Рэй Брэдбэры

ПРА ВАНДРОЎКI ВЕЧНЫЯ I ПРА ЗЯМЛЮ

Семдзесят гадоў запар Генры Ўiльям Фiлд пiсаў апавяданнi, якiя нiхто не друкаваў, i вось аднойчы а палове дванаццатай ночы ён падняўся i спалiў дзесяць мiльёнаў слоў. Занёс усе рукапiсы ў падвал свайго змрочнага асабняка, у кацельню, i шпурнуў у печ.

— От i ўсё, — сказаў ён i ў роздуме пра сваю марную працу i загубленае жыццё вярнуўся ў спальню, поўную ўсялякiх дзiвосных i рэдкасных рэчаў, i лёг у пасцель. — Дарэмна я стараўся паказаць наш вар'яцкi, ашалелы свет, гэта была памылка. Год 2257, ракеты, атамныя цуды, падарожжы да чужых планет i падвойных сонцаў. Каму гэта па сiле! Спрабавалi, праўда, усе. Ды нi ў аднаго сучаснага аўтара нiчога не выйшла.

Космас занадта неабсяжны, думаў ён, мiжзорныя караблi занадта хуткiя, адкрыццi атамнай навукi занадта нечаканыя. Але iншыя сяк-так з грахом папалам усё ж друкавалiся, а ён, багаты, бяздзейны i гультаяваты, усё жыццё патрацiў марна.

Цэлую гадзiну ён мучыўся такiмi думкамi, а пасля паплёўся праз пустыя пакоi ў бiблiятэку i запалiў лiхтар. Сярод кнiг, да якiх паўстагоддзя нiхто не дакранаўся, ён наўздагад выбраў адну. Кнiзе мiнула тры стагоддзi, старонкi пажоўклi ад часу, але ён упiўся ў гэтую кнiгу i прагна чытаў да самага досвiтку…

У дзевяць гадзiн ранiцы Генры Ўiльям Фiлд выбег з бiблiятэкi, гукнуў слуг, выклiкаў па тэлевiзары юрыстаў, сяброў, вучоных, лiтаратараў.

— Прыязджайце зараз жа! — крычаў ён.

Не мiнула i гадзiны, як у яго сабралася чалавек дванаццаць. Генры Ўiльям Фiлд чакаў у кабiнеце — ускудлачаны, непаголены, аж непрыстойна ўзбударажаны, ахоплены нейкай незразумелай лiхаманкавай весялосцю. Высахлымi рукамi ён сцiскаў тоўстую кнiгу i, калi з iм вiталiся, толькi смяяўся ў адказ.

— Глядзiце, — сказаў ён нарэшце, — вось кнiга, яе напiсаў волат, гiгант, якi нарадзiўся ў Эшвiлi, штат Паўночная Каралiна, у тысяча дзевяцiсотым годзе. Ён ужо даўно спарахнеў, а калiсьцi надрукаваў чатыры вялiзныя раманы. Ён быў як ураган. Ён узнiмаў горы i ўбiраў у сябе вятры. Пятнаццатага верасня тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмага года ён памёр у Балтыморы, у бальнiцы Джона Гопкiнса, ад калiсьцi страшнай хваробы — пнеўманii, i пасля яго застаўся чамадан, напакаваны рукапiсамi, — i ўсе напiсаны алоўкам.

Усе, хто сабраўся ў кабiнеце, паглядзелi на кнiгу.

«Азiрнiся на дом, анёл».

Стары Фiлд вылажыў на стол яшчэ тры кнiгi. «Пра час i пра раку», «Павуцiна i скала», «Табе ўжо не вярнуцца дадому».

— Iх напiсаў Томас Вулф, — сказаў ён. — Тры стагоддзi ён спачывае ў зямлi Паўночнай Каралiны.

— Дык няўжо вы паклiкалi нас толькi для таго, каб паказаць кнiгi нейкага нябожчыка? — здзiвiлiся сябры.

— Не, не толькi! Я паклiкаў вас, бо зразумеў: Том Вулф — вось хто нам трэба! Вось чалавек, якi быў створаны для таго, каб пiсаць пра вялiкае, пра Час i Прастору, пра галактыкi i касмiчную вайну, пра метэоры i планеты. Ён любiў i апiсваў усё нешта такое, велiчнае i грознае. Проста ён нарадзiўся занадта рана. Яму патрэбны быў матэрыял сапраўды грандыёзны, а на Зямлi ён нiчога такога не знайшоў. Яму трэба было нарадзiцца не сто тысяч дзён назад, а сёння.

— А вы, баюся, крыху спазнiлiся, — падкалоў прафесар Боўлтан.

— Ну не! — абсек яго стары. — Хто-хто, а я не дам сучаснасцi абакрасцi мяне. Вы, прафесар, ставiце доследы з падарожжамi ў часе. Спадзяюся, вы ўжо ў гэтым месяцы даведзяце да ладу сваю машыну. Вось вам чэк, суму паставiце самi. Калi спатрэбяцца яшчэ грошы, скажыце толькi слова. Вы ж падарожнiчалi ўжо ў мiнулае, праўда?

— Падарожнiчаў, на некалькi гадоў назад, але не на стагоддзi…

— А мы даб'ёмся стагоддзяў! I вы ўсе, — ён абвёў прысутных няўрымслiвым, гарачым позiркам, — будзеце дапамагаць Боўлтану. Мне патрэбен Томас Вулф.

Усе ахнулi.

— Менавiта так, — пацвердзiў стары. — Вось што я задумаў. Вы даставiце мне Вулфа. Сумесна мы выканаем вялiкую задачу, палёт з Зямлi на Марс будзе апiсаны так, як здольны гэта зрабiць адзiн толькi Томас Вулф!

I ўсе разышлiся, а Фiлд застаўся са сваiмi кнiгамi, ён гартаў старыя старонкi i, кiваючы, мармытаў сам сабе:

— Так, так, вядома! Том — вось хто нам трэба. Том — якраз той самы хлопец для гэтай справы.

Марудна цягнуўся месяц. Днi ўпарта не хацелi развiтвацца з календаром, бясконца доўжылiся тыднi, i Генры Ўiльям Фiлд гатовы быў завыць ад роспачы.

Пад канец месяца ён аднойчы прачнуўся апоўначы. Званiў-надрываўся тэлефон. Фiлд у цемры працягнуў руку.

— Слухаю.

— Гаворыць прафесар Боўлтан.

— Што скажаце?

— Я выпраўляюся праз гадзiну.

— Выпраўляецеся? Куды? Вы што, кiдаеце работу? Гэта немагчыма!

— Даруйце, мiстэр Фiлд. Выпраўляюся — гэта значыць выпраўляюся.

— Дык вы i праўда выпраўляецеся?

— Праз гадзiну.

— У тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмы? Пятнаццатае верасня?

— Так.

— Вы дакладна запiсалi дату? Раптам вы з'явiцеся, калi ён ужо будзе мёртвы? Глядзiце, не спазнiцеся! Пастарайцеся трапiць туды загадзя, скажам, за гадзiну да яго смерцi.

— Добра.

— Я так хвалююся, ледзьве трымаю ў руках слухаўку. Шчаслiва, Боўлтан! Дастаўце яго сюды цэлага i жывога.

— Дзякуй, сэр. Да пабачэння.

У слухаўцы пстрыкнула.

Генры Ўiльям Фiлд ляжаў без сну, ноч адлiчвала хвiлiны. Ён думаў пра Тома Вулфа як пра даўно страчанага брата, якога трэба падняць анi не пашкоджаным з-пад халоднага надмагiльнага каменя, вярнуць яму плоць i кроў, палымянасць слова. I кожны раз яго прабiралi дрыжыкi пры ўспамiне пра Боўлтана — пра таго, каго вецер Часу нясе назад, да зусiм iншых календароў, да зусiм iншых людзей.

«Том, — у дрымоце думаў ён з бяссiльнай пяшчотай так стары бацька звяртаецца да любага, даўно страчанага сына, — Том, дзе ты цяпер? Прыходзь, мы табе дапаможам, ты абавязкова павiнен прыйсцi, ты нам гэтак патрэбен! Мне гэта не па сiле, Том, i нiкому з нас, цяперашнiх, не па сiле. Калi я ўжо сам не магу з гэтым справiцца, дык хоць памагу табе. У нас ты можаш жартам забаўляцца з ракетамi, Том, вось табе зоркi — прыгаршчы каляровых шкельцаў. Бяры ўсё, што душа пажадае, у нас усё ёсць. Табе будуць да густу наша гарэнне i нашы вандроўкi — яны створаны для цябе. Мы, цяперашнiя, — нiкчэмныя пiсакi, Том, я ўсiх перачытаў, i нiводзiн не варты цябе. Я адолеў вялiкае мноства iхнiх твораў, Том, i нiдзе нi на момант не адчуў Прасторы — для гэтага нам патрэбен ты! Дай жа старому тое, да чаго ён iмкнуўся ўсё жыццё, бо, Бог таму сведка, я заўсёды чакаў, што або сам я, або хто другi напiша нарэшце сапраўды вялiкую кнiгу пра зоркi, — i чакаў дарэмна. Якi ты нi ёсць сёння ўночы, Том Вулф, пакажы, на што ты здольны. Гэтую кнiгу ты рыхтаваўся стварыць. Крытыкi кажуць — гэтая цудоўная кнiга ўжо склалася ў цябе ў галаве, але тут жыццё тваё абарвалася. I вось трапiўся выпадак, Том, ты ж яго не прапусцiш? Ты ж паслухаешся i прыйдзеш да нас, прыйдзеш сёння ўночы i будзеш тут ранiцай, як я прачнуся? Гэта ж праўда, Том?»

