, хаця жыд і гарэлкі ня піў.

Прыпісваць толькі адным жыдом спэцыяльнасьць гандлёвага шахермахарства і ўпаіваньня народу гарэлкай нельга: мы добра ведаем, як у вялікарасейскіх губэрнях славянскія «купцы-кулаки» і «целовальники» эксплюатавалі тамтэйшых сялянаў у некалькі стопняў болей, чым тут жыдоўская гандлёвая кляса нашых сялянаў.

Ды наагул бравары ў Беларусі былі панскія, корчмы па трактах жыды арандавалі ад паноў, так што яны былі толькі той сьляпой прыладай у руках паноў, якія праз жыдоў сабе выпампоўвалі апошнія сялянскія грашы.

Нягледзячы на цкаваньне рознымі чарнасоценцамі з Масковіі нашых сялян на жыдоў, наш народ нічога кепскага не рабіў жыдом. У той час, калі ў Расеі чыніліся над жыдамі пагромы і страшэнныя зьдзекі, беларускія сяляне не паддаваліся цёмнай агітацыі. Хлебаробы нашыя не маглі рабіць кепскіх учынкаў над жыдамі, чуючы інстынктыўна ў душы штучнасьць і непраўдзівасьць чарнасоценных ідэяў. Так выходзіла, што вялікія грошы, высыпаныя дзеля пагромнай агітацыі расейскімі ісьцінна-рускімі ўрадамі, падобна сталыпінскаму, у нашым краю, — пайшлі на нішто.

Нідарма ўвосень 1917 г. на Ўсебеларускім зьезьдзе ў Менску прадстаўнікі розных жыдоўскіх партыяў, вітаючы беларусаў, са шчырай удзячнасьцю ўспаміналі аб тым, што на Беларусі ніколі жыдоўскіх пагромаў не было.

ІІ

За ўвесь час сумеснага жыцьця беларусаў і жыдоў на Беларускай зямлі гэтыя дзьве нацыі псыхічна шмат перанялі адна ад аднэй. У мовах, у звычаях, у легендах, у будаўніцтве, у будзённым жыцьці — у іх формы так перамяшаліся, што (болей усяго ў жыдоў) прынялі новую самабытную акрасу.

Ёсьць агульныя жыдоўска-беларускія народныя мэлёдыі, прыказкі, дзе жыдоўская і беларуская мовы перамяшаныя паміж сабою. У беларускай мове ёсьць словы: «хаўрус», «хеўра», «бахур», «адхаіць» і шмат іншых — чыста гэбрайскіх словаў. У жыдоўскай мове беларускіх словаў ёсьць тым болей.

У свой час, у 1911—12 гг., жыдоўскі журналіст і рэдактар розных жыдоўскіх часопісаў, п. Гурвіч, у Вільні зьвярнуў на гэтую справу ўвагу. Сабраўшы цэлы зборнік прыказак і дадаўшы да іх свае тлумачэньні, ён паслаў гэта да друку ў загранічны журнал.

Але гэтага мала. Ёсьць цэлая жыдоўска-беларуская этнаграфія, якая чакае свайго зьбіральніка. Такія прыказкі, як: «Ня добра рэйдэлэ (гаворыць), а добра мэйнэлэ (думае)», — ёсьць соткі.

Вось па жыдоўскім альфабэце жабрацкае клянчаньне, якое жыды сьпяваюць на дзяды:

«Ах, брацьця, галубцы, давайце галоднаму вашаму жабраку хлеба троху.

Алеф, бойс, гімэль, далес, гой, вов, заін, хэс, тэс,

Я — калека, ламака, мучальнік. Не магу служыць у пана. Чым-кольвек

юд, коф, ламэд, мэм, нун самэх, айэн, цэй, цадык, куф,

ратуйце сьляпога татуню.

рэйш, шын, тоф».

Ёсьць вельмі пекная беларуская песьня, якая заканчваецца па-гэбрайску і пяецца на хасыдзкую мэлёдыю:

Бацька, бацька!

Выкупі нашу матку…

Выстрай нашу хатку…

Бяз хаткі ня будзем,

Бяз маткі заблудзім.

Абрамуню, Абрамуню,

Абрамуню!

Дзедушак ты наш!

Чаго ж вы ня просіце,

Чаго ж вы ня моліце

Пана Бога за нас…

Што б вы нас асвабадзілі

Із голус (выгнаньне) вывадзілі,

Нашу матку (народ) выкупілі,

Нашу хатку (Палестыну) выстраілі,

Лэярцэйну (у нашу зямлю) прывадзілі —

Lejarcejnu, Lejarcejnu!

Адказваюць яму зь неба:

Ой ты, сынок, сынок, сынок,

Ня затрогай сваё сэрца.

Матка бэндзе выкуплена

Хатка бэндзе выстроена

Бондзь мондры, чэкай конца[1]

Wnejmar lefonow schoro chadoscho…

(І мы яму скажам новую песьню)

За другім разам:

Lejarcejnu!

Entwert men ihm won ejben.

Вось другая песьня да трох жыдоўскіх патрыярхаў — Абрама, Ісака і Якава:

Стары Абрам, сівы Абрам,

Што ты зажурыўся?

— Bёў сына да Акейдо (ахвяру) —

Дарма патрудзіўся!

Ісак, Ісак, наш ацец,

Быў зьвязан, як баранец:

Сталі ангелы плакаці,

Вялеў Бог адпусьціці.

Якаў, Якаў, бацька наш,

Чатырнаццаць гадоў авец пас.

. . . .

Сем за Рохэль, сем за нас.

Гэтакіх песьняў ёсьць шмат у жыдоў, як сур’ёзныя, таксама і лёгкія прыпеўкі.

Вось на манер талмудычнай сафістыкі ешыбацкі жарт:

«То, шма! (Ідзі паслухай!) Казачка піла пойла эй лэй (або не) піла пойла? Калі скажаш — піла пойла, то чаму бэрдэлэ (барада) суха? Калі скажаш — лэй (не) піла пойла, то чаму экелэ (хвосьцік) мокры? — Тэйка — блайбт акашэ» (пытаньне астаецца неразгаданым).

На матыў «Кол Нідрэй» (малітва на «Страшную ноч») жыды пяюць беларускую песьню: «Як паехаў у карчомку». На жаль, словаў ня памятаю.

У некаторых мейсцах Віленшчыны, па мястэчках, жыды, пераняўшыся забабонамі і міталёгіяй беларусаў, на Купальле сьцелюць хлявы крапівой і папаратнікам, каб ведзьмы малака не адбіралі ў кароў. Нешта падобнае да беларускай каляднай казы ёсьць і ў жыдоў. На Дзяды пры выпіўцы адзін адзяецца казою і пяе беларускія прыказкі ў парадку жыдоўскага альфабэта:

«(Алеф) Антон канцавы,

Мой родны Хведар

Балайло! (уначы).

(Бэйс) Браў ня браў —

Лаяць ня трэба.

Балайло!

(Гімэль) Гразамі горад ня браць,

Балайло!» і г. д.

Жыды вельмі паважаюць беларускую народную мудрасьць. У іх ёсьць такая прыказка:

«Agojescher glajchwort ist wi aidocshe tojre» (сялянская прыказка ўсё роўна, як жыдоўская Тора).

На першы погляд магло б здавацца, што ў пераняцьці культуры адной нацыяй у другой, жыды, як нацыя болей культурная, павінны былі мець перавагу над беларусамі і мець свой большы ўплыў над імі, але ў самай рэчы ёсьць іначай. Першая прычына гэтага тая, што ў гэтых дзьвюх нацыяў няма роднасьці мовы і плямёнаў і тут якраз палякі і расейцы ...

Быстрая навигация назад: Ctrl+←, вперед Ctrl+→