Читать онлайн «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата»

Автор Людмила Рублевская

Людміла Рублеўская

Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата

Раман прыгодніцкі і фантасмагарычны

Пралог

Мора ля прычала смярдзела, як быццам русалкі пераквасілі капусту. Марскую, вядома.

Крываносыя чаіцы брыдка лаяліся хрыпатымі галасамі, забыўшыся, што калісьці карміліся з рук ангельскага святога Баўтрамея і вядуць свой род ад грэцкага князя Кеіка, ператворанага ў птушку. За што ператворанага? А не трэба было параўноўваць сябе са старым раўніўцам Зеўсам, а сваю жоначку — з фанабэрыстай Герай.

Пад бокам каржакаватага партовага маяка матросы ў чырвоных шапках і матросы ў белых шапках лупілі адзін аднаго ў славу родных караблёў, што гайдаліся непадалёк на далоні Ліёнскага заліва, падкурчыўшы ветразі, як вялізныя кажаны-альбіносы — крылы. Нешматлікія гледачы лена спрачаліся, чыя банда пераможа.

Нават Адысей, які дваццаць гадоў плыў да гэтага берага, завагаўся б — ці прычальваць?

Але Адысей быў усё-ткі царом, хоць і дробненькім. А простым людцам і тут было хлебна і рыбна. Порт Латэ гуў, нібыта павятовы сеймік у далёкай ліцвінскай Рэчыцы альбо Наваградку. Мінакі з мястэчка Манпелье, што знаходзілася непадалёк ад порта, у гарах, штурхаліся гэтак жа, як шляхцюкі ў дзвярах менскай ратушы.

Праўда, жанчыну з дзіцем на руках, якая стаяла, кагосьці чакаючы, на прасоленай морам брукаванцы ўзбярэжнай, ніхто штурхануць не насмеліўся б.

І не таму, што матрасня, загарэлая да чарнаты, докеры з аршыннымі плячыма ды партовыя гандляры, увішныя, як вугры, у слаўнай правінцыі Ланге­док раптам пачалі шанаваць высакародных дам. Ну хаця б з нагоды нядаўняга вяселля шаснаццацігадовага дафіна з аўстрыяцкай прынцэсачкай Марыяй Антуанэтай. Не, наконт прынцэсачкі і ейнага нядошлага сужонца яны маглі толькі шчодра адсыпаць слоўцаў, салёных і вохкіх, як мора.

Проста тую жанчыну, што стаяла, трымаючы дзіця, на ўзбярэжнай порта Латэ, немагчыма было штурхануць — столькі годнасці і трывожнага чакання ў паставе.

Не юная, але стройная і вытанчаная, як шахматная фігура. Скура бялюткая без пудры — дый увогуле пані пагарджала бяліламі, чырваніламі ды іншымі неабходнымі даме галантнымі рэчамі. Вялізныя сінія вочы праніклівыя і нават уладныя... А раптам якая герцагіня альбо прынцэса, вымушаная таемна, пад чужым імем, адужваць дарогу? Дый вопратка на ёй вунь якая дарагая... Сукенка з аксаміту колеру спелага каштана, вышытая срэбрам, модны капялюш з заломленымі брылямі і белым пухнатым пёркам, як маленькі карабель з ветразем, пальчаткі з шэрага ліёнскага шоўку, каралі з буйных перлінаў... У белых акуратных кудзерках парыка, як расінкі, таксама паблісквалі перліны. Так старанна прыбіраюцца, калі рыхтуюцца да спаткання з дарагім чалавекам, якога даўно не бачылі, калі так хочацца, каб захапіўся, каб не расчараваўся...

Але дзе ж ён? Пэўне, не варты такой кабеты. Бо толькі апошні бэйбус ды лабідуда мог пакрыўдзіць яе няўвагай. За такіх б’юцца да Пятровых ключыкаў, а не змушаюць чакаць.

Дружны роў засведчыў, што матросы ў белых шапках перамаглі чырванашапачных, і гэтую падзею належала як след адзначыць ромам, джынам, к’янці... Ці што тут яшчэ п’юць, у слаўнай правінцыі Лангедок, пад абсыпанымі ружовай квеценню атрутнымі алеандрамі і дрэўцамі граната з такімі зыркімі чырвонымі кветкамі, што хацелася прымружыць вочы, як ад бляску напоўненага добрым віном крышталёвага келіха.