Зьвяры-суайчыньнікі
16%

Читать онлайн "Зьвяры-суайчыньнікі"

Автор Сяргей Харэўскі

Сяргей Харэўскі

Зьвяры-суайчыньнікі

«Вось сымбаль твой, забыты краю родны!»

АД АЎТАРА

Розныя істоты сталі сымбалямі розных народаў. Выявы арлоў ды львоў, кенгуру й драконаў, леапардаў і пэліканаў аздабляюць афіцыйныя рэгаліі многіх краінаў.

Сымбаль не абавязкова мусіць быць афіцыйным. Мадагаскар, напрыклад, пазнаюць па самых вялікіх у сьвеце матылях і лемурах, хоць іх няма на дзяржаўнай сымболіцы, затое яны патрапілі на паштоўкі ды маркі.

Для сымбалю бяруцца не абавязкова самыя распаўсюджаныя жывёлы, хутчэй наадварот, - унікальныя. Да прыкладу, у Новай Зэляндыі на манэты б'юць выяву гатэрыі (дзюбагаловай яшчаркі, «сваячкі» дыназаўраў), якая жыве на ланцужку маленькіх выспаў Чатэм, што ў Ціхім акіяне. Гатэрыя - цуд прыроды тых краёў, рэліктавы паўзун, якога няма больш нідзе ў сьвеце. І шануюць яе новазэляндцы як унікум, які выпала берагчы менавіта ім. Гэтак прыходзіць усьведамленьне месца свае нацыі ў сьвеце...

Знакам нацыі можа быць і свойская жывёла. Ахалтэкінскія скакуны й каракулевыя авечкі - красамоўныя сымбалі цярплівасьці й густу туркмэнаў. Які - жыцьцястойкасьці й суворасьці Тыбэту. Элеганцкія драмадэры - караблі пустэльняў - неадрыўныя ад краявіду Арабіі і Сахары. Ламы - ад Андаў, паўночныя алені - ад Ляпляндыі...

Калісьці ў Беларусі было безьліч зьвяроў. Падарожнікаў, якія ехалі нашым краем, гэта моцна дзівіла. У кнізе 1517 году «Трактат пра дзьве Сарматыі», якую напісаў Мацей зь Мяхова, гісторык і лекар, што жыў у Кракаве, можна прачытаць пра тую Беларусь вось што: «...Дзікіх зьвяроў там больш, чым ува ўсім хрысьціянскім сьвеце. Паколькі лясы там вялікія, дык і ловіцца шмат буйных зьвяроў: буйвалаў і лясных быкоў, якіх яны на сваёй мове называюць турамі і зубрамі, дзікіх аслоў і лясных коней, аленяў, ланяў, газэляў, козаў, дзікоў, мядзьведзяў, куніц, вавёрак і іншых зьвяроў...»

Другі падарожнік, Міхалон Ліцьвін, які каля 1550 году напісаў кнігу «Аб норавах татараў, ліцьвінаў і маскавіцян», быў моцна ўражаны колькасьцю рыбы ў Беларусі. «... Паўсюль, дзе ёсьць вада, ёсьць і рыба, - пісаў ён. - У рэках тут мноства асятроў і іншых вялікіх рыбаў, якія ўзьнімаюцца з мора ўверх па рэках, у прэсную ваду. З гэтай прычыны многія рэкі называюцца залатымі, асабліва Прыпяць, якая ў адным месцы, паблізу ад Мазыра, калі ў пачатку сакавіка штогод набіраецца з крыніцаў сьвежая вада, напаўняецца такой колькасьцю рыбы, што кінутае ў яе кап'ё затрымліваецца і стаіць тырчма, нібы ўторкнутае ў зямлю - гэтак густа зьбіваецца там рыба. Я ня верыў бы гэтаму, калі б сам часьцяком ня бачыў, як адтуль чэрпалі рыбу і за адзін дзень напаўнялі ёю да тысячы вазоў, што належаць купцам, якія штогод прыяжджаюць на гэты час...»

Беларусь за сваю гісторыю бачыла шмат відаў жывёлаў, большасьць зь якіх цяпер ужо адышлі назаўсёды. Але гады расейскае й бальшавіцкае акупацыі не прайшлі дарма і для зьвяроў - нашых суайчыньнікаў. Гэтак цалкам зьвяліся ў нашых лясах звычайныя яшчэ гадоў 300-200 таму сарны, туры, расамахі, некалі шматлікія лясныя каты, сабалі, пясцы. У рэках толькі за апошнія 50 гадоў зьніклі рыбы 15 відаў: выразубы, асятры, ласосі ды шмат якія іншыя. Падлічыць колькі прападае драбнейшых зьвяркоў амаль немагчыма. Некаторыя выміраюць і зараз. Магчыма, нават у гэтую самую хвіліну, калі вы чытаеце гэты тэкст...

