Читать онлайн «Пракурорка»

Автор Тадеуш Доленга-Мостович

Тадэвуш Даленга-МастовІч

Пракурорка

Раздзел 1

Ён выскачыў з трамвая і адразу падняў каўнер паліто. Накрапваў дождж, змяшаны са снегам, вецер з Віслы працінаў да касцей.

Ён зусім не ведаў гэтага раёна горада. Больш як дзесяць гадоў таму жыў у Варшаве, але Жалібора тады яшчэ не было. На гэтым месцы распасціраліся пакатыя ўзгоркі, тэрыторыя Цытадэлі.

Такой ранняй парой на вуліцы не было ні душы. Ён падышоў да ліхтара і каторы раз зірнуў на цыдулку: Дэмбова, 26.

Страціў добрыя пяць хвілін, выпытваючы ў выпадковага пужлівага мінака пра кірунак, у якім трэба ісці, каб адшукаць вуліцу Дэмбову. Мінак непакоіўся, і не дзіўна. Незнаёмец і сам ведаў, што сваім выглядам не мог выклікаць у яго давер: на шырокіх плячах зношанае і бруднае адзенне, да таго ж тыдзень няголены твар.

З адрывістых звестак мінака вынікала, што трэба павярнуць направа, потым будзе дарога, а за ёй чырвоная камяніца, затым налева і трэцяя або другая вулачка зноў направа. Незнаёмец кінуў мінаку «дзякуй», схаваў здранцвелыя рукі глыбока ў рукавы і хутка пакрочыў.

Ён ведаў, што не заблукае. У яго быў прыроджаны інстынкт арыентацыі на незнаёмай мясцовасці, проста нейкае адчуванне прасторы, якое ніколі яго не падводзіла, ні ў сотнях незнаёмых гарадоў, ні на пакручастых горных схілах, ні ў лабірынтах акеанічных партоў…

Калі звярнуў направа, вецер зноў ударыў яму ў вочы душам вострых, як іголкі, кропель і секануў пад плашч. Калі сцішыў хаду, на шалёнай хуткасці яго абагнаў велізарны аўтамабіль. Да вушэй даляцеў прыглушаны крык, затым ужо добра выразны звон разбітай шыбы — і аўтамабіль знік за паваротам.

Чалавек азірнуўся: на вуліцы нікога не было. Па абодвух яе баках рэдка стаялі маленькія дамкі з цёмнымі вокнамі.

— Ого, — прамармытаў ён сам сабе, — брудная работа.

На павароце ў святле ліхтара ўбачыў некалькі кавалкаў тоўстага шкла.

Махнуў рукой і рушыў далей. Праз некалькі хвілін знайшоў вуліцу Дэмбову, яшчэ менш забудаваную, чым іншыя, і затрымаўся перад вялікай белай вілай.

Высокі жалезны плот, а за ім невялікі садок. Ён націснуў на клямку брамкі. Яна была замкнутая. Ён зазваніў і стаў чакаць. Як звычайна, уважліва азірнуўся. Далей, метраў за дзесяць, а то і больш, у плоце была заязная брама, а за ёй стаяла некалькі гаспадарчых пабудоў. Яны выглядалі мізэрнымі на фоне шыкоўнай трохпавярховай вілы. У вокнах было цёмна. Іх, відаць, шчыльна захінулі або ўсе яшчэ спалі.

Ён зноў націснуў на гузік званка і толькі тады заўважыў шыльдачку ля брамкі:

«Доктар Караль Бруніцкі

праф. Варшаўскага ўніверсітэта».

Між тым, нейкія бакавыя дзверы вілы з шумам адчыніліся і праз хвіліну за брамкай паказалася прысадзістая, амаль квадратная постаць з кіем у руцэ.

— Што такое? — пачуўся хрыплы голас.

— Я да пана прафесара, адчыніце, калі ласка.

Прысадзісты чалавек наблізіў да плота барадаты твар, акінуў прыхадня недаверлівым позіркам і паціснуў плячыма:

— Тут пан нікога не прымае, толькі ў клініцы.

— Я ведаю, але скажыце, калі ласка, пану, што прыйшоў… Факір…

— Хто?

— Факір.

Служка нерашуча павярнуў да дома, але праз пару крокаў затрымаўся: