Праклятая любоў
3%

Читать онлайн "Праклятая любоў"

Автор Алесь Александрович Жук

Алесь Жук

Праклятая любоў

1

Ваўкі беглі наўскід, маладыя, прыгожыя, лёгкія ў сваёй дужасці. Яны быццам і не спяшалі. Ян здзіўлена глядзеў на іх. Бліскуча льснілася шэрсць. Ваўкі нібы слаліся над халаднавата-засінелым некранутым снегам, толькі з-пад лап лёгенька ўзвіваўся снегавы пылок. Ваўкоў было многа, цэлая зграя.

Адкуль гэтак раптам узяліся яны?

Ян прыспешыў хаду. Снег засыпаўся ў боты. 3 глухаватым адчаем Ян паглядзеў наперад. За полем густа і насуплена ўставаў лес, над ім зелянелася стылае неба. Ва ўсім гэтым, снежным і марозным, было ўжо нешта вясновае, і яно востра пахла жыццём і маладосцю.

Ян паставіў у аўтамат поўны дыск, памацаў у кішэні кажушка гранату. Але холад, які шархнуў па скуры, калі ўгледзеў ваўкоў, не прайшоў: вельмі ж упэўнена, няспешна ішлі яны.

Ён заспяшаў падбегам, таксама малады і дужы. Ён выходзіў цэлы з сутычак не з такімі звярамі, якія мелі салдацкую трэніроўку і аўтаматы.

Таму ў гэтых лясных звярах было быццам нешта знаёмае, нават свойскае.

Ян адчуў, як пацёк па брывах пот, а да лесу аставалася яшчэ далекавата. Сіняе і некранутае ляжала перад ім снегавое поле, роўна наўскід беглі па ім напярэсцікі ваўкі… Неспадзявана Ян заўважыў, што ўсё гэта нібы бачыць збоку: ваўкоў, і поле, і лес, і самога сябе. Адсюль, збоку і зверху, ён разумеў, што ваўкам не пераняць і не дагнаць яго, пакуль не рухне сам у гэтай халоднай пагоні альбо не выдыхнуцца звяры.

А яны не спяшаліся, яны разлічылі сваю сілу надоўга. У яго пачынала рабіцца гарачым у горле ледзяное вечсфовае паветра. Ян задыхаўся і ненавідзеў іх, іхнюю драпе)*^ную прыгажосць і ўпэўненасць. Рашэнне прыйшло імгненна. Ён спыніўся, завярнуўся да пагоні, падняў аўтамат, гатовы спыніць яе раз і назаўсёды…

* * *

Кулеш дыхаў часта і цяжка, адчуваў нават холад на спіне. Ён ведаў, што сасніў сон, але вачэй не расплюшчыў, усё роўна як спадзяваўся, што ўбачыць яшчэ яго канец. Кулеш не баяўся сноў і не верыў у іх правідчую сілу. Сны яму сніліся рэдка, як і звычайна чалавеку, які робіць цяжкую работу і якому за ноч трэба выспацца. Пасля сну Ян мог успомніць здарэнне, з якога вырастаў сон у сваім страшным, недарэчным альбо камічным увасабленні.

Кулеш думаў пра тое, што ніколі ў жыцці не бачыў зблізку ваўкоў, гэтак каб разгледзець на іх кожную шарсцінку. У час вайны іх многа развялося ў лесе, але ў памяці нічога не асталося пра ваўкоў. Можа, таму, што на іх тады не звярталі ўвагі, не да іх было. Адкуль жа ў памяці і бліскучая шэрсць, касцістая пярэдняя лапа, жаўтлявы клык?

Тая забітая пасля вайны ля аўчарні ваўчыца была худая, са злямчанай шэрсцю, у якую набілася ваўчкоў.

Кулеш, нарэшце, з палёгкай успомніў змярканне, снег, адвячоркавую цішыню, у якой коратка пстрыкнуў пастаўлены ў аўтамат новы дыск: ён тады ішоў у штаб на Бялібар. Густа пераліваліся трысняговыя мяцёлкі на балоце, і не было ніякіх ваўкоў. Ён радаваўся, што хутка будзе цёплая хата. Яму было пятнаццаць год, і ў памяці астаўся толькі слабы водгук тае маладое, радаснае сілы.

