Читать онлайн «Кніга ўзнаўленняў»

Автор Алесь Разанаў

Алесь Разанаў

Кніга ўзнаўленняў

Падрыхтаванае на падставе: Кніга ўзнаўленняў / Алесь Разанаў. — Мн. : Логвінаў, 2005. —134 с.

ISBN 985-6701-84-8.

Copyright © 2013 by Kamunikat. org 

Кірыла Тураўскі

(каля 1113 - пасля 1190)

Слова ў нядзелю святога Фамы

Вялікі вучыцель i красамоўца мудры патрэбен царкве на ўпрыгожанне свята. А мы убогія словам, марудныя розумам i агню Духа Святога ў сабе не маем, каб гэтак скласці душакарысныя словы, што ix пачуюць i прымуць людскія душы. Аднак дзеля вас, браты, што сёння сабраліся тут, са мною, i дзеля любові, якая нас лучыць, мы нешта, хоць i не шмат што, скажам аб узнаўленні Хрыстова ўваскрэсення, ну а вы паслухайце дбайна. Было на святы Вялікдзень, у тую нядзелю, здзіўленне нябёсам i перастрашанне апраметнай, было абнаўленне стварэння i выбаўленне свету, было зруйнаванне пекла, было спраможанне смерці; у тую нядзелю было уваскрэсенне з мёртвых i выгубленне спакуснай улады д'ябла, было чалавечага роду выратаванне, збядненне i паніжэнне суботы, узбагачэнне царквы i ўзвышэнне самой нядзелі; было у тую нядзелю ўсяму змяненне. Нанова стварылася небам, а Богам ачысцілася зямля. ад погані д'ябальскай — i анёлы з жанчынамі шчырадайна слугуюць Хрыстову ўваскрэсенню. Абнавіўся знябожаны род чалавечы: ужо багамі не наймяноўваюцца стыхіі — ні сонца i ні агонь, ні дрэвы i ні крыніцы. З гэтага часу пекла ужо не прыймае ахвяраў — бацькамі загубленых немаўлят, а смерць — пашаноты. З гэтага часу скончылася слугаванне стодам i д'ябальскае змуштаванне расцялася хросным таемствам. З гэтага часу род чалавечы не толькі займеў збавенне, але асвяціўся Хрыстоваю верай. Ранейшы закон з гэтага часу страціў ранейшую сілу: не жывяць яго ўжо ні кроў цялят, ні козаў ахвяраванне, бо сам Хрыстос з гэтага часу самога сябе ў ахвяру за ўсіх Айцу-Богу узнёс. Скончылася праз гэта свята суботняе, a нядзелі была лагода дзеля Хрыстова ўваскрасення дадзена, і, Хрыстовай стаўшы, яна красуе цяпер спаміж іншых дзён. Вянчайма ж, браты, нядзелю царыцаю дзён — i з верай у новае звеставанне прыносьма свае дарункі! Дамо хто што можа па здольнасці i па моцы: хто — міласціну i незласлівасць, хто — чыстую цноту, а хто — любоў; хто — веру праўдзівую i змірэнне, хто — псалмаспеў, хто — прыклад апостальскага вучэння, а хто — малітву, прачулую сэрцам. Бо кажа Гасподзь словамі, што Майсею уклаў у вусны: «Не аб'яўляйся перада мною парожні у дзень святочны». Дык прынясем Госпаду нашы дарункі, што называліся тут, i ўспрымем Божую міласць, бо не пазбавіць Гасподзь добрае долi таго, хто прыходзіць ca шчыраю вераю да яго. «Хто славіць мяне — праслаўлю»,— ён абвяшчае гэтак. Усхвалім жа сёння нядзелю гэту — мы ў ёй святкуем нанова Хрыстова ўваскрэсенне. Не паўтараецца ў ёй, зазначым, Вялікдзень Гасподні, a дзейсніцца Процівялікдзень. Вялікдзень ратуе свет ад д'ябальскага змуштавання i вызваляе мёртвых з вязніцы пекла. A Процівялікдзень — ён узнаўляе ўваскрэсенне: сустракаем вобраз яго мы ў Старым Законе, калі Гасподзь Бог кажа Майсею ў Егіпце: «Вось выбаўляю маіх людзей ад фараонавай працы i вызваляю ix з-пад уціску яго паслугатых; дык узнаўляй жа дзень свайго выбаўлення, Ізраіль, бо перамог ён тваіх ворагаў». Вось i ўзнаўляем, святкуючы, мы цяпер дзень перамогі Хрыстовай: спрамогшы цёмныя ўлады і д'ябальскія началлі, ён свету ўсяму дараваў ратунак; дзеля таго ў царкве артусны хлеб асвячаюць з Вялікадня i дагэтуль. I сёння дзеля таго на іярэйскім прастоле ён ломіцца на азнаку тых праснакоў, што з Егіпту неслі з сабою ў пустыні левіты — габрайскія святары, пакуль не прайшлі Чырвонага мора i пакуль Богам не быў асвечаны гэты хлеб. I хто гэты хлеб каштуе — здаровым бывае i ворагам страшны. Пазбыўшыся ад прыгнёту цялеснага, узнаўляюць габраі, святкуючы, дзень праснаковы; а мы, уратаваныя Збаўцам ад путаў змысловага фараона — д'ябла, сёння ўзнаўляем дзень, які стаўся спрамогай над ворагамі, і, святы прымаючы гэты хлеб, каштуем нябесную ежу; i зберагаем яго для жыццёвых патрэбаў на цэлы год: для здароўя цела, для ўратавання душы i прагнання немачы ўсякай. Цяпер скончылася старое i новым сталася ўсё, што відочна i што невідочна. Нябёсы, скінуўшы лахманы поцемных воблакаў, прасвятліліся i ў вышыні славу гасподнюю спавядаюць. Я не кажу аб нябёсах, даступных воку, але — аб змысловых: там апосталы на Сіёне убачылі Госпада сёння і, скруху забыўшы, адкінуўшы смутак — цень страхаты іудзейскай — Духам Святым асвяціліся i абвяшчаюць Хрыстова ўваскрэсенне. Сёння, красуючы, сонца увышыню ўсходзіць І, радуючыся, зямлю сагравае,— усходзіць нам гэтак з труны сонца святое — Хрыстос i ўсіх, што ў яго вераць, ратуе. Сышоўшы з вышэйшага месца, сёння свяцілу вялікшаму аддае месяц ушану,— гэтак з суботаю разам сыходзіць з вышэйшага месца Стары Закон i Закону Хрыстову ужо аддаюць ушану прарокі. У пакаянні грахоўніцкая зіма скончылася i растаў у богаразумнасці лёд няверы,— гэтак апостальскае навучанне i вера Хрыстова зіму язычнага куміра ўладарства скрышылі, i з выяўленнем ранаў Хрыстовых растаў лёд Фамовай няверы. Сёння, красуючы, ажыўляе вясна зямную прыроду, і, веючы ціха, вятры-няўрымсты змнажаюць плады, а зямля, успойваючы насенне, аздобліваецца зялёнай травою. Вясна-красна — гэта Хрыстова вера, якой перайначваецца праз хрост чалавечая існасць; вятры-няўрымсты — гэта грахоўныя паімкненні: яны, ператварыўшыся праз пакаянне ў цноты, змнажаюць плады, што карысныя будуць нашай душы; а зямля існасці нашай, нібы насенне, божае слова прыняўшы i рупячыся аб ім удзень iўначы, нараджае, нібы траву, дух нашага выратавання. Сёння нованароджаныя ягняты, а гэтаксама цяляты, скачуць, адольваючы дарогу, і, шпарка вяртаючыся да мацярок, весяляцца. Дый пастухі, граючы на свісцёлках, у весялосці хваляць Хрыста. Ягняты,— тлумачу вам,— гэта людзі з лагоднай душой, а цяляты — куміра паслугачы краёў, не пранятых верай; але праз Хрыстова учалавечанне, апостальскае рупнаванне i цуды жвава закон прынялі, звярнуліся да царквы i смокчуць цяпер малако вучэння. Вучыцялі гурту Хрыстова сёння, молячыся аб усіх, Хрыста Бога ўслаўляюць; сабраў ён i памірыў істот, што ніколі раней не збіраліся разам i між сабою не зналі міру. Парасці выпускаюць сёння ў наўколлі дрэвы, кветкі духмянлівыя цвітуць — i сады вось ужо дораць шчодра свету салодкі водар, а земляробы, сеючы сёння ў раллю насенне, надзею ўскладаюць пакорліва на Хрыста — ураджаядаўцу. Былі мы раней, бы дрэвы ў дуброве, якія спажыўнага плоду не маюць, але цяпер у наша нявер'е ўжывілася вера Хрыстова. І вунь вернікі тыя, што шчыра трымаюцца, як прышчэпы, Іосіфава карэння, бы ў кветкі, у цноты ўбіраюцца i чакаюць жыцця, што Хрыстом пераўтворыцца неўзабаве У рай. Гэтаксама свяціцелі, што, аб сабе забыўшы, рупяцца аб царкве, той час прадчуваюць, калі ix узнагародзіць узнагародай сваёй Хрыстос. Цяпер аратаі слова ў шчамлёты духоўныя ўводзяць цялят словамоўных i заглыбляюць крыжовае рала ў змысловыя нівы i баразну пакаяння накрэсліваюць.
i сеюць насенне духоўнае, i спадзяваннем на будучы плён весяляцца.
