Читать онлайн «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе»

Автор Аляксандар Лукашук

Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды — XXI стагодзьдзе» выйшла кніга «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Пад адной вокладкай сабраныя матэрыялы, якія больш чым паўтара дзесяцігодзьдзя гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.

У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.

У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.

© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015

Verba et scripta

Сьвятлана Алексіевіч была супраць кнігі з эфіру:

«Гаварэньне і тэкст — гэта розныя рэчы. Трэба шмат працаваць над тэкстам гаварэньня, каб ён быў роўны аўтару».

Так яна адказала на ідэю сабраць пад адной вокладкай яе словы і словы пра яе, якія гучалі на Свабодзе.

Гэтая засьцярога тычыцца літаратуры. Тэкст падчас нараджэньня і ёсьць сам аўтар, ад першай літары да апошняй кропкі, і ў гэтым сэнсе Алексіевіч нічым не адрозьніваецца ад Флябэра, Чэхава ці Быкава.

Адрозьніваецца яе мэтад, небясьпечны, як усё геніяльнае, якое выглядае простым. Аўтар робіцца нябачным і ўсюдыісным, чыстай формай, прасторай і часам. Як сьведчыць досьвед яго пачынальніка Алеся Адамовіча, гэты мэтад лепш за ўсё працуе на мяжы вайны і міру, жыцьця і сьмерці. У сьнежні 1993-га я рабіў зь ім доўгае інтэрвію, апошняе ў яго жыцьці. У канцы Адамовіч сам пачаў задаваць пытаньні — і першае было пра Алексіевіч.

Што адбываецца ў Менску, як яна трымаецца, што казалі ў судзе — толькі скончыўся працэс з нагоды «Цынкавых хлопчыкаў». Я хадзіў на суд, бо кнігу выдала і выдавецтва «Беларусь», калі я быў там галоўным рэдактарам. Дасталася тады і Радыё Свабода, якое абараняла аўтара. Алексіевіч у апошнім слове прынесла асабістыя прабачэньні за боль, які адчулі яе героі, але цьвёрда адмовілася выбачацца як пісьменьніца: «Я пішу, запісваю сучасную, бягучую гісторыю... Гэта дакумэнт і адначасна мой вобраз часу».

Адамовіч любіў Алексіевіч, ёй прысьвечаны ягоны артыкул пра жанр гаварэньня і тэксту, які называўся «Як быць геніяльным». Аўтар у гэтым жанры «звышлітаратуры» працуе з тонамі слоўнай руды, каб засталося золата, і так, паводле Адамовіча, становіцца кангеніяльным, напрыклад, Дастаеўскаму. Нобэлеўскі камітэт пагадзіўся з гэтым меркаваньнем, і імя Алеся Адамовіча разам зь імем Быкава (і Дастаеўскага) удзячна прагучала з вуснаў ляўрэаткі ў сталіцы Швэцыі.

У журналістыцы, тым больш на радыё, гаварэньне не становіцца тэкстам у сэнсе Адамовіча, яно адразу тэкст. Гэта тэкст бягучых падзеяў, рэакцыі на іх, эмацыйнай аргумэнтацыі, пераходных сэнсаў, блізкага кантэксту, аднамомантнай рэальнасьці — іншымі словамі, працэсу, які называюць дыханьнем, быцьцём, шумам жыцьця. У нобэлеўскім сьвятле, аднак, штодзённасьць ператвараецца ў гісторыю, дзе ўсе дарогі вядуць у Стакгольм.