Калі расцвітуць чорныя ружы
12%

Читать онлайн "Калі расцвітуць чорныя ружы"

Автор Екатерина Александровна Медведева

Кацярына МЯДЗВЕДЗЕВА

КАЛІ РАСЦВІТУЦЬ ЧОРНЫЯ РУЖЫ

Лянівае сонца рассейвала па вуліцах горада паўдзённую порцыю цяпла. Яго прамяням было ўсё адно, каго грэць і ад чаго адлюстроўвацца. Яны плюхаліся на дарогу, і згубленая кімсьці срэбная манетка пачынала зіхацець. Спаўзалі з флюгера на дахоўку, з'язджалі па вадасцёкавай трубе, ускоквалі на падаконнік. Красаваліся на латуневай, да бляску адпаліраванай дзвярной ручцы. Адзін легкадумны праменьчык сунуўся ў вітрыну кветкавай крамы, але ўвесь перапэцкаўся ў пыле, разачхаўся і, патыкаўшыся пару разоў у каламутнае шкло, сышоў ні з чым.

— Грукаюць, — буркнуў Густаў.

— Хіба? — Валянцін прыслухаўся. — Я нічога не чую. Табе здалося.

Напэўна, і напраўду здалося. Не прымаць жа кожны сонечны прамень сур'ёзна. Гэтак можна яшчэ паверыць, што браткі табе падміргваюць, наготкі просяць зрабіць манікюр, а чайныя ружы падаюцца выключна да чаю.

— Вось колькі з табой знаёмы, Густаў, гэтулькі дзіўлюся, — працягваў садоўнік, задуменна пыхкаючы люлькай. — Быццам бы грубы, нязграбны тып. І адкуль у тваёй галаве такія фантазіі?

Густаў ухмыльнуўся ў адказ. Яго загрубелыя пальцы скручвалі папяросу, рассыпаючы тытунь. Пра чысціню тут даўно не клапаціліся. Калі ў доме няма жанчын, то парадак не так ужо і патрэбны. Дый тытунёвы пылок зусім непрыкметны на падлозе сярод недакуркаў, недагаркаў, недаедкаў ды іншых непрывабных сутнасцей, што раней былі лілеямі і нарцысамі, свечкамі і саспелымі яблыкамі, стужкамі і глянцавай абгортачнай паперай. Да таго ж, праз нямытыя вокны зусім не пранікае святло, так што, наступіўшы ў прыцемку на штосьці, можна было і не адразу здагадацца, што гэта там чвякнула, — агрызак ці абрэзаны і падгнілы бутон.

Не парушала агульную гармонію і шыльда, зусім зарослая брудам і птушыным памётам. Выпадковы наведвальнік не зразумеў бы, што патрапіў у кветкавую краму. А невыпадковых тут не вадзілася: каго пацягне ў непрыбраны, зарослы асотам тупічок са скасавуранымі штыкетамі і сляпымі акенцамі? Сюды хадзілі толькі паштары. Паштарам шанцавала: на ўсіх дамах віселі шыльды з нумарамі.

— У белай ружы зноў лісце трубачкамі скручана, — сказаў Валянцін. — Мабыць, ліставёртка. Мне няма калі — можа, ты сам зробіш палыновы настой ці чамярычную ваду?

Густаў кіўнуў: для ліставёртак гэта дабром не скончыцца. О, колькі дробных насякомых душ ён загубіў хітрымі прыпаркамі і мікстуркамі, пры гэтым зусім не разбіраючыся ні ў батаніцы, ні ў заалогіі, не ведаючы ніводнай лацінскай назвы. Вядома, Густаў не быў варты і падноска таленавітага ды адукаванага Валянціна. Той дзень і ноч карпеў над кнігамі ды раслінамі, апыляў і скрыжоўваў, прышчапляў і чаранкаваў. А пануры велікан Густаў рабіў усю цяжкую і брудную працу. Гноевая жыжка, крывяная мука, птушыны памёт — камусьці ж трэба і гэтым займацца. Ён ніколі не чапаў кветкі, каб не зламаць іх выпадкова нязграбнымі ручышчамі. Пра складанне букетаў яму таксама не даводзілася марыць. Затое, калі патрабавалася ўскапаць градку ці перанесці з дома ў цяпліцу непад'ёмную скрыню з расадай, тут ніхто не спраўляўся, акрамя Густава. Па-свойму ён быў незаменны.

Яны сядзелі і палілі, каб потым вярнуцца да працы. Заднія дзверы крамы вялі ў вялізны сад, а там — бочкі з цёплай дажджавой вадой, бляшаныя палівачкі, кветнікі, і тысячы бутонаў нядбайна ківаюць табе пры сустрэчы, калі, вядома, ты глядзіш на іх, а не акідваеш пільным поглядам лісце ды сцёблы ў пошуках расы. Расу ўмеў шукаць Густаў. Ён жа і змагаўся з ёю. Тытунёвая настойка, зялёнае мыла і медны купарвас, прынады з альховых галінак, пасткі для смаўжоў і шмат чаго яшчэ — усё гэта даручалася яму, каб Валянцін мог спакойна займацца селекцыяй.

Густаў кінуў недакурак на падлогу і пачуў няроўныя крокі. Паўзавялыя лілеі ў вазе з каламутнай вадой таксама пачулі іх і насілу паднялі галоўкі. І павукі замерлі ў павуцінках, і пацішэў цікаўны скразнячок. Толькі садоўнік задуменна паліў люльку, не жадаючы заўважаць цень за шклом вітрыны.

— Пошта, — сказаў Густаў.

— А? — безуважна перапытаў Валянцін. Потым дзверы рыпнулі і адчыніліся.

На парозе стаяла дзяўчына ва ўніформе, з велізарнай торбай цераз плячо. Торба трашчала па швах, набітая газетамі, часопісамі, лістамі ды іншай дробяззю, якой з нуды абменьваюцца людзі.

— Ваш каталог, — абвясціла дзяўчына ветліва. Густаў хмурна ўтаропіўся ў яе. А садоўнік, не гледзячы зусім, працягнуў руку. Дзяўчына парылася ў торбе. — Вось яшчэ насенне, вы заказвалі на пазамінулым тыдні.

— Ах, ужо даставілі! — ажывіўся Валянцін. — Што ж вы, давайце хутчэй! Густаў, распішыся! — і садоўнік сышоў, на хаду зрываючы ўпакоўку з важкага пакета.

— Вось тут, — дзяўчына працягнула Густаву фармуляр. Для гэтага ёй давялося ўстаць на дыбачкі. Густаў быў надта высокім.

Ён напісаў нейкія крамзолі. «Як няёмка атрымалася, я перабіла іх гутарку», — падумала дзяўчына. «Як няёмка, што ў мяне такі жудасны почырк», — спахмурнеў Густаў і заварушыў кусцістымі бровамі, якія зрасліся ля пераносся.

— Колькі вы ўжо ставіце свой подпіс — ніяк не разбяру ваша імя, — з усмешкай заўважыла дзяўчына. Насамрэч імя Густава яе зусім не цікавіла. Яна хацела завязаць размову і затрымацца ў краме, спадзяючыся, што садоўнік з'явіцца зноў. Прызнацца, яна адчувала да яго вялікую пяшчоту.

Густаў прамармытаў сваё імя. Ён канчаткова нахмурыўся і ўжо марыў, каб дзяўчына хутчэй сышла і перастала з яго кпіць.

— Ліза! — яна працягнула Густаву руку. Ён падумаў, што трэба яшчэ дзесьці паставіць подпіс, але не ўбачыў ручкі. Дзяўчына чакала поціску рукі. Ён узяў яе пальчыкі, патрымаў трохі ў сваёй лапе, мімаволі заўважыўшы, якія ж яны малюсенькія, і адпусціў.

— На жаль, я сёння апошні раз да вас прыйшла, — паведаміла Ліза сумна. Не дачакаўшыся ад Густава пытання «чаму?», яна працягнула:

— На пошце кажуць, што мае паслугі ім больш не патрэбны. Занадта павольна хаджу. Да таго ж усім паштарам купілі ровары, а я не магу ім карыстацца.

— Гм, — прамовіў Густаў, каб не маўчаць так доўга.

Тут у дзвярах з'явіўся садоўнік, Ліза адразу заквітнела, а ён спатыкнуўся аб пустую скрыню ад угнаенняў і раздражнёна заўважыў:

— Колькі разоў я прасіў знайсці прыбіральшчыцу? Крама хутка патоне ў смецці!

Ліза ўспыхнула і з надзеяй зірнула на Густава. Ён перахапіў яе погляд — і таксама чамусьці заквітнеў.

— Дык вось! — паказаў ён на дзяўчыну.

— А хіба гэта не паштарка? — здзівіўся Валянцін. — Што ж, хай прыступае зараз жа. А рэчы пакіне ў мансардзе, — і ён выйшаў у сад.

