Читать онлайн «Вастрыё стралы»

Автор Алесь Разанаў

Алесь Разанаў

ВАСТРЫЁ СТРАЛЫ

Версэты, паэтычныя мініяцюры

Падрыхтаванае на падставе: Алесь Разанаў, Вастрыё стралы. Версэты, паэтыч. мініяцюры, — Мінск: Мастацкая літаратура, 1988. — 159 с.

ISBN 5-340-00061-3

Copyright © 2015 by Kamunikat. org 

БЯЗМЕЖЖА Палову жыцця падаюся ў свет, палову — варочаюся са свету, палову жыцця пішу на дарозе свае імёны,  палову — закрэсліваю напісанае,  палову жыцця расту ад зямлі, палову — расту з зямлёю: i ўсё менш ува мне мяне, i ўсё больш бязмежжа. ПЯРЭЧАННЕ Яшчэ здольны балець, яшчэ здольны пакутаваць, яшчэ здольны памерці, я разбіваю душу i рукі аб камяні i сцены, якія мяне абступаюць. Я парываюся з мінулага ў сёння, з бяспекі ў свабоду. Але мы твая абарона,— пярэчаць мне камяні i сцены,— мы тваё вонкавае цела, мы ратуем цябе ад спёкі i сцюжы, ад агню i вады, ад кулі i шаблі, бо ты яшчэ не здольны не балець, бо ты яшчэ не здольны не пакутаваць, бо ты яшчэ не здольны не памерці. НАВОБМАЦАК Мы рухаемся навобмацак. Калі настае дзень — мы заўважаем, што нам светла, калі настае ноч — заўважаем, што цёмна, калі адхіляемся з дарогі, калі забягаем наперад альбо калі адстаём — тады непазбежна вяртаемся на ранейшае месца. Мы рухаемся з адной цяперашнасці ў другую i як сваю долю прымаем тое, што ёсць. Наша дарога праходзіць праз нашы сэрцы, кожны наш крок — гэта крок за небакрай, i ў кожным нашым імгненні змяшчаецца ўвесь час. ШЫЛЬДАЧКІ На дрэвах — шыльдачкі. На ix напісана, колькі якому дрэву гадоў, як яно называецца, якая яго таўшчыня i вышыня. Людзі праходзяць міма дрэў, не заўважаючы ix, — яны чытаюць шыльдачкі... A сведчанні дрэў так i застаюцца непачутыя, a пісьмёны дрэў так i застаюцца непрачытаныя.
У КРУЗЕ Свет бязмоўна дапытваецца ў мяне, куды я іду. Але хіба я ведаю сваю канчатковую мэту? Я толькі спраўджваю тое, на што здатны, што вымагае ад мяне жыццё: засмяглы — п'ю ваду, галодны — ем хлеб, зняможаны — адпачываю, адпачыўшы, імкнуся наперад — i апынаюся на сваіх слядах. Я ў крузе, дзе слова шукае Слова, а чалавек — Чалавека. ПТАХ Вялізны хцівы птах пагойдваецца нада мною. Я ведаю: ён чакае маёй загубы. Тады ён з галодным хрыплым крыкам апусціцца на маё цела i цвёрдай глюгай ударыць мне ў твар. Я напінаю лук i выпускаю стралу. Страла, не даляцеўшы да птаха, падае долу. Я падбіраю яе i зноў прыладжваю да лука: зараз я паспрабую стрэліць вышэй... Але на ранейшым месцы птаха ўжо не аказваецца. Нібы нешта надумаўшы, ён пералятае наперад — туды, куды іду я. Бяскрайні стэп. I мы двое: я i птах — мой пракаветны вораг. Ён адзін суправаджае мяне на маёй жыццёвай дарозе. Дый, урэшце, як бы я ведаў, куды мне ісці, калі б ён час ад часу не залятаў наперад?!.