Читать онлайн «Ева ў пошуках Адама»

Автор

Віктар Шніп

Ева ў пошуках Адама

Аповесці, апавяданні

© Шніп В. А. , укладанне, 2016

© УП «Мастацкая літаратура», 2016

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

Генадзь Аўласенка

Тэлефон даверу

Гучная бравурная мелодыя мабільніка загучала так блізка і так нечакана, што юнак нават уздрыгнуў. Ён чамусьці быў упэўнены, што пакінуў мабільнік у вітальні. У кішэні курткі, якую, зайшоўшы ў кватэру, проста шпульнуў абыякава на падлогу побач з бруднымі чаравікамі…

Але аказалася, што мабільны тэлефон пасля той апошняй горкай размовы з Ірынай ён паклаў не ў куртку, а чамусьці засунуў у заднюю кішэню джынсаў. І вось цяпер мабільнік гэты вельмі жадаў пагаманіць са сваім гаспадаром.

З крана з шыпеннем, свістам і нейкім непрыемным булькатаннем вырывалася гарачая вада… Але нават яна не магла заглушыць гэтага ўмольнага жадання мабільніка. «Ну вазьмі ж мяне, вазьмі!» – здавалася, крычаў ён, выглядваючы з задняй кішэні джынсаў, што ляжалі зараз сінім неахайным камяком зусім непадалёку, ля зялёнай кафлянай сцяны.

– Зайка моя! – нечакана змяніўшы танальнасць, загаласіў тоненькім галаском мабільнік.  – Я твой зайчик…

– Ды змоўкні ж ты! – скрозь зубы працадзіў юнак, падфутбольваючы джынсы босай нагой.  – Заткніся! Няма мяне тут! І наогул, нідзе мяне няма зараз, зразумеў?!

Але мабільнік, пэўна ж, анічога не зразумеў, бо ніяк не мог суняцца і ўсё працягваў звонка ды залівіста галасіць… І юнак раптам перадумаў. Тым больш, што вады яшчэ і на палову ванны не набегла.

«А можа… можа, гэта Ірына? – міжволі падумалася яму.  – Можа, яна штосьці такое зразумела і перадумала? Ды не, быць такога не можа… Ці я не ведаю Ірыны?! А калі не Ірына, то хто? Ды якая, блін, цяпер розніца! Хто заўгодна, абы не маці! Маці мне зараз толькі і не хапала!»

Нумар, які высвеціўся на экране, быў незнаёмы і, адчуўшы з прычыны гэтага адначасова і палёгку, і самае горкае расчараванне, юнак, крыху павагаўшыся, усё ж паднёс мабільнік да вуха.

Што ж, час яшчэ быў…

– Слухаю! – сказаў ён сіпата і амаль непрыязна. І адразу ж пачуў у адказ усхваляваны дзявочы голас.

– Алё! Алё! – з усяе моцы пракрычала дзяўчына.  – Алё! Вы мяне слухаеце?!

– Слухаю! – паўтарыў юнак, адначасова дакранаючыся далонню да вады. Занадта гарачая, не ўлезці… трэба халоднай крыху дадаць. Ці не трэба… і так астыне?

– Гэта тэлефон даверу?!

– Чаго?! – Пытанне было настолькі недарэчнае і нечаканае, што юнак нават разгубіўся.

– Гэта тэлефон даверу? – паўтарыла дзяўчына і змоўкла ў чаканні адказу.

А што ён мог ёй адказаць?!

– Чаму вы маўчыце? – спыталася дзяўчына дрыготкім, спалоханым нейкім голасам.  – Я што, зноўку не туды патрапіла?

– Туды! – нечакана нават для сябе самога адказаў юнак.  – Менавіта туды, куды і тэлефанавалі!

Ён змоўк, дзяўчына таксама маўчала… І гэтае ўзаемнае іх маўчанне доўжылася даволі працяглы час.

– Разумееце, я і сама не ведаю, чаму вырашыла раптам патэлефанаваць на ваш нумар, – прамовіла, нарэшце, дзяўчына.  – Проста я… проста ў мяне…

– У вас нейкія праблемы ўзніклі? – спытаўся юнак і адключыў ваду.

Лепш за ўсё было б скончыць размову зараз… і нават неабходна было скончыць яе менавіта зараз, пакуль вада зноў не астыла… Але юнак працягваў трымаць тэлефон каля вуха і з нейкім нават нецярпеннем чакаў адказу на сваё пытанне.