Павекi Фiлда стулiлiся; замоўк язык, якi лiхаманкава лепятаў усё тую ж настойлiвую просьбу-мальбу; заснулi вусны.

Гадзiннiк прабiў чатыры.

Ён абудзiўся ясным цвярозым ранкам i адчуў у грудзях прылiў хвалявання, якое ўсё нарастала i нарастала. Ён баяўся мiргануць — раптам тое, што чакае яго дзесьцi ў доме, кiнецца наўцёкi, грукне дзвярамi i знiкне назаўсёды. Ён прыцiснуў рукi да худых старэчых грудзей.

Удалечынi… крокi…

Адны за другiмi адчынялiся i зачынялiся дзверы. У спальню ўвайшлi двое.

Фiлд чуў iхняе дыханне. I ўжо распазнаваў хаду. У аднаго дробныя акуратныя маленькiя крокi, нiбы ў павука, — гэта Боўлтан. Поступ другога выдае чалавека рослага, мажнага, грузнага.

— Том? — усклiкнуў стары. Ён яшчэ не расплюшчваў вачэй.

— Гэта я, — пачуў ён нарэшце.

Ледзь толькi Фiлд убачыў Тома Вулфа, вобраз, што быў створаны яго ўяўленнем, лопнуў па ўсiх швах, як занадта цесная апратка на вялiкiм не па ўзросту дзiцяцi.

— Дай я на цябе пагляджу, Том Вулф! — зноў i зноў паўтараў Фiлд, вылазячы з пасцелi. Яго калацiла. — Ды падымiце ж шторы, дайце на яго палюбавацца! Том Вулф, няўжо гэта ты?

Вялiзны, тоўсты Том Вулф пазiраў на яго зверху ўнiз, растапырыўшы цяжкiя рукi, каб не страцiць раўнавагi ў гэтым незнаёмым свеце. Ён паглядзеў на старога, абвёў вачамi пакой, вусны яго ўздрыгвалi.

— Ты якраз гэтакi, як цябе апiсвалi, Том, толькi большы.

Томас Вулф засмяяўся, зарагатаў на ўсё горла — парашыў, мабыць, што звар'яцеў або бачыць нейкi недарэчны сон; ступiў крок да старога, дакрануўся да яго, азiрнуўся на прафесара Боўлтана, абмацаў свае плечы, ногi, асцярожна пакашляў, прыклаў далонь да лоба.

— Гарачкi болей няма, — сказаў ён. — Я здаровы.

— Вядома, здаровы, Том!

— Ну i ночка! — сказаў Том Вулф. — Цяжка мне давялося. Я думаў, нiводнаму хвораму на свеце не бывала гэтак кепска. Раптам адчуваю — плыву — i падумаў: ну i гарачка ў мяне. Адчуваю — мяне кудысьцi нясе — i падумаў: усё, памiраю. Падыходзiць да мяне чалавек. Я падумаў — пасланец Божы. Узяў ён мяне за рукi. Чую — электрычнасцю пахне. Узляцеў я некуды ўгору, бачу — медны горад. Ну, думаю, з'явiўся. Вось яно, царства нябеснае, а вось i брама! Адубеў я з галавы да пят, быццам мяне трымалi ў снезе. Смех бярэ, трэба мне нешта рабiць, а то зусiм рашу, што з глузду з'ехаў. Вы ж не Пан Бог, га? З выгляду нешта не падобны.

Стары засмяяўся.

— Не-не, Том, я не Бог, толькi прыкiдваюся. Я Фiлд. — Ён зноў засмяяўся. Гэта ж трэба! Я гавару так, нiбыта ён можа ведаць, хто такi Фiлд. Том, я Фiлд, фiнансавы туз — кланяйся нiжэй, цалуй у руку. Я Генры Фiлд, мне падабаюцца твае кнiгi. Я перанёс цябе сюды. Падыдзi блiжэй.

I стары пацягнуў Вулфа да шырознага люстранага акна.

— Бачыш у небе агнi, Том?

— Ага, сэр.

— Феерверк бачыш?

Быстрая навигация назад: Ctrl+←, вперед Ctrl+→