Читать онлайн «Багам ночы роўныя»

Автор Сергей Песецкий

Сяргей Пясецкі

БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ

.

.

.

.

«Абрыдла ўважаць быдла за нябыдла». Норвід Dante «Прамовіць граніт, не прамовяць людзі». Ян Каспровіч, «Зь нізінаў».

.

.

.

СПРАВАЗДАЧА АГЕНТА ВЫВЕДКІ

Берасьце, 18 красавіка 1923 г.

Начальніку ўправы № 6

2-га аддзелу Генэральнага штабу

агента 13-б

Справаздача

5 красавіка 1923 г. пасьля паступленьня на выведную службу я атрымаў наступнае — пробнае — заданьне:

1.  Перайсьці мяжу на ўчастку 29-га памежнага батальёну да 10 красавіка г.  г.

2.  Празь Менск даехаць да Бабруйску.

3.  У Бабруйску дасьледаваць стан крэпасьці і казармаў.

4.  Даведацца, якія вайсковыя фармаваньні дысьлякаваныя ў Бабруйску: нумары палкоў, прозьвішчы афіцэраў.

5.  Настроі салдатаў. Вышкаленьне. Узбраеньне. Матэрыяльнае забесьпячэньне. (Па меры магчымасьці падмацаваць сабраныя зьвесткі дакумэнтамі).

6.  Вярнуцца праз адвольны адцінак мяжы да 15 красавіка г.  г.

На выкананьне спробнага заданьня мне быў дадзены 10-дзённы тэрмін і наступныя матэрыяльныя сродкі:

... ... ... ... ... ... ... ... ... ... ... ... ... ... ... ... ... ... ... ...
... ... ... ... ... ... ... ... ... .

9 красавіка г.  г. а 22-й гадзіне я перайшоў мяжу на адцінку 29-га памежнага батальёну, паміж памежнымі слупамі 607–608, насупраць вёскі Дукаты. Выйшаў на наспу разабранага чыгуначнага шляху і, ідучы ўздоўж яго, накіраваўся на ўсход.

У Менск прыйшоў 10 красавіка г.  г.

У Бабруйск прыехаў 11 красавіка г.  г. Адразу скіраваўся ў штаб 8-ай пяхотнай дывізіі. Увайсьці ўнутро ня мог, бо трэба было ўзяць пропуск у камэндатуры, а ў мяне не было добрых дакумэнтаў. Тады пайшоў да крэпасьці.

Крэпасьць цалкам занядбаная. Казармы ўсё больш руйнуюцца. Некаторыя будынкі ў менш-больш добрым стане занятыя вайскоўцамі. Іншыя стаяць бяз шыбаў і дзьвярэй.

У Бабруйску дысьлякуецца 8-ая пяхотная дывізія, якая належыць да 5-га корпусу (Магілёў). У склад 8-й пяхотнай дывізіі ўваходзяць тры пяхотныя палкі і кавалерыйскі полк. Нумары пп: 21, 22, 23. Полк 23 цяпер разьмешчаны ў Рагачове. Штаб і камэндатура 8-й ПД знаходзяцца ня ў крэпасьці, а ў цэнтры места, каля будынку тэатру.

З асабістых размоваў з салдатамі, з падслуханых размоваў і з уласных назіраньняў я зрабіў наступныя высновы што да пяці пунктаў заданьня:

1.  Настроі салдатаў пэсымістычныя. Вайсковую службу ўважаюць за непазьбежнае зло. Да ўладаў і начальства ня маюць ані прыхільнасьці, ані даверу. Насупраць, адчуваецца зьнеахвочанасьць і крытыцызм. «Палітычныя» пытаньні салдатам ужо абрыдлі. Палітрукоў высьмейваюць і ненавідзяць. Салдаты абыякавыя да ўсяго. Я не заўважыў гэтак уласьцівых маладым салдатам жартаў і грубых досьціпаў. Яны панурыя, злыя, раздражнёныя. Мяркую, што гэта вынікае ня столькі зь зьнеахвочанасьці да вайсковай службы, колькі з агульнай прыгнечанасьці грамадзянаў Саветаў і з клопату пра роспачны лёс пакінутых сем’яў.

2.  Што тычыцца вывучкі салдатаў, то лічу яе цалкам нездавальняючай. Інструктары ставяцца да службы легкадумна, а салдаты ўспрымаюць практыкаваньні як жаданьне ім дакучыць. Вайсковай дысцыпліны (у добрым значэньні гэтага слова) няма. Не відаць салдацкай бадзёрасьці, спрыту, добрай выпраўкі. Нават сяржанты выглядаюць як толькі што пераапранутыя ў вайсковыя мундзіры цывільныя. Ходзяць расхрыстаныя, млявыя, заспаныя.