Сёння старое, што светам валодала, стала мінулым, а свет дзеля Хрыстова ўваскрэсення стаўся новым. Паўнюткі рэкі апостальскія цяпер вадою разводдзя, i нерастуюць язычныя рыбы. І рыбары, выпрабаваўшы глыбіню Божага ўчалавечання, здабываюць поўны царкоўны невад лавітвы. «Рассядзецца рэкамі,— кажа прарок,— зямля, убачаць, уразяцца i праз гэта нудой абнядужацца несумліўцы». Цяпер працаўніца-пчала, манаскага чыну, усіх здзіўляе, паказваючы сваю мудрасць,— так, жывучы ў пустэльні i жывячыся самапасам, манахі здзіўляюць людзей i анёлаў. Яны — гэтаксама пчолы, што, кветкі аблётваючы, ствараюць мядовыя соты i слодыччу адмысловай частуюць людзей i царкву. Цяпер спеўнагалосыя птушкі сям'і царкоўнай, гняздо абнаўляючы, весяляцца. «I птушкі,— кажа прарок,— займеюць сваё гняздо Тваім алтаром i будуць, спяваючы свае песні, славіць Бога нязмоўчнымі галасамі». Сёння новяцца постаці ўсіх святых i прымаюць здабытае бытаванне: прарокі i патрыярхі, што працавалі няўтомна, сёння раююць у боскім садзе; апосталы i свяціцелі, што святлом Хрыстовым свяціліся, сёння ўслаўляюцца на зямлі i на небе; пакутнікі i спавядаўцы, што за Хрыста зазналі злыбеду i пакуту, вянкамі увенчваюцца спаміж анёлаў; сёння цары i князі ратуюцца паслушэнствам; нявіннікі, што захавалі цноту душы i цела i неслі самааддана свой крыж цярпення, услед за Ісусам Хрыстом узыходзяць з зямлі на нябёсы; сёння поснікі i пустэльнікі, узнагароду з рукі Гасподняй прыняўшы, цешацца са святымі у горадзе ўзгорным. Сёння новіцца новым людзям свята Хрыстова ўваскрэсення i ўсё тое, што сталася новым, добраахвотна прыносіцца Госпаду: вера — ад жыхароў, ад хрысціян — набажэнства, апека царкоўная — ад вяльможаў, ад праведнікаў — мудрасціпласць, ад грэшнікаў — пакаянне, ад несумліўцаў — звяртанне да Бога, адно аднаму дараванне — ад варагоўцаў. Узыдзем цяпер, браты, i мы на Сіён i ўвойдзем змысловымі ўвойдзінамі ў святліцу, дзе ўжо сабраліся вучні Хрыстовы i сам Хрыстос, калі былі дзверы зачынены, спасярод іхняга збору з'явіўся і, прывітаўшы ix: «Мір вам!»,— споўніў ix радасцю невымоўнай. Усцешыліся — апавядае Пісанне — вучні, убачыўшы Госпада, i растаў тут жа, умомант, іхні цялесны смутак, i страх сардэчны прапаў. I далася духоўная здарсць іхнім душам, калі распазналі свайго Уладыку, а ён агаліў рабрыны, што дзідай былі ўвярэджаны перад імі i раны цвіковыя на руках i нагах паказаў Фаму. Не было Фамы з астатнімі вучнямі, калі першы раз ім аб'яўляўся Хрыстос уваскрэслы, таму, пачуўшы, што насампраўдзе Хрыстос уваскрэс, не даваў гэтаму веры, але хацеў упэўніцца сам у гэтым. «Пакуль я рукі сваёй не ўкладу у рэбры яго, a ў раны цвіковыя пальца свайго, не паверу»,— казаў ён. Таму Гасподзь, дакораў не чынячы, гэтым разам яму i сказаў: «Працягні руку сваю i ўкладзі у рэбры мае, i вер, што я гэта. Бо i раней прарокі i патрыярхі верылі, розумам спазнаючы знакі часін, у маё ўчалавечанне. Распазнай, што пішацца пра мяне у кнізе Ісаі: «Дзідай у рэбры працяты будзе i сыдзе кроў i вада». А потым: «У рэбры працяты быў i праз гэта Адама зупалага ўваскрасіў». I хіба цябе, хоць ты не паверыў словам, што я ўваскрэс i жыву, адпрэчу?!. Даткніся i ўпэўніся,— гэта я. Верачы ў маё прыйсце, калі я быў немаўля, упэўніўся праведны Сімяон, што споўнілася абяцанне Святога Духа, i з вераю ў Бога прасіў, каб цяпер ён адпусціў яго з гэтага свету з мірам. Не будзь нявернікам, як быу Ірад. Калі ён пачуў пра маё нараджэнне, выпытваў у вешчуноў: «Скажыце, дзе нарадзіўся Хрыстос, каб