Алесь Петрашкевіч
Воля на крыжы
Гістарычная драма
Дзейныя асобы
Янка Купала.
Бянігна Іванаўна — яго маці.
Уладзіслава Францаўна — яго жонка.
Ганна — яго сястра.
Якуб Колас.
Усевалад Ігнатоўскі.
Сталін.
Гей.
Панамарэнка.
Рапапорт.
Бэндэ.
Стэнаграфістка.
Кузняцоў, Каваль — следчыя.
Ксёндз.
Жанчына.
Замест пралога
На фоне заслоны асвятляецца постаць Янкі Купалы. Яна нечым нагадвае помнік яму, што стаіць побач з месцам, дзе некалі стаяла яго хата.
Купала (да залы, вельмі задушэўна, з болем).
Я вам не здрадзіў,
Не змяніў,
Бо славіў наш савецкі будзень.
Свой верш сардэчнай чысціні
Ахвяраваў я родным людзям.
Я не чакаў і не гадаў,
Бо жыў з адкрытаю душою.
Што стрэне лютая бяда,
Падружыць з допытам,
З турмою.
Прадажных здрайцаў ліхвяры
Мяне заціснулі за краты.
Я прысягаю вам, сябры,
Мае палі,
Мае бары, —
Кажу вам: я не вінаваты!
(Пасля паўзы. ) То не мой верш. То «Прысяга» Міхася Чарота. Ён выкалупаў яе нечым вострым перад смерцю на сцяне камеры-адзіночкі. Напаткаў і запомніў словы паэта другі паэт-вязень Мікола Хведаровіч…
Каб не сцёрліся з памяці імёны бязвінных пакутнікаў, варта было б устаць усёй грамадою, пералічыць усіх пайменна, ушанаваць хоць хвілінаю смутку. Толькі як пералічыць, калі іх тысячы тысячаў?. .
Святло паволі згасае.
Дзея першая
I
Заслона адкрываецца.
Кабінет Сталіна.
Пасярэдзіне пакоя стаяць Гей і Рапапорт. Сталін моўчкі і доўга ходзіць па пакоі. Разы два нават абыходзіць вакол наведвальнікаў. А тыя, бы марыянеткі, паварочваюцца менавіта ў той бок, дзе ў пэўны момант знаходзіцца Сталін.
Сталін (распаліўшы люльку). …Страна на крутом повороте, я бы сказал, на великом переломе. А белорусы народец тихий, но себе на уме. То им одной культурной автономии в составе России вполне достаточно, то подавай республику в составе РСФСР, а то и сомоопределение вплоть до отделения. Один Жилунович чего нам стоил! Я его еще по Смоленску 18-го знал. И Манифест его хорошо помню. В нем ядовитые корешки нынешнего белорусского национал-демократизма и правого кулацкого уклонизма. Тогда в Северо-Западном крае Свердлов с Иоффе навели порядок. Теперь Гею (тыкае яму пальцам у грудзі) и Раппопорту (таксама тыкае пальцам) предстоит сделать то же самое. Товарищ Сталин хорошо знает товарища Гея по Комиссии советского контроля и направляет к белорусам в качестве первого секретаря ЦК К(б) Белоруссии. О товарище Раппопорте товарищу Сталину много хорошего рассказывал товарищ Берман — начальник главного управления лагерей и поселений, у которого он был боевым заместителем. В Белоруссии возглавит ОГПУ. Товарищ Пилляр на этой должности оказался очень мягкотелым и не бдительным… Думаю, сработаетесь.
Рапапорт (занадта гучна, шчоўкнуўшы абцасамі). Так точно, товарищ Сталин!. .
Сталін. Не торопись и не шуми, дорогой. Не на плацу. ОГПУ — инструмент тонкий и острый. Не сломай и сам не обрежься… Белоруссия — не просто окраина нашей державы. Она — форпост социализма на западе страны. Она была и остается буферной, я бы сказал, санитарной территорией. Там не должно быть наших внутренних врагов и зарубежных шпионов. А их там больше, чем мы можем сегодня терпеть. (Зноў тыкае пальцам у грудзі Гею. )