Янка Купала
Сон на кургане
Абразы
I. У пушчы Сам.
Русалкі.
II. На замчышчы Сам.
Чорны.
Відмы.
III. Пажарышча Сам.
Пагарэльцы.
Вясельная дружына.
Прыстаў.
IV. У шынкоўні Сам.
Шынкар.
Дзяўчаты.
Госці.
Стражнік.
I. У пушчы
Восень. Ноч. Лес. Глуха шумяць калыханыя ветрам елкі і сосны; скрыпяць асіны і бярозы; з шэлестам валіцца на зямлю трупяжоўтае лісце. Паміж трох адвечных дубоў — мохам і галлём усланы ўзгорак-курган: над ім, зачапіўшыся валасамі за галіны дубоў, вісяць тры русалкі і калышуцца. З усёй мячціны вее бязлюддзем, чарам і жудою.
Русалкі (разам)
Гу-та-та, гу-ля-ля,
Гу-ля-ля, гу-та-та!
Ад сучка да сучка,
Ад куста да куста!
Ха-ха-ха! Вось яно,
Вось русалак жыццё,
Пушча — сосны, дубы —
Вось і царства усё.
Жывём самі сабой,
Самі ўмеем мы жыць, —
Ніхто есць не дае,
Не дае ніхто піць.
Днём ляжым, днём маўчым,
Як не жывы мы днём,
А як ночка прыйшла —
Мы жывём, мы пяём.
Так калышамся мы
Ад куста да куста…
Гу-та-та, гу-ля-ля,
Гу-ля-ля, гу-та-та!
Чуваць, затрашчалі сухія сучкі ад нечыіх ног.
1-я русалка
Ці вы чулі, ці не?
Штось трашчыць каля нас.
2-я русалка
Чула таксама я,
Вось напроці якраз.
3-я русалка
Пэўна, воўк ці мядзведзь,
Бо хто ж гэтай парой?. .
Як вядома, хадзіць
Яны любяць сюдой.
1-я русалка
Стукат толькі дзвюх ног.
2-я русалка
Ну, і што ж там за дзіў:
Ў госьці к нам чалавек,
Не інакш, заблудзіў.
Усе тры (разам)
Чалавек, чалавек!
Нездарма пелі мы.
А цяпер хто куды,
Як начніцы, як сны.
(Адчэпліваюцца і разбягаюцца. )
Сам (выходзіць, разглядаючыся)
Хаджу і блуджу я
Ўжо колькі гадзін
І, дзе ні ступлю я,
Не бачу пуцін.
Дубы ды хваіны,
Бярозы, вязы;
Скрыгочуць асіны,
Шыпяць верасы.
Кругом нейкі шорах;
Жуда, пустата;
Па долах, па ўзгорах
Лягла цемната.
То нешта смяецца,
То нешта пяе,
То кліча, здаецца,
То тут жа снуе.
Гоп, гоп! Не чуваці!. .
Адказу няма.
Ой, пушча, ой, маці!
Ты зводзіш здарма.
Ох, зводзіш здарма ты,
Наслаўшы ламоў!
Я траплю дахаты,
Я траплю дамоў!
(Пайшоў далей, разглядаючыся. )
Русалкі(выбегшы з-за кустоў, разам)
Ха-ха-ха, вось дык госць,
Як з зямлі, як з травы!
Чалавек, як і ёсць —
З галавой і жывы.
Ці сюды, ці туды,
Ад калоды, ад пня.
Ўжо не выйдзе ад нас
Аж да белага дня.
Гу-та-та, гу-ля-ля,
Аж да белага дня!
1-я русалка (чапляючыся зноў за сук валасамі)
Як люблю я, люблю
Гутатацца вось так!
Як бы дзе на градзе
Зацвітаючы мак.
Помню, гэта было
На зямлі між людзьмі:
Як любіла ж яго
Сэрцам, думкай сваймі!
Як бажыўся ён мне,
Што так любіць і ён.
Колькі ночак звялі,
Сон ішоў нам не ў сон.
Сон быў гэта, ах, сон.
Зноў зіма па вясне:
Ён пайшоў за другой,
Ён пакінуў мяне.
І тады, ах, тады
Адна сцежка была —
Ці ў раку, ці ў пятлю…
Ну — ў пятлю я пайшла.
І за тое люблю
Гутатацца вось так,
Як бы дзе на градзе
Зацвітаючы мак.