А першы раз ваўка Кулеш бачыў дзіцем. Яны з бацькам ехалі з лесу. Вялікі шэры воўк выйшаў з-за кустоў і стаў на пагорку непадалёк ад дарогі. Бацька схапіў сякеру, кінуўся да ваўка, каб спалохаць яго. Ён нават закрычаў «дзяржы воўка». Але воўк не падтуліў хвост, не кінуўся наўцёкі, а паволі, быццам нехаця, завярнуўся да бацькі, і той не адважыўся ні бегчы далей, ні крычаць больш. Воўк счакаў якую хвіліну, лена саскочыў убок за кусты і знік гэтак жа нечакана, як і з’явіўся.

Каб зусім адкаснуцца ад таго воўчага загону, Кулеш павёў вачыма па пакоі, у якім стаяў шараваты, як схаладалы верабей, летні ранішні прыцемак. 3 прачыненага акна павявала халадком. Ціха стаяла за акном рабінка, ацяжэлая ад зажаўцелых гронак.

У сенцах, чутно, тупала жонка. Прывезла ад дачкі стракатыя, на абцасіку, хатнія тапачкі. Тут, у хаце, здавала-ся, што жонка бегае па сенцах, таўкучы пятамі ў падлогу. Кулеш ведаў, што гэта абазначае — жонка спяшае, занята неадкладнай і важнай работай. Яшчэ гэтым кавалерыйскім тупатам паказвала, што ў хаце ніхто ёй не ўказ і што захоча, тое і зробіць. Усё знаёма, прывычна, і Куляшу здавалася, што нібы і не з ім гэта ўсё робіцца, а з некім другім, у другой хаце, а ён глядзіць на ўсё гэта на маўклівым тэлевізійным экране.

Спектакль пачаўся яшчэ з учарашняга дня, у абед.

— Трэба было прывезці Ленку… Вунь дзяцей колькі навезлі,— пачала сама Мар’я.

— Канешне, — згадзіўся Кулеш, яму і самому раптам захацелася, каб прывезлі ўнучку. Захацелася звадзіць на цэнтральную, у майстэрню, паказаць гарадскому дзіцяці трактар і камбайн, які бачыла, можа, толькі ў тэлевізары.

— Дык Веры ж не даюць водпуску, на зіму ў іх.

— Вялікая ж ужо, пяць гадоў…

— Ага, чужое дзіця. Мала што даччыно, — Мар’я павысіла голас. — Будзе, як той бабе з Гразаўка, што сын на судзе запатрабуе, каб у турму пасадзілі.

Кулеш ледзь не закашляўся. Страшны мінулагодні выпадак у акрузе ведалі ўсе: старая навязала калодзеж посцілкай, каб прывезеныя з горада ўнукі не ўкінуліся. А тыя якраз і ўзлезлі на гэту посцілку, падскоквалі, пакуль не шамнулі ўніз. I ніхто нічога не пачуў і не заўважыў.

— Кінь пра дурное, — глуха азваўся ён у адказ і адчуў, што патухла радасць, якая нарадзілася ад уяўлення, як пойдзе з унучкай за руку. I адклаў лыжку.

Маці моўчкі прыняла амаль поўную міску і нічога не сказала, паставіла на стол катлеты. Яна заўсёды вось гэтак маўкліва з’яўлялася калі трэба і не гаварыла ні слова. Худзенькая, маленькая ад старасці, яна з дня ў дзень ставіла на стол сняданне, абед, вячэру. I ўсё ў час, усё было ў яе заўсёды гатова, нібы рабілася само сабой.

— Табе даць катлеты ці кілбаса адвараная ёсць у мяне? — спыталася яна ў Мар’і. Чакала адказу, стаяла побач з рослай, раздабрэлай і моцнай целам нявесткай з па-гарадскому падкручанымі і падчасанымі валасамі. Мар’я рабіла прычоску ў цырульні, калі бывала ў дачкі, і потым спала ў касынцы, каб тая прычоска даўжэй захоўвалася. Яна яшчэ выдумала апошнім часам, што ў яе гастрыт, вазіла з горада мінеральную ваду, якая толькі траплялася ў продажы, і патрабавала, каб маці ёй гатавала толькі варанае.

— А чорцяга знае!

Кулеш усміхнуўся: жонка любіла пад’есці і на гульні ў дыету ў яе цярпення хапала ненадоўга.

— Давайце катлеты… Яны свежыя?

— Свежыя.

— Ленка і там прастудзілася… У цябе грошы ёсць?

— Я ж табе аддаў усю палучку.

— Палучка ў цябе!