— Я толькі пошту разнясу, — радасна прашаптала Ліза. Азірнулася, ці не бачыць садоўнік, рыпнула дзвярыма і закульгала прочкі.

Першае, што зрабіла Ліза, калі стала прыбіральшчыцай, — адмыла шыльду. Па аблезлай, пакрытай лакам дошцы, з рэшткамі залатой фарбы, вілася напаўсцёртая фраза: «Кветка ад Валянціна». Ад гэтай назвы веяла старадаўнай самавітасцю. Адразу адчувалася, што крама тут прыстойная, і тыднёвай даўнасці ружы з абарванымі пялёсткамі ці зламаную герберу з іголкай у сцябле пакупнікам не падсунуць. Вось толькі надпіс належала тэрмінова абнавіць. Таму Густаў трымаў драбіны, а Ліза, падцягнуўшы рукавы, старанна вымалёўвала літару за літарай. Садоўнік у рэстаўрацыі не ўдзельнічаў, спаслаўшыся на тое, што ён аддае перавагу свежаму водару кветак, а не з'едліваму паху фарбы.

За абедам Ліза прагаварыла задуменна:

— Гэтай шыльдзе час спраўляць стагадовы юбілей...

— А двухсотгадовы — не хочаш? — адгукнуўся Валянцін. — Яна такая ж старажытная, як зямля ў нашым садзе.

— Аднаго я не разумею, — працягнула дзяўчына, — як на ёй апынулася тваё імя?

— У нашай сям'і з пакалення ў пакаленне старэйшага сына называлі Валянцінам. У гонар знакамітага продка-садоўніка. Ну, і каб шыльду не мяняць.

— Старэйшага сына? А я думала, Густаў старэйшы.

— Густаў не з нашай сям'і, — памаўчаўшы, адказаў Валянцін. — Ён проста... проста. Сло­вам, ён тут заўсёды, колькі я сябе памятаю.

— Угу, — пацвердзіў Густаў, і больш яны да гэтай гутаркі не вярталіся. Дый не да размоў было падчас той грандыёзнай чысткі, што распачала Ліза ў старэнькай краме, пакрытай цвіллю. Зіхацела пабеленая столь. Ззялі вокны, вымытыя вадой з воцатам і працёртыя газетнай паперай. Трэшчыны ў драўляным прылаўку зніклі, пазамазваныя расцёртым пчаліным воскам. Знікла векавечная куча смецця з каміна, і дзверы перасталі рыпець, атрымаўшы порцыю масла. Знадворку над дзвярыма Ліза павесіла пазалочаны званочак, каб радасным звонам ён абвяшчаў аб з'яўленні пакупнікоў.

Змяніліся і жылыя пакоі. Абедзенны стол абзавёўся абрусам, на крэслах з'явіліся чахлы, а з нізкай лямпы ўжо не звісалі жмуты павуціння. Зрэшты, па кутах пакоя яго памілавалі. «Павукі не прыносяць шкоды», — заявіла Ліза, — наадварот, яны ловяць мух». Так што павукі сталі часткай яе дзіўнаватай утульнасці — разам са стракатымі палавікамі, размаляванымі парцалянавымі талеркамі і плеценай хлебніцай пасярод стала. Знік тытунёвы дым, у краме імкнуліся больш не паліць. І не перакусвалі прыхапкам, а, як і належыць, снедалі і вячэралі, збіраючыся ўтрох за круглым абедзенным сталом. І смецце кідалі ў кошык. Недагаркі і недаедкі перасталі з'яўляцца на падлозе: калі падлогу кожны дзень хтосьці мые, то смеціць стала неяк няёмка.

Вокны, адмытыя ад пылу і дажджавых разводаў, ізноў ператварыліся ў вітрыны, і Ліза расставіла на іх букеты. Але пакупнікі не прыходзілі, і кветкі журыліся ў шкляных пахавальнях. Ружы павесілі галоўкі, іржавелі гваздзікі, з півонь павольна абляталі пёркі. І нават калі ажывіць іх, падліўшы ў ваду спірту ці капнуўшы ў сярэдзіну кветкі трохі парафіну, — гэта толькі расцягне завяданне на некалькі дзён.

— Шкада небарак, — сказала неяк Ліза, падмятаючы кучу пялёсткаў і лісця з падлогі.

— Каго? — безуважна спытаў садоўнік. Ён праглядаў каталог і не хацеў марнаваць час на балбатню з прыбіральшчыцай.




12%
12%