Читать онлайн «Запаветнае. Выбраныя творы»

Автор Янка Брыль

Янка Брыль

Выбраныя творы

Думаючы пра вечнае, бачыць штодзённае

Янка Брыль — класік нацыянальнай літаратуры. Заняў ён гэтае ганаровае месца не па афіцыйным загадзе і не з афіцыйнага дазволу. Многія ягоныя творы сёння сталі хрэстаматыйнымі. Яны вывучаюцца ў школе і ў вышэйшых навучальных установах. Яны ў беларускай літаратуры, найперш у прозе, вызначылі, па сутнасці, стварылі, вельмі яркую і глыбокую лірычную плынь. На канец дваццатага стагоддзя плынь надзвычай перспектыўную. Яны, нарэшце, сталі незаменным набыткам у духоўным жыцці нацыі і народа.

Янка Брыль — пісьменнік-наватар. Наватар па самой прыродзе таленту — непасрэдна лірычнага, па-філасофску заглыбленага. Разам з тым уся творчасць пісьменніка грунтуецца на глыбокім засваенні гуманістычных і рэалістычных традыцый сусветнай літаратурнай класікі, у першую чаргу — расейскай, польскай, беларускай.

На сённяшні дзень Янкам Брылём пройдзены вялікі жыццёвы і творчы шлях. Шлях значны, прыгожы. 4 жніўня 1997 года на гэтым жыццёвым шляху народнага пісьменніка час паставіў вяху, пазначаную лічбай 80. З'явіліся ўжо і вехі з лічбамі 81, 82. Восемдзесят два гады жыцця. Ой, які гэта немалы шлях! Часы, праз якія ён праходзіў, не былі лёгкімі і простымі — ні для краіны, ні для народа. Таксама і для самога пісьменніка. Напэўна ж, і для ягонай творчасці.

Нарадзіўся Янка (Іван Антонавіч) Брыль 22 ліпеня (4 жніўня) 1917 года ў Адэсе: бацька працаваў правадніком на чыгунцы. У 1922 годзе сям'я вярнулася ў вёску Загора (цяпер Карэліцкі раён Гарадзенскай вобласці) на радзіму бацькі. У 1924 годзе бацька захварэў і памёр.

«У маці нас засталося тры хлопцы, старэйшаму з якіх, Мікалаю, не было яшчэ чатырнаццаці год.

За граніцай, якая і не думала адкрывацца, жылі недзе ў горадзе, што стаў для нас, малых, легендай, і скупа пісалі адтуль два старэйшыя нашы браты, маміна горкая гордасць — „вучоныя“».

Янка скончыў польскую сямігадовую школу ў мястэчку Турэц. У 1931 годзе паступіў у Наваградскую гімназію. Вучыцца не змог: трэба было дапамагаць па гаспадарцы. Узмоцнена займаўся самаадукацыяй, шмат чытаў, захапляўся творчасцю і вучэннем Льва Талстога. У 1939 годзе, у сакавіку, быў прызваны ў польскую армію. Служыў у марской пяхоце. Удзельнічаў у абарончых баях пад Гдыняй, дзе трапіў у нямецкі палон. Увосень 1941 года з двума сябрамі ўцёк на радзіму. Удзельнічаў у партызанскім руху, супрацоўнічаў у падпольным друку. Пасля вызвалення Беларусі працаваў рэдактарам мірскай раённай газеты «Сцяг свабоды». Пазней працаваў у часопісе «Вожык», Дзяржаўным выдавецтве БССР, намеснікам рэдактара часопісаў «Маладосць» і «Полымя». У 1966–1971 гадах Янка Брыль — сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР.

Можна сцвярджаць: свае творы — у іх падзейнай і эмацыйнай аснове — Брыль спачатку пражыў і перажыў у рэальным жыцці. Усё ў іх асабістае, адчутае, перажытае, выпакутаванае. А жыццё рэальнае аж да краёў было насычана падзеямі агульназначнымі, падзеямі багатага грамадска-сацыяльнага зместу. Яны для Брыля і ў Брыля сталі асабіста ягонымі — і ў жыцці, і ў творчасці. Таму, пішучы пра сябе, Брыль заўсёды піша пра жыццё роднага краю, жыццё народа. Зноў жа, пішучы пра падзеі агульназначнага зместу, ён піша пра свае адносіны да іх, сваё разуменне іх, сваё месца ў іх.