Мар’я злавалася заўсёды, калі не ставала грошай. Іх не хапала і цяпер, хаця і кватэру дачцэ пабудавалі. А ў саміх расход невялікі — усё сваё з’есці, адзежы напакаваны аж дзве шафы. У гэтых шафах многа пахована і яго механізатарскага заробку, і яе, пакуль працавала даяркай. Тады пра грошы пытанне не ўзнікала, што хацелася, тое купляла. Цяпер, мабыць, напакоўвалі маці і дачка адзеннем шафы там, у гарадской кватэры, пакуль Мар’я тыднямі сядзела ў горадзе. Кулеш спачатку спрабаваў спыняць жонку, але кожны раз гэта канчалася сваркай. Мар’я на ўсю вёску паляравала, што ён дурань, што яна з ім век мучыцца і што не патрэбны ёй яго смярдзючыя мазутам грошы, яна сама на сябе зарабіла, паклала здароўе на кароўніку!.. Тады на вёсцы гаварылі: «Во ў Куляша зноў Мар’я бегае, чуеш, як рыкае?»

Каб спыніць пасмешышча і не было брыдка перад маці, Кулеш усе грошы, якія яшчэ аставаліся, перавёў на сынаву кніжку.

На жонку і на яе выбрыкі перастаў звяртаць увагу.

Мар’я «забаставала», месяцы са два праседзела ў дачкі. Потым вярнулася, на першым часе прыціхла, сядзела на лаўцы і расказвала жанкам пра гарадское жыццё, пра сваіх новых знаёмых, пра тое, як хадзіла ў кіно і ў тэатры. Дачка жыве якраз у тым раёне, дзе дамы для начальства. Відаць, ад гэтай блізкасці да людзей вялікіх і вучоных сама Мар’я пачала цаляць па-руску, найчасцей устаўляла «панімаеш?», не заўважала, што яно выгаворвалася як звычайнае вясковае «памаш».

Увайшла маці, запыталася:

— Ты не спіш? Устань хіба, падвязі да аўтобуса, а то бегае, позніцца ўжо.

— Нечага ездзіць. Дома лепш пасядзела б, работы хватае…

Кулеш ведаў, што маці цяжка цягнуць работу па гаспадарцы. У яе гады ўжо сядзець трэба склаўшы рукі, а яна ўсё пыніць і мужа і нявестку.

— Мама, а дзе мая касыначка, тая, што я прывезла з сабой?

У сваіх шафах, з клункамі, з хусткамі і хустачкамі, Мар’я не разбіралася. Маці павінна была памятаць, што і дзе пакладзена.

Кулеш устаў, адзеўся, спаласнуў твар, выйшаў у гараж, надзеў куфайку, павёў на двор матацыкл, завёў яго, адчыніў вароты і чакаў, пакуль з хаты напудраная і надушаная, з сумкай, звязанай за ручкі нейкім паяском, вырвалася жонка, уселася ў каляску, зірнула на гадзіннік.

Маці выйшла на ганак і стаяла на прыступках.

Калі выехалі за вёску, з узгорка ўгледзелі, што на прыпынку ля цэнтральнай сядзібы ўжо стаіць аўтобус. Па дарозе да вёскі ішла жанчына, якая прыехала першым рэйсам. Мар’я заварушылася, зноў паглядзела на гадзіннік, нават не звярнула ўвагі на жанчыну.

Кулеш заўважыў, што жанчына незнаёмая, прыбавіў хуткасці, пад’ехаў к аўтобусу, калі шафёр ужо завёў матор.

Едучы назад, Кулеш прытармазіў ля жанчыны: сумку яна несла цяжкую. Адзета жанчына была ў шэранькі касцюм, на нагах басаножкі, русыя валасы сабраны на галаве і заколаны заколкай. Жанчына здзіўлена зірнула на Куляша, нечакана такімі знаёмымі блакітнымі вачыма, што ён сумеўся.

— Давай падвязу, — прапанаваў ён і не мог успомніць жанчыну. — Вы да каго?

— Да Варвары Русакевіч.

Кулеш здзіўлена запытаўся:

— Наташа?

— Не, Галя. Сястра…

— А-а, ну правільна…

Правільна, Наташа яго равесніц ...




Яну Кулешу, герою повести «Проклятая любовь», шел шестой десяток, когда он полюбил Галину Русакевич,
3%
Яну Кулешу, герою повести «Проклятая любовь», шел шестой десяток, когда он полюбил Галину Русакевич,
3%