Читать онлайн «Магіла льва»

Автор Янка Купала

Янка Купала

Магіла льва

З народнага падання I Нам продкаў кемкасць захавала Шмат весцяў дзіўных з быўшых год, Хоць гэтых весці ўжо нямала Ў няпамяць кінуў сам народ. Усё ж яшчэ штось засталося Унукам з прадзедаў жыцця... Няхай жа гэтыя калоссі Мінуць скаранне небыцця! Няхай той час, што згінуць мусіў У беспрасветнай векаў мгле, Для беспрыпыннай Беларусі Хоць толькі ў песні ажыве. Збіраць пачнем зярно к зярняці, Былое ў думках ускрашаць, Каб быт на новы лад пачаці І сеўбу новую пачаць. Пачнём дакапывацца самі Разгадкі нашых крыўд і бед, Што леглі цёмнымі лясамі На нашай долі з даўных лет. Пачнём някратаны паданні Сачыць пад бацькаўскай страхой, Шукаць ад рання і да рання, А толькі хай шукае свой. II Над быстрым Днепрам, дзе сягоння Стаяць Магілева муры, Драмала пушча ў сотні гоняў, Змагала громы і віхры. На дрэва дрэва нагінала, Адно к другому прыгняла, Сукі з сукамі пасплятала І з ветрам гутарку вяла. Ваўкоў, дзікоў, ласёў, мядзведзяў Была там днёўка і начлег У летні час, і ў галаледдзе, І ў зімавы глыбокі снег. Людзей не знаў лес гэты хмурны, Зайздросна сцежкі свае крыў, Адно сваім дном Днепра бурны З вясны да восені ўдаль плыў. А з пушчы вырваўшысь на поле, Шумеў і грозны слаў праклён, Што не даваў яму лес волі - Давіў галлём з усіх старон. У гэтай пушчы з перадвекаў - Што так драмала ўдоўж і ўшыр, - Сялібу меў сабе Машэка, Разбойнік страшны на ўвесь мір. III Даўней не зналі так марнеці, Як мы марнеем з году ў год, Асілкаў шмат было на свеце, Быў шмат дужэйшы наш народ.
Асілкам гэтакім ад роду Машэка быў ў сваёй радні, - Дзіцём нясці ўжо мог калоду, Якой трох сталых - не маглі. Але хоць сілу меў такую, - Нікому крыўды не рабіў, - Натуру меў ён залатую, Як бы ягнём, патульны быў. Чаму ён так змяніўся з часам, Што да разбойства давяло, І да крыві людской стаў ласым, Сваё пакінуўшы сяло? Ці дома хлеба меў замала, Ці крыўду вызнаў ад каго, Ці мо прастору не ставала, І ў пушчы стаў шукаць яго? Ўсё гэта не было прычынай, Але, як вестка падае, Была прычынаю дзяўчына, Машэка згінуў праз яе.
IV У вёсцы той, дзе жыў ён змалку, Дзе пасціў, дзе араў, касіў, На воку дзеўку меў, Натальку, Аб ёй адной ён толькі сніў. Былі з сабою адналеткі, На прызбе рыліся ў зямлі, На сенажаці рвалі кветкі, Ўдагонкі разам часта йшлі. Як толькі ён яе дагоніць, Як пёрка носіць на руках, Смяецца, весела гамоніць, Хоць там дзяўчыну мучыць страх. Калі ўжо сталі падрастаці, К рабоце трэ было ісці, Дык ці то ў полі, ці то ў хаце Умелі той таго найсці. Аб чым з сабой тады ўдваёчку Снавалі думкі, сеўшы ў рад, - Пытаць аб гэтым трэба ночку І за акном вішнёвы сад. Жылі... Дзянькі за днямі гналі Так ад вясны і да вясны. Пасля і самі не спазналі, Як палюбіліся яны.