i мне пайсці яму пакланіцца»,— a ў гэты час думаў у сэрцы сваім аб маім забойстве. Па ўсёй акрузе ён вынішчыў немаўлят, ды таго, чаго ён жадаў, асягнуць не здолеў,— так будуць мяне шукаць зламыснікі i не знойдуць. Вер у мяне, Фама, i ўведай мяне, як Аўрам: з двума анёламі я прыйшоў пад шаты яго, i ён уведаў, што гэта я, назваў мяне Госпадам i маліў мяне аб Садому: каб не губіў горада, дзе набярэцца праведнікаў хоць бы дзесяць. Не будзь нявернікам, як Ваалам, што Духам Святым прарочыў аб умярцвенні маім за свет i ўваскрэсенні, але потым, спакушаны нізкаю ўзнагародай, загінуў. Вер у мяне, Фама, што я гэта; бачыў мяне Іакаў на версе прыснёнай драбіны, якая злучала зямлю i нябёсы, i ён жа мяне распазнаў духам, калі я з ім змагаўся ў Месапатаміі: абяцаў яму я тады, што прыму у родзе яго чалавечае ўцелясненне. Не будзь нявернікам, як Наўхаданосар, што ўбачыў мяне, калі я у печы напаленай ад загубы трох юнакоў ратаваў i сам быў спаміж імі чацвертым; тады назваў ён мяне Божым Сынам i вызнаў мяне перад тварам прысутных, ды потым зноў да спакусаў сваіх вярнуўся i ў ix загінуў. Вер у мяне, Фама, што я гэта; бачыў мяне Ісая, калі яму ўбачыўся ўзгорны трон, які абступала мноства анёлаў. Я — той, хто быў Езекілю з'яўлены вобразам чалавечым спаміж жывёлін; i вы былі з'яўлены ў выглядзе колаў, якія злучаліся з постацямі жывёлін i рухаліся за мною; у колах быў тады дух жывы, i цяпер у вас я ўдыхнуў Святы Дух гэтаксама. Я — той, каго ўбачыў Даніл на аблоках нябесных i хто, постаццю Сын Чалавечы, сышоў да Спрадвечнага днямі i атрымаў ад яго уладу i царства на небе i на зямлі гэтага веку i будучага, якому не будзе канца. Укладзі, Блізня, свой палец сюды i ўгледзь мае рукі: імі я вочы сляпым адтуляў, імі глухім я слых аднаходзіў, i адмыкаў нямым рукамі гэтымі мову. Угледзь i ногі мае: хадзіў імі па моры узбураным перад вамі, імі ішоў па паветры і, увайшоўшы у пекла імі, спрамог апраметную цемру; імі прайшоў з Лукой i Кляопам шлях да Эмаўса. Дык жа не будзь, Фама, тым, хто не верыць, а будзь тым, хто верыць». Фама адказаў: «Госпадзе, веру, што ты Хрыстос, Бог мой, i што аб табе пісалі прарокі, відушчыя духам, i што ў Законе Майсеевым твой правобраз, i што адпрэчыліся ад цябе фарысеі, i што з цябе здзекаваліся заканазнаўцы, i што глуміўся з цябе натоўп, i што, вымыўшы рукі, Пілат аддаў цябе на укрыжаванне, i што Бог-Айцец уваскрасіў цябе з мёртвых. Бачу твае рабрыны: з ix тачыліся кроў i вада; вада — каб ачысціць зблюзнераную зямлю, a кроў — асвяціць чалавечую існасць. Бачу рукі твае, якімі ты існае ўрэчаісніў, i рай насадзіў, i стварыў чалавека; багаславіў патрыярхаў імі, памазаў імі цароў, асвяціў апосталаў. Бачу ногі твае: да ix схіліўшыся, атрымала блудніца грахоў адпушчэнне; да ix прыпаўшы, займела ўдава жывым адзінага сына свайго, што быў мёртвы, i, дакрануўшыся да краёў рызы, што ix атуляла, ад крывацёку балесная ацалела. Ія, Госпадзе, веру, што ты Гасподзь Бог». Icyc, адказваючы на гэта, Фаму сказаў: «Ты мяне ўбачыў — i, калі ўбачыў, паверыў: райлівыя тыя, аднак, што, i не бачыўшы, вераць». Дык будзем жа верыць, браты, у нашага Госпада Бога Ісуса Хрыста: укрыжаванаму — мы яму паклонімся сёння, ca смерці ўваскрэслага — ўславім, апосталам з'яўленага — прывітаем, раны свае паказаўшага — увасхвалім, прыйшоўшаму нас ажывіць — уздзячым, нас прасвяціўшага — зразумеем, шчадротамі ўзнагародзіўшага узвялічым, адзінага ў Тройцы — прымем нашага Збаўцу Ісуса Хрыста. З Богам-Айцом, з Богам-Духам Святым яму цяпер i заўсёды — слава.