Якая з нашых жывёлаў-суайчыньніц магла б стацца сымбалем Беларусі? Зубр? Але з роўным правам яго могуць уважаць за свайго й палякі, якім Сталін аддаў палову Белавескае пушчы. Зрэшты, таксама праўда й тое, што менавіта польскія навукоўцы выратавалі зубра перад апошняй рысаю, за якою яго не было б наогул. А сёньня найбольшая папуляцыя зуброў - ува Ўкраіне. Гадуюць іх цяпер і ў краінах Балтыі, у Славакіі, Расеі.

Буслы? Але ніяк ня менш буслоў у іншых краях Эўропы, дзе яны гняздуюць, як і нашыя, пасьля паўгадовага побыту ў Афрыцы. Хіба што чорныя буслы? Але нейкая змрачнаватая выявіцца сымболіка.

А што калі азірнуцца вакол больш уважліва? Заўважыць тых зьвяроў, якіх мы часам не заўважаем, хоць тысячы іх жывуць па суседзтву з намі, пад стрэхамі нашых дамоў, у нашых палях і лясах, у рэках і азёрах... Пра ўсіх, вядома, не распавядзеш. Адных толькі кажаноў у Беларусі пакуль яшчэ больш за 15 відаў! Але паспрабуем хаця б уявіць, якое бязьмежжа формаў нас атачае, колькі ў ім хараства і наколькі яно крохкае.

ХАХУЛЯ

Нідзе па-за межамі нашых краёў, у Эўропе, не існуе гэты зьвярок, якога Вы бачыце на малюнку. Хто гэта? Гэта хахуля. Або Dosmana moschata.

Гэтая істота не прынесла чалавеку аніякае шкоды: і сілкуецца тым, чаго чалавек не ўжывае, - інсэктамі, казюркамі ды сьлімакамі; і жыве там, дзе не жывуць людзі, - у падводных норках пад топкімі берагамі нетаропкіх рэк. Але ў яе адмысловая поўсьць. Зьверху цёмная шэра-бурая, а ўнізе, на трыбушку - срабрыста-белая. Ды яшчэ зьмяняецца ў залежнасьці ад асьвятленьня...

Чалавеку мала апранацца добра, яму трэба апранацца дорага. Выдаткам гэтага чалавечага жаданьня й сталася вынішчэньне безабароннага зьвярка - хахулі.

Вядома ж, прыгожае футра - ня ўсё, што ёсьць у хахулі. Яна мае доўгі й пляскаты хвост, які дапамагае ёй плаваць. Хвост пакрыты дробнымі лускавічкамі ды валаскамі. Для жыцьця ў вадзе прызначаныя і перапонкі, як у качак, на задніх лапах хахулі. Кшталтам качканоса, што з Аўстраліі, хахулю можна было б назваць качкалапам. А пярэднія лапкі ў яе зусім малыя, ледзьве дацягваюцца да даўгаватага й гнуткага носу.

Бліжэйшыя суродзічы хахулі - вожык і буразубка.

Да часу расейскае анэксіі Беларусі хахулі жылі ў Пасожжы. Але ўжо ў 1951 годзе яны вадзіліся толькі на рацэ Асьцёр на Магілеўшчыне. Праўда, у 1982 яе заўважылі на Пцічы. Для іх гэта было, бадай, адзінае месца ў Эўропе. З таго часу іх больш ня бачылі...

БУРАЗУБКА

Да 18 ст. у Новай Зэляндыі амаль не было сваіх сысуноў, а іхныя функцыі перанялі птушкі. Птушкі-драпежніцы й цяпер п'юць авечую кроў, птушкі-вэгетарыянкі ядуць гародніну. Між тым, у нас агульнапрынятая думка, што галоўная страва птушак - казюркі. І што казюрак ядуць менавіта птушкі!.. Але гэта ня так.

У нас, у Беларусі, ёсьць і бяскрылыя істоты, якія пасьпяхова спраўляюцца з «птушыным» рацыёнам. Апроч хахулі, жамярою жывіцца яе бліжэйшы суродзіч - буразубка, таксама з атраду насякомаядных, праўда, зь сямейства землярыйкавых. У Беларусі буразубак тры віды. Адзін зь іх - Sorex araneus.

Гэта буразубка звычайная. Але, ня гледзячы на назоў, мала хто можа сказаць, што бачыў яе. Па-першае, гэта начны зьвярок. А па-другое, гэтую істоту прымаюць за грызуна, хоць, у адрозьненьне ад мышэй, буразубка прыносіць карысьць, зьнішчаючы шкодную жамяру і... мышэй. Апроч гэтага, у яе рацыён уваходзіць насеньне дрэваў.

Буразубка мае выцягнутую ў хабаток пыску й чырванавата-бурыя зубкі. Даўжыня яе каля 7 сантымэтраў плюс 3-5 сантымэтраў хваста, а вага ўсяго 8-15 грамаў. Поўсьць цёмна-брунатная, трыбушок сьветла-шэры.

Сустракаецца буразубка ў тундры й лясох Эўразіі, а ў Беларусі селіцца ў мяшаных лясох, мохавых балатох. Плодзіцца некалькі разоў на год увесну і ўлетку. А ўвогуле лёс яе незайздросны. У акцыях змаганьня з грызунамі дастаецца й буразубцы, нястомнай памочніцы-санітарцы, якая жвава і ўпарта зьнішчае масу шкодных інсэктаў.

ДРАХВА

У Новай Зэляндыі ёсьць адзін сумны сымбаль. Гэта - моа, самая вялікая птушка сьвету (3 м ў вышыню), што была выбітая ў часы Асьветніцтва. Яе амаль сваячка - драхва (Otis tarda), самая высокая птушка Беларусі, напэўна, зьнікла ўжо на прыканцы 60-х гадоў нашага стагодзьдзя.

«Гэта той, хто ў Афрыку пешкам ходзіць», - кажуць пра драхву на Гомелынчыне. І маюць пэўную рацыю. Па-першае, апошнія віды яе сямейства сапраўды жывуць у Афрыцы ды Арабіі, а па-другое, драхва сапраўды нядрэнны хадок. Перад тым, як узьляцець, ёй трэба добра разьбегчыся. Ну, рыхтык стравус (які ўвогуле ня лётае)!

Беларуская драхва колісь была звычайнай жыхаркай паплавоў, палёў ды лесастэпаў ад Горадні да Гомеля, па ўсім поўдні Беларусі. Але такая маса птушынага мяса (пад 20 кг) надта прываблівала спажыўца-чалавека... Апошнюю птушку забілі ў 1926 годзе каля вёскі Вялікі Бокаў Мазырскага павету.

Сёньня ў сьвеце зробленыя сур'ёзныя захады дзеля ўратаваньня драхвы. У Беларусі, магчыма, ужо позна... А колісь гэтая пералётная птушка часам нават не адлятала ў чужыя краі з роднае зямлі. І над палямі лунаў яе ціхі роспачны крык. А пад вясну ў самцоў вырасталі доўгія «вусы» з валаскоў-пёркаў, расквечваўся іхны руда-жоўты ўбор. І зноў у непрыкметных лунках на палёх птушкі адкладалі 2-4 аліўкава-зялёныя яйкі, каб новае пакаленьне пярнатых аўтахтонаў пабачыла нашую зямлю.

Было...

СУСЬЛІК

На мяжы 19-20 стагодзьдзяў у Новую Зэляндыю для паляваньня былі інтрадукаваныя ледзь ня ўсе віды аленяў з розных кантынэнтаў Зямлі. Ня маючы натуральных ворагаў, алені хутка распаўсюдзіліся й наносілі непапраўную шкоду рэліктавай флёры краю. Але пры тым сёньня новазэляндцы маюць такое паляваньне, пра якое могуць толькі марыць паляўнічыя ў Беларусі.

Сусьлік - зусім не аб'ект для ловаў, ды й ніхто яго ў Беларусь не завозіў. Косткі сусьліка вялікага (Citellus major) былі выяўленыя пад час раскопаў верхнепалеалітычнай стаянкі Бердыж у Чачэрскім раёне.

Сёньня ж рабы сусьлік (Citellus suslicus) - звычайны ...




Найкаштоўнейшым камэнтаром да творчасьці заўсёды ёсьці жыцьцяпіс творцы. Усьведамленьне гэтае старое
16%
Найкаштоўнейшым камэнтаром да творчасьці заўсёды ёсьці жыцьцяпіс творцы. Усьведамленьне гэтае старое
16%