Змітрок Бядуля
У дрымучых лясах
Паўвека таму назад
Навакол, куды ні глянеш, шумелі лясы.
З аднаго боку высіліся бронзавыя хваіны, з другога боку гарызонт быў заслонены разнастайнай лісцяніцай. Калі над зубчатымі грэбнямі лясоў разгульвалі вятры, хаты маленькага мястэчка Пасадзец былі аглушаны гулам лясоў, нібы шумам своеасаблівых вадаспадаў.
Звінелі шыбы акон. У комінах вятры свісталі, вылі, галасілі, рагаталі. Дарослыя людзі глядзелі ў вокны, ківалі галовамі, гаварылі аб сухавеях, якія прагульваліся тут дзесяткі год таму назад. Быў тады сухмень. Прапаў ураджай. Людзі гінулі з голаду, нібы мухі.
На мяне гэтыя гутаркі наганялі страх. Бабуля гаварыла, што ў лясах і балотах чэрці вяселле спраўляюць — ад іх і вецер. Калі б трапіць на полі ў самую крутню ветру, што ўзнімае лісце і пыл і круціць на адным месцы, нібы ў паветраным віры, ды кінуць туды нож, гартаваны тры разы і апушчаны ў ваду тры разы, — нож трапіць у чорта. На нажы будзе кроў. Калі гэтай крывёй вымажаш лоб, станеш невідзімкай.
Ужо, калі я вучыўся ў школе, я аднаго разу прабаваў так зрабіць, але кроў не паказалася. Я быў упэўнены, што няправільна падрыхтаваў нож для такой важнай справы. А мне так хацелася зрабіцца невідзімкай, каб уцячы са школы…
Навакольныя вёскі бадай злучаліся з мястэчкам у адно. Зімою пад вокнамі вылі ваўкі. Яны часта падкапваліся пад хлявы і душылі авечак. Па лясах гаспадарылі мядзведзі. Наладжваліся аблавы. Прыязджалі паляўнічыя з усяго павета. На такіх аблавах бывалі і чалавечыя ахвяры. Не ад звера гінуў чалавек, але ад кулі неасцярожнага стральца.
. . . . . . . . . .
Яркімі ўспышкамі паўстаюць у маёй памяці абразкі самага ранняга дзяцінства.
Я хворы на коклюш. Мяне душыць кашаль. З-за мяне маці не спіць цэлымі начамі. Яна таропіцца ў мяне з пакутай і спалохам у вачах. Я кашляю так цяжка, што часта трачу прытомнасць. Кожны раз прачынаюся ад дажджу. Гэта маці набірае з конаўкі поўны рот вады і пырскае ў мой твар.
Я зрабіўся капрызным, злым. Усё раблю мацеры наперакор. Калі маці дае мне есці — я не ем. Есці прашу ўночы, і маці грэе мне на трыножніку кашку. Свавольнічаю і шкоджу ў хаце, колькі мне хочацца. А няхай маці спрабуе на мяне крычаць і злавацца, я тады наўмысле пачынаю кашляць і траціць прытомнасць. Я так налаўчыўся, што магу страціць прытомнасць, калі мне толькі ўздумаецца.
Я тыраню маці ўдзень і ўночы. Мой кашаль — мая пякельная сіла, якая бароніць мяне ад маіх злоўчынкаў. З-за майго кашлю маці пакутуе больш за мяне. Яна заве мяне не па імені, а «нядоляй»:
— Нядоля мая, ідзі есці!
— Нядоля мая, ідзі спаць!
— Нядоля мая, не хадзі да рэчкі!
Я прывык да гэтага слова і зусім спакойна на яго адклікаюся.
Маці задумала лячыць мяне. Яна ўзяла мяне за руку і вядзе да бабулі Евы. Я хістаюся ад слабасці. Галава ходырам ходзіць. Вось-вось упаду. Я стагну працягла і жаласліва, як дзед. Я малю і прашу:
— На рукі… На рукі…
— Ой, нядоля ты мая… — кажа маці і бярэ мяне на рукі.
Хатка Евы маленькая, бы скрынка. Па ўсіх шчылінах закураных сцен тырчаць пучкі сушаных траў і кветак. І твар Евы нагадвае сушаную бульбіну. Пахне дымам і рознымі кветкамі. Я пачынаю кашляць мацней. Ева доўга шэпча нада мной нейкія словы. Нарэшце яна робіць гнеўныя вочы і кажа мне ў самы твар: