Читать онлайн «Пчала пачала паломнічаць»

Автор Алесь Разанаў

Алесь Разанаў

ПЧАЛА ПАЧАЛА ПАЛОМНІЧАЦЬ

Вершаказы

Падрыхтаванае на падставе: Алесь Разанаў, Пчала пачала паломнічаць: вершаказы — Мінск: I. П. Логвінаў, 2009. — 132 с.

ISBN 978-985-6901-38-9

Карэктар Г. Міхалюк

© OCR: Камунікат. org, 2011

© Інтэрнэт-версія: Камунікат. org, 2011

ГЛІНА

Гліна — «мгліна»: яна спіць у імглістай глыбіні і сніць свае запаветныя «маглівасці».

Для каменя гліна — адліга, для вады — «лыга», але чаго нелыа зрабіць з каменю ці з вады, льга з гліны.

Гліна гнуткая, як галіна, і лінія яе паводзін супадае з лініяй паводзін надвор'я: загаспада-рыць спёка — і гліна спякаецца, нібы крыца, ліне дождж — і гліна «ліняе» і ліпне да ботаў, да пахлапнёў, да галёшаў, якімі, як лінатыпамі, вандроўнікі выдрукоўваюць свой «глінапіс».

Гліна — галетніца: у ёй няма нічога лішняга, і гніль не здольная да яе падступіцца, і голад не здольны яе праглынуць.

Чалавек вырабляе з гліны ўсялякія рэчы: кафлю, цагліны, глякі,— але і сам ён з гліны, і да канца сваіх дзён ён лепіць з сябе такі твор, які адпавядае яго ўяўленням, задумам і ўчынкам: нягеглы і глёўкі — калі яны глёўкія і нягеглыя, «гімалайны» і «галілейны» — калі гэтакія яны.

З гліны ўсё паўстае, і ў гліну ўсё гіне.

Гліна — нігіль, нішто, але ў боскіх руках яна становіцца геніяльнай.

ДОЖДЖ

Дождж даўгажданы, доўгажаданы. Ён «доіцца» з неба і дагаджае атожылкам руні, дрэвам, усёй зямлі — ён іхні заўсёдны добраахвотны даўжнік.

Дождж прыходзіць як боскі адказ на стара-славянскую — старасялянскую — малітву: «Хлеб наш насущный даждь нам днесь».

Дождж добры, дождж дужы, калі ён у меру, у дозу, у «досыць» і калі ў пару — у сяўбу, а не ў жніво і ў дажынкі.

Дождж падарожнічае ўдоўжкі і ўшыркі, без сцежак і без дарог, і там, дзе ён пабывае, жыццё адраджаецца нават з прысаку, нават з жуды.

ДУБ

З усіх дрэў дуб самы дужы, самы векавечны, самы даўні і самы будучы — ён увасабляе сабою трыяду часу: даўніну, цяпершчыну і будучыню і сваім існаваннем сцвярджае: быў, ёсць, буду.

Аб дубе бытуюць паданні, але сам ён не дбае аб тым, каб каму-небудзь падабацца: уся яго турбота, каб і ўлетку, і ўзімку быць сабою самім — дубам.

Усё, што робіцца з дуба, усё, што з яго будуецца, мае адменны характар: яно трывалае, яно добрае — яго не паточыць шашаль і ў ім не наробіць гнёздаў цвіль.

Дуб і падобны да ўсіх іншых дрэў, і адроз-ніваецца ад іх менавіта сваёй большай драўлянасцю, дрэвавасцю: ён дрэва ў дрэве кроці, у два разы, у «дубль».

Дуб — тутэйшае дрэва ведаў: на ім сядзіць вешчая птушка бусел, пад ім — сівы дзед: вясковы буда.

БРУК

Брук — дарожны друк, вухналі, загнаныя ў хаду дарогі, каб не расслізгваўся рух. У ім часткі намагаюцца перайсці ў адзінства, у ім хвіліны намагаюцца сабрацца ў час.

Брук выпаў з рук, выпаў пад ногі. Яго нораў і круглы, і круты: брук барухаецца з бязладдзем, але буркоча і на гладкапіс.

Па бруку грукае воз.

У возе морква, бручка і буракі.

СКРЫНКА

Калі яе адчыняюць, яна скардзіцца, яна скрыпае.

У ёй захоўваецца скрытае — скарб: ім яна поўная, ім змястоўная, ім ацэньваецца яе вартасць.