Андрэй Лазар
Таварыства кнігалюбаў
© Лазар А. , 2016
© ТАА «Выдавецтва «Регистр», 2016
Прадмова ўкладальнікаў да шаноўных чытачоў
Само па сабе выданне, якое вы бачыце перад сабою, уяўляе збор асобных тэкставых дакументаў, якія змяшчаліся ў адной тэчцы пад назвай «Таварыства кнігалюбаў». Дадзеная тэчка была знойдзена ў сакрэтным аддзеле адной старажытнай спецыяльнай установы, якая захоўвала разнастайныя матэрыялы для наступных пакаленняў з надзеяй, што прыйдзе час, калі падобныя рэчы дазволяць чытаць шырокай аўдыторыі.
Адназначна сказаць складана, што за гістарычныя помнікі перад намі. З першага погляду, гэта шараговыя дакументы, магчыма, пратаколы ці занатоўкі, з іншага – нечыя літаратурныя практыкаванні. Таксама названую тэчку можна расцаніць як працяг летапіснай традыцыі, карані якой варта бачыць ужо ў антычнасці. Нельга дакладна высветліць, у якія часы пісаліся прыведзеныя ніжэй тэксты, як іх ацаніць і колькі чалавек прыклалася да іх стварэння. Усё гэта патрабуе пільнага і грунтоўнага вывучэння. Відавочна адно: перад намі культурна-гістарычны помнік, які патрабуе шматбаковага даследавання, таму Міністэрства лічбