Читать онлайн «Каб мелі шчасце ўваскрасаць і лётаць»

Автор Алесь Разанаў

Алесь Разанаў

Каб мелі шчасце ўваскрасаць і лётаць

Паэмы

Падрыхтаванае на падставе: Каб мелі шчасце ўваскрасаць i лётаць : Паэмы / Алесь Разанаў. — Мн. : Логвінаў, 2006. — 168 с.

ISBN 985-6800-20-Х.

Copyright © 2013 by Kamunikat. org 

ПАЭМА ЖНІВА

Упала зерне — і не ўзышло, а што ўзышло — куколле заглушыла, а што не заглушыла — выбіў град, астатняе развеяў вецер... Ці маеце што есці?. . Крумкачы зляцеліся ад горада і вёскі, нібы зацьменне, засланілі сонца — і ў сэрца учапіўся чорны цень, і ў мозг пранік картавы і ўтрапёны халдзейскі гоман: марная патрэба... Ці маеце што есці?. . І звяры з лясоў і нораў зграямі прыбеглі, загойсалі ў дзівотнай пантаміме — імпэт і хіжасць... хіжасць і пагоня... Паветра нюхалі — прыспешвалі хаду, разбойнымі зубамі ляскацелі і скавыталі... — халадзела кроў: яна была ім і пітвом і хлебам... Ці маеце што есці?. . - Надышлі з дарог вялікіх шумныя натоўпы, бушуючы: відовішчаў і хлеба!. . І ўгору падымалі кулакі, бы пагражалі невядомым страхам, і калыхаліся — як збажына пад ветрам... Ці маеце што есці?. . Прыбрылі з усіх бакоў нябогі і калекі — жабрацкія палапленыя торбы худой дзятвой чапляліся за шыі. Надзённы хлеб ім быў недасягальны, таму прасілі проста: што дасце... Ці маеце што есці?. . Больш ніхто, ніхто больш не прыйшоў... Звяры і крумкачы, натоўпы і нябогі атрымалі, што прагнулі, займелі, што хацелі... А Сэнс усё пытаўся пра спажытак. Народжаны ад хлеба, прагну хлеба. Дзе затрымаўся сейбіт, каб спытаць, калі маё жніво пачацца мусіць і што за доля вызначана мне. Не ведаю — гляджу і не знаходжу: у іншых наліваюцца зярняты, у іншых — плён, у іншых — моц і гонар, бо неаддзельны хлеб ад чалавека, і неаддзельнасць гэтая навек. Мае палі найболей зараслі, але — авохці — зараслі куколлем: чаму куколлем і чаму мае?!. — якая воля так наканавала і знак які ўздзейнічаў на іх?. . Ніхто не скажа, скажуць: адбылося, што зробіш, адбылося, вось і ўсё... Дзе затрымаўся, дзе падзеўся сейбіт, які б размежаваў і растлумачыў: што мушу жаць, народжаны ад хлеба, і што такое ўвогуле жніво... А спелы вецер намаўляў: рыхтуйся, а поўня нахілялася: рыхтуйся, і камяні круціліся: рыхтуйся — рыхтуйся неаслабна да жніва... Нішто не гіне раптам і бяздонне, заўсёды застаецца нейкі прынцып, які сцвярджае жыта і зямля, нат і тады, калі ўзрасло куколле. Няма што жаць — а раздзімаю горан, няма што жаць — а наразаю серп, няма што жаць — рыхтуюся бяссонна да выніку, да плёну, да жніва... Усё умеюць рукі, а душа... — рыхтую да жніва душу: ў бязлітаснай надзеі выспяляю і ў скрусе загартоўваю зямной... Няма што жаць — а тэрмін як наступіць. Будзь прывітаны сёння і заўжды, будзь прывітаны блізкі і далёкі, паглядаў не стае — убачыць, і сэрца не стае — адведаць, але цягнуся да цябе надзеяй, адвечнай несмяротнаю надзеяй: будзь прывітаны, час жніва. Адкуль? куды я?. . — свеціць далягляд...
Адкуль? куды?. . — вядзе мяне дарога... Штовечару кладуся на зямлю, шторанку падымаюся, каб неяк прылегчы назусім і не падняцца: падведзен вынік, скончана жніво... Што зробіш, адбылося — скажуць людзі. . Пакуль жыву, хачу спасцігнуць сэнс нябыту, і быцця, і прызначэння, бо нездарма вяртаюцца шляхі — нібы настаўнік паўтарае вучням: твая дарога у табе самім. Пасеюць мяне лішняга ў зямлю, але калі што з асцюкоў паловых усходзіла, каб жыць і каб жывіць?. . Дзе затрымаўся, дзе падзеўся сейбіт, які б нарэшце ўсім расплюшчыў вочы і сэрца выбавіў з трывогі і тугі і адказаў, якое зерне ўсходзіць?!. Наперадзе і ззаду — невядомасць, якая анічога не гаворыць, як не гавораць тлен і пустата... Дык для чаго ўсё цягнецца дарога, дык для чаго і розум і вар'яцтва, дык для чаго ствараць, і падымацца, і разбураць, і плакаць для чаго?!. Народжаны ад хлеба, прагну хлеба — пакуль жыву, хачу спасцігнуць сэнс дыханнем кожным, кожнаю крывінкай, і позіркам, і крокам, і людзьмі. З нічога паўстаюць не для нічога, а для жніва — ці выспелю ўраджай?! Я меркаваў: калі настане час... А неабходна наставаць самому, не жнец, а ніва — помню пра жніво... Як цяжка падымацца ад зямлі, чаму я не памер учора, калі быў каля плену і ўраджаю... Увышыні высока і бязважка цякуць і не спыняюцца аблокі — як цяжка падымацца ад зямлі... Прайшлі учора па маім палетку, па ніве, пабялелай да жніва, прайшлі учора па прыспелай ніве зноў тыя самыя, ўсё тыя жабракі. Тут хлеб... тут хлеб мой... — я крычаў, вы атрымалі ўжо сваё, вы атрымалі... Яны не слухалі, ішлі і рвалі прагна мае сцябліны... А пасля — натоўпы... Прыбіліся, брылі, нібы з палону, кудысьці вінавата і бязладна і мармыталі: наш надзённы хлеб,— і каласы сашморгвалі у жмені... Тады — звяры... Панура і трывожна па збажыне цягнуліся, як быццам прыпаміналі кут, куды памерці паспець ім трэба... Зяпамі зрывалі і елі зерне разам з асцюкамі... Пасля нахлынуў грай — і крумкачы, нібы сатрэсеныя, ўпалі з-пад нябёсаў, крычалі: трэба... — і вілі з саломы нязграбныя затуленыя гнёзды... Заўчасна агаліліся палі, мой ураджай жніва не дачакаўся і разабраны плён мой дзе-куды... Як цяжка падымацца ад зямлі і жыць наноў, наноў араць і сеяць, любіць і спадзявацца — ўсё наноў... Чаму я не памёр учора?. . Навошта чалавеку гэтак многа адводзіцца і ўвагі і прастору? — ступай, дзе хочаш, ды не паступайся... Настане вечар — стомлены кладзецца заснуць і спаць і ўсё, што ёсць, забыць... І спіць, і забывае, але ўранку яго абудзяць жыць выпрабаванні і рыхтавацца плёнам да жніва... Чаму жніво на мой плён не паспела, паспее зараз — што я пакажу?. . Дзе затрымаўся, дзе падзеўся сейбіт?. . Адно плывуць аблокі і маўчанне, аблокі і шматзначнае маўчанне, разгойданае крыкам крумкачоў, выццём звяроў, усклікамі натоўпаў і шэптам жабракоў... А там, за ім — як мог яго раней не заўважаць я, чаму не заўважаў яго раней?!. — свяціўся незнішчальны голас Сэнсу і падымаў з зямлі непераможна: Я хлеб ваш... я ваш хлеб... я хлеб жыцця. , вяртаючы наноў выпрабаванням, надзеі, выспяванню і жніву.