Читать онлайн "Год дзве тысячы другі. Выбраныя старонкі з дзённіка"

Автор Нил Семёнович Гилевич

Ніл Гілевіч

Год дзве тысячы другі. Выбраныя старонкі з дзённіка

4-га студзеня. Хадзіў на сход у Дом ветэранаў, атрымаў прэмію імя А. Майсені (па “Народнай волі”). Быў у зале і выпушчаны з турмы А. Клімаў, якога зала вітала як нацыянальнага героя, хоць я так і не ведаю: за што? Што зрабіў для беларускай ідэі? Нешта тут ад міфалогіі.

5-га студзеня. Крукам, дзень і ноч, сядзеў над артыкулам пра драматургію Янкі Купалы, пачаты яшчэ ў снежні. Здаецца нешта атрымалася, удалося зрабіць некаторыя важныя акцэнты, асабліва пры разглядзе “Гнязда”.

7-га студзеня. Цэлы дзень перастукваў на машынцы артыкул (учора таксама). І такі дабіў, хоць позна вечарам. Гэта ўжо, можа, дзесяты мой артыкул пра Купалу, — калі лічыць і невялікія газетныя (публіцыстычныя).

11-га студзеня. Заходзіў Конан. Паабедалі, пагутарылі. Паказаў яму папку з рукапісамі (чарнавікамі) “Лысай гары” — ён першы, хто пабачыў гэтыя паперы. Наконт аўтарства ў яго сумненняў не было і раней — неаднойчы мне намякаў пра гэта.

20-га студзеня. Хадзіў глядзець Арсенеў фільм пра Тарашкевіча ў кінатэатр “Змена” — спецыяльны паказ у сувязі з юбілеем. Быў і Арсень. Фільм выдатны. Давялося ўзяць слова і сказаць усё тое ж: што рабілі і зрабілі “ворагі беларушчыны” з намі. І што працягваюць рабіць!.. Якая малайчына Н.М. Макрыцкая, што арганізавала ў сваім кінатэатры такі кіналекторый!..

21-га студзеня. Дачытаў (дагартаў, дакладней) адну здаравенную таміну Я. Будзінаса “Дураки” (Вярцінскі ўсурычыў). Як я не памыляўся ў яе аўтары — гэтым чужым для беларускай культуры чалавеку! Якая хватка! Які цынізм! Вось дзеля чаго ім патрэбна “дэмакратыя”.

22-га студзеня. Званіла з Таргуноў старая настаўніца Вера Васільеўна Малько. Прачытала маю “Ведзьму”, плакала, чытаючы, ну і вось патэлефанавала… Першы водгук на публікацыю (можа, і апошні? Ніхто ж п’ес не чытае).

Закончыў і перадрукаваў прадмоўку да кнігі “Шчыра як на духу”. Апраўдваю задуму выдання, а ці не правалімся мы (“Кніга”) з ёю?

29-га студзеня. Заходзіў брат майго сябра часоў акупацыі Лёні Кулакоўскага — Георгі. Вельмі падобны на Лёню. Божа, колькі ўскалыхнулася ў памяці, на дне душы! Якое вялікае маё няшчасце, што Лёня апынуўся за межамі Беларусі, — як аказалася — назаўсёды. Які быў бы, адчуваю, мне на ўсё жыццё сябар — не з пісьменнікаў, а проста з людзей, з тэхнароў, у прыватнасці (Лёня — інжынер-сталеліцейшчык, — якая прафесія!).

31-га студзеня. Быў на незвычайным вечары ў Музеі Купалы — на прэзентацыі кнігі пра замучаных рэпрэсіяваных у Сібіры беларусаў. Не хапае душы ўсё гэта вытрываць.

1-га лютага. Хадзіў на выставу трох мастакоў Ціхановічаў — дзеда, бацькі і ўнука. Бацька і ўнук — таксама таленавітыя мастакі — пакінулі гэты свет, а дзед (90 гадоў) — яшчэ трымаецца. І трымайцеся, Яўген Мікалаевіч! Трымайцеся! Ваша пазіцыя, Ваша слова — і сёння падтрымка маладых, — маральная, духоўная, чалавечая.

6-га лютага. “Народная воля” змясціла вершы “Дарагія мае грамадзяне”, “Мастак”, “Памяці Куліка”. Пазванілі: Ліс, Марачкін, Сіўчык, Жуковіч і іншыя. Адзін з іншых сказаў: “усе вершаванае сёння на фоне тваіх — г….”.

10-га сакавіка. Сход дэмакратычнай інтэлігенцыі ў Палацы мастацтва наконт Гімна РБ. Браў слова, расказаў, чаму не быў прыняты Гімн у 1991–1994. Прагаласаваў за “Магутны Божа”.

4-га красавіка. Сустрэча на геафаку БДУ. Атрымаў ад зямлячкі кнігі Я. Гладкага. Быў на вечары Смольскага, у філармоніі. Маэстра высокага класа!

6-га красавіка. Хадзіў на выставу Марачкіна і “Пагоні”. Шмат цікавага. Хлопцы працуюць таленавіта і — у належным кірунку.

9-га красавіка. Да паўдня сядзеў у Нацыянальнай Бібліятэцы, гартаў часопісы часоў акупацыі. Пасля абеду — у мастака В.К. Барабанцава, пачаў маляваць (пісаць!) мой партрэт.

23-га красавіка. Быў у Салігорску, з У. Лапцёнкам. Прадавалі мае кнігі. Чытаў школьнікам вершы. І ў ДК. Звычайна, трафарэтна. Без энтузіязму. Гняце людская апатыя. Кніг купілі мала. Няма грошай — у тых, хто кнігу любіць і хацеў бы купіць. Прыходзіла на сустрэчу М.І. Мацюкевіч з дзяўчынкай — вялікая і мужная патрыётка. Не зламалася і пасля смерці сына (забілі бандзюкі).

24-га красавіка. Хадзіў у філармонію на вечар І.М. Шумілінай. Непераўзыдзеная ў нас піяністка. Назад вяртаўся з У. Конанам. Паплакаліся, папракліналі.

26-га красавіка. З Лапцёнкавымі дзяўкамі — у Віцебску. Дзве вялікія сустрэчы: ва ўніверсітэце (адкрываў і вёў рэктар А.У. Русецкі) і ў Доме культуры. Вельмі шмат прадалі маіх кніг. Было безліч пытанняў, у тым ліку вострых. Усіх надзвычай хвалюе лёс Беларусі і беларускай мовы. Арганізатар сустрэч — нястомны І.А. Навумчык. Да прыезду ў абласной бібліятэцы — выстава маіх кніг. Усё было не фармальна, не дзеля “птушачкі”; у Віцебску сапраўды чакалі (як абяцаў Навумчык).

6-га траўня. Вечарам — на прыёме ў пасла Турцыі Шуле Соймал; яна ад’язджае, развітальны (грандыёзны!) банкет. Шкада, што не будзе такога сімпатычнага Пасла.

7-га траўня. З раніцы — у Скарынаўскім Цэнтры. Круглы стол “Дзяржава і культура”. Мала пачуў радаснага. Або “дзяжурнае”. афіцыйнае, або — баязлівае. Пабыў да абеду.

15-га траўня. Пасля абеду — у Нацыянальнай Бібліятэцы. Гартаю беларускія часопісы 1942–1944 гадоў: “Беларуская школа” (па якім я вучыўся), “Жыве Беларусь”, “Беларус на варце”, “Новы шлях”. Неймаверна цікава! Раблю шмат выпісак — у разліку на скарыстанне ў публіцыстычных артыкулах.

17-га траўня. Шаўчэнкаўскі вечар у Музеі Коласа (у двары пад дожджыкам). Гаварыў і прачытаў вершык пра Кабзара. Быў пасол Украіны А.А. Дронь — слаўны чалавек, сябар Беларусі, вялікі патрыёт, сапраўдны сын Бацькаўшчыны. Як выдатна ён разумее нашу беларускую сітуацыю! І колькі зрабіў для ўмацавання нашай дружбы! Як непадобны на яго нашы амбасадары (у бальшыні сваёй)!

18-га траўня. Ездзіў у Ліду (з дзяўкамі Лапцёнка) прапагандаваць выданні “Кнігі”. Трохі лепш, чым было ў Салігорску, але зноў жа — трафарэтна і… нават не ведаю, як сказаць. Свята не было — ні для мяне, ні для прысутных. Бо “прысутныя” — прыгнаныя ў залу навучэнцы нейкага ПТВ. Як раней прыганялі роты дзве-тры салдат (з іх палавіна — нацмены і беларускай — ні бе-моль). Ну, а як іначай? Свабодны вечар паэзіі па аб’яве? Прыйдзе 10–15 чалавек — як было летась у Зэльве. Была такая ганьба — што хоць засілься.

16-га чэрвеня. Быў, па запрашэнні (па вялікай просьбе!), на Сойме Маладога Фронту. Вядома ж, папрасілі выступіць. Сказаў пра самае істотнае — што ўсе надзеі на моладзь. І прачытаў “Кліч да беларускай моладзі”. А моладзь — ёсць!

