Андрэй Адамовіч
Таўсьціла і лешч
Парася, парася, прэўраціся ў карася!
© Адамовіч А. С. , 2015
© Афармленне. Logvino Literatūros namai, 2015
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
– І каб ані цягаў. Каб не цягаў. Каб ані бачыў яго, ані чуў. Каб анібачыў. Каб ані кругоў па вадзе. Кабані кругоў. Каб вышмаргнуўся шнур. Каб вышмаргнуўся. Каб зламаў зазубень. Каб зазупень. Каб ані лускі табе. Кабані лускі. Каб ані сэлфі зь ім. Ані сэлф
Марыя й Максім усталі з каленяў. Да пачатку малітвы мужчына піў гарбату. Ён зрабіў на дваіх, але жонка, толькі ўвайшоўшы ў кухню, укленчыла й не варушыла тварам, пакуль Максім не далучыўся да яе. Цяпер, адмаліўшыся на рыбалку, яны селі за стол.
– Як думаеш, прыйдзе лешч? – запыталася Марыя.
– Не, – без інтанацыі адказаў муж. – Ня прыйдзе, бо ня мае ног. І ня клюне, бо ня мае клявала. І не паркану, бо ня маю талёнаў.
Жонка колькі разоў дробна кіўнула, паглядзела на мужа і ўсьміхнулася.
Прагноз на заўтра быў лепшым, чым на папярэднія восемдзесят восем дзён, калі Максім выпраўляўся ў рыбу. Ён езьдзіў штотыдзень, нават узімку, знаходзячы месца, дзе ня стаў лёд. Езьдзіў калі на адзін дзень, выправіўшыся зранку, а калі й на ноч.
І вось ужо восемдзесят восем рыбалак ён ня мог злавіць ляшча. Максім устаў. Жонка паклала далонь на плячо мужу.
– Вы дамовіліся на шэсьць. Будзеш чакаць. Максім сеў на зэдлік каля стала. У пакоі залівіста заплакаў Ян. Марыя асьцярожна паставіла кубак на стол. Склала рукі, нібы зноў зьбіралася маліцца, устала на лік “сем” і пайшла да малога. Максім уключыў тэлевізар і падышоў да дзьвярэй у пакой. Ён пастаяў так з паўхвіліны. Жонка супакойвала сына, спрабуючы яго закалыхаць.
Максім вярнуўся на кухню і выйшаў на гаўбец. Узяўшы торбу, вынес яе ў вітальню, а сам вярнуўся на гаўбец. Акно ў пакой яшчэ не расчынілі, бо ў гэты час на дварэ было гарачэй. Запаліў. Стужка дыму, разьдзяліўшыся на два амаль аднолькавыя ланцужкі, нагадала яму сьпіраль ДНК, і мужчына падумаў, што ад таго ляшча, па якога едзе, сам ён адрозьніваецца вельмі нязначна – такая ж машына для абароны добра скамбінаваных бялкоў, што навучыліся капіяваць самі сябе.
Максім скрывіўся і сплюнуў, спрабуючы трапіць у галіну чарэшні, якая расла мэтры за тры. Сьліна трапіла на кару. У той самы момант ён падумаў і пра ДНК дрэва. Патушыў даўгі недапалак, крыху пастаяў нерухомы і выйшаў у вітальню.
Калі ён забэрсаў боты і выпрастаўся, Марыя зь Янам на руках выйшла з пакоя. Хлопчык ужо зусім ня спаў, хаця мусіў бы яшчэ з гадзіну. Максім адвёў вочы ад малога.
– Куды тата едзе? Ааа? Як думаеш, Яне? Хлопчык не адказаў дый ня змог бы. Максім узяў малога й прытуліў да сябе. На хвіліну бацька адчуў, як б’ецца сынава сэрца, адразу ж прыгадаўшы выпадак з уласнага дзяцінства. Бацька адрэзаў галаву жывому карпу. І зь яе раўнамернымі, нібы адмеранымі мэтраномам, штуршкамі цякла густая, як мёд, амаль чорная, ліпкая кроў. Максім аддаў малога жонцы й адамкнуў дзьверы. Марыя памахала сынаваю рукою на разьвітаньне. Мужчына зачыніў за сабою дзьверы і націснуў на кнопку замка. Пасьля пстрычкі працёр вочы перадплеччам.