Читать онлайн «Аскепкі вялікага малюнку»

Автор Алесь Аркуш

Алесь Аркуш

АСКЕПКІ ВЯЛІКАГА МАЛЮНКУ

Эсэ

Маё Жодзіна

ПЕРШЫ САМВЫДАЎ

Свой першы самвыдаў я зрабіў у Жодзіне. На дварэ стаяў 1983 год.

Вярнуўшыся з войска, я падаўся ў наргас. Як большасьць студэнтаў-жодзінцаў, езьдзіў на заняткі электрычкай. На першым курсе БДІНГ набыў просьценькую, самую танную друкарку «Москва» і вечарамі «перастукваў» сваю паэзію (на той час друкарку можна было мець ужо без рэгістрацыі ў органах). На пачатку 1980-х я належаў да кола маладых паэтаў, якія гуртаваліся вакол часопісу «Рабочая смена» (неўзабаве ён стаў «Парусом», а затым і зусім зьнік). Алеся Аркуша яшчэ не было, а Аляксандар Козік пісаў па-расейску. Сярод іншых «рабочасьменаўцаў» наперш згадваецца Вера Лойка, цяперашняя жонка вядомага паэта Леаніда Галубовіча. Яна, дарэчы, і дала мне адрас «вельмі таленавітага» хлопца зь вёскі Вароніна, зь якім я меў надзвычай інтэнсіўнае ліставаньне. Было гэта, праўда, пазьней – у 1986 годзе. Сама ж Вера пазнаёмілася зь «беларускім Рубцовым» толькі праз год у Маскве ў літінстытуце – у Белакаменнай яны й пабраліся шлюбам. У 1986-м у паветры ўжо лунаў дух «вызваленьня». У 1983-м сытуацыя была іншая.

Мая першая публікацыя ў «Рабочей смене» рыхтавалася вельмі марудна. Зьявілася яна ў верасьнёўскім нумары за 1983 год. Пісаў я пераважна вэрлібры пад уплывам менскага расейскамоўнага паэта Валер’я Ліпневіча. Стаміўшыся чакаць «вялікага» дэбюту (дагэтуль мяне друкавалі толькі шматтыражкі БелАЗу «Белорусский автозаводец» і наргасу «Экономист»), я вырашыў самастойна «выдаць» свой першы зборнік паэзіі. Называўся ён «Дыхания». Наклад рабіўся на друкарцы з дапамогай капіркі. Збрашуравала саматужныя зборнічкі знаёмая маёй маці ў белазаўскай друкарні. Вядома, таемна.

Сёньня той зборнік чытаю з усьмешкай, хаця вытокі паэзіі Алеся Аркуша ў ім добра прасочваюцца. Падставы для тае амбіцыі былі слабаваценькія, але набыты «скарынаўскі» досьвед ня зьнік бясьсьледна. Напрыканцы 1980-х у Наваполацку амаль у такі ж спосаб я пачаў выдаваць літаратурны альманах «Ксэракс Беларускі».

ПОШУК ВЫТОКАЎ

У 1993 годзе мне закарцела адшукаць свае жодзінскія вытокі. Я напісаў эсэ «Мой нязьдзейсьнены Ёкнапатофа». Тэкст гэты, праявіўшы нечуваную талеранцыю, надрукаваў орган Жодзінскага гарадзкога Савету народных дэпутатаў «Жодзінскія навіны». Сёньня наўрад ці нешта падобнае магло б зьявіцца на старонках тае газэты. Варта прывесьці невялікі твор цалкам:

Калі час ад часу я наяжджаю ў Жодынь (так называла горад майго дзяцінства мая родная бабуля, якая амаль усё жыцьцё пражыла ў вёсцы Арлова, што за дванаццаць кілямэтраў ад сёньняшняй белазаўскай агароджы), я кожны раз па-іншаму згадваю свае дзіцячыя і юначыя гады. Праўда, у маіх успамінах заўсёды адсутнічаюць шчымлівыя настальгічныя ноткі.

Я не ідэалізую свайго дзяцінства. Хапала ў ім рознага, пэўна, як у дзяцінстве любога чалавека. Аднак чагосьці прыкметна-ўрбаністычнага ў ім не было ані каліва. Мае бацькі жылі і жывуць цяпер у самай старой і даволі аддаленай ад цэнтру гораду частцы Жодыня, як яе называюць жодыньцы, – пасёлку ДРЭС. Мусіць, калі б я стаў празаікам, я абавязкова напісаў бы кнігу пра жыцьцё гэтай населенай кропкі. Штосьці сярэдняе паміж гумарам Шукшына і сур’ёзнасьцю Фолкнэра (памятаеце ягоны ўяўны гарадок Ёкнапатофа?). Калярытных герояў на ДРЭСе знайшлося б на добры тузін аповесьцяў… Аднак я стаў паэтам. Чаму? На гэтае пытаньне не адкажа ніхто. На ўсё воля божая. Але нейкія пазасьвядомыя вытокі майго паэтычнага нараджэньня можна прасачыць.