19-га чэрвеня. Прэзентацыя кнігі “Шчыра як на духу” ў бібліятэцы імя Купалы. Усе (і Законнікаў, і Кудравец, і Вярцінскі) добра гаварылі. І добра пасля пілі віно. Але браў слова і адзін спартсмен, шабліст, чэмпіён, удзельнік “Споведзі” — о, якой дыхнула імпершчынай! Адкрытай і нахабнай. “Пушкин превыше всех! Вы что же — не понимаете? Язык Пушкина изучает весь мир, а вы тут…” і г. д.

1-га ліпеня. Званілі з СП, запрашалі на свята ў гонар Купалы ў Вязынку — каб выступіў на эстраднай пляцоўцы. Не паеду. Каб не трапіць у пастку. Хоць і крыўдна — страшна!

17-га верасня. Хадзіў да рэктара БДУ А.У. Казуліна — прасіў аб вяртанні на кафедру філфака Н.І. Вырашыў у маёй прысутнасці — імгненна. А то дзякаваць Богу!..

21-га верасня. Ездзіў на магілу М. Матукоўскага, а пасля быў і ў яго хаце ў застоллі. Хораша пра яго гаварылі Бураўкін, Сухарукаў, Глебава (вельмі хораша!). Паўспамінаў трохі і я. Побач сядзеў І.М.Л. Усё ў той жа іпастасі — ні то патрыёт Беларусі і беларускай культуры, ні то халуй Масквы. Яшчэ “далазіў”, што я думаю пра Гэнага.

24-га верасня. Адбыўся ХІV з’езд пісьменнікаў. Старшынёй выбралі А.Пашкевіча — не без маёй дапамогі (у сваім слове я заклікаў: даць лейцы маладым!). Выбары ішлі ў аўдыторыі, напалавіну п’янай, і вёў пасяджэнне п’яненькі У. П. У арганізацыйным плане З’езд зусім не падрыхтаваны — відаць, І-ва, ведаючы, што ёй нічога не свеціць, наўмысна самаўхілілася ад падрыхтоўкі З’езда. Яна вельмі хацела, каб ён не адбыўся, каб застацца на пасадзе (як бы цяжка ні было). На маё здзіўленне — я атрымаў толькі 35 галасоў супроць (Быкаў і Барадулін — 59 і 62, Бураўкін — 43). 35 — гэта дробязь, гэта адных запраданцаў столькі было ў зале (да нават больш!).

Слова маё ўспрынялі так, як я і хацеў бы — усё зразумелі і засведчылі сваю салідарнасць, — і ў зале, і пасля ў кулуарах.

20-га кастрычніка. Колькі дзён таму быў на першым пасяджэнні Рады выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Вельмі прасіў увайсці ў Раду дырэктар Мачульскі. Паразважыў — і даў згоду. На нейкі час. Калі толькі што-якое — калі будзе гнуцца не туды, — наша вам!..

30-га кастрычніка. Хадзіў на аргкамітэт па падрыхтоўцы Усебеларускага Сходу інтэлігенцыі, некалькі разоў браў слова ў спрэчках (усё яшчэ лезу, не ўгаманіўся). Быць адным з дакладчыкаў — як ужо размеркавалі, — адмовіўся. Не выцягну. Так і сказаў: не выцягну. Выдыхся да астатку.

Сказаў Б-ну, што пра мяне (якую няпраўду) нясе па “Свабодзе” Быкаў, — зрабіў выгляд, што нічога не чуў, не ведае. А няпраўды, вельмі крыўднай для мяне, абразлівай, — шмат: і Адамовіча я выгнаў з Беларусі, і супроць утварэння БНФ выступіў (заадно з Краўчанкам), і ад сораму за Закон аб мовах галаву апускаў (побач з Дземянцеем!) і сёе-тое яшчэ. Ах, Васіль, Васіль! Як жа ты паблытаў аднойчы мяне з некім! Як жа гэта сталася?!

31-га кастрычніка. Быў і браў слова на адкрыцці выставы Я. Драздовіча. Атрымаў яго альбом — цудоўнае, шыкоўнае выданне. (Марачкін уручыў — у аддзяку за эпіграф з Н.Г., якім адкрываецца кніга.)

Пасля там жа, у Музеі, цэлую гадзіну разглядаў экспазіцыю прац знакамітага фотамайстра 20-х гадоў Льва Дашкевіча. Дзяўчаты паабяцалі зрабіць для мяне адбітак здымка “Палац Тышкевічаў у Лагойску”. Цудоўныя здымкі! Які заслужаны перад беларускай культурай чалавек — і як мала ў нас пра яго ведаюць!

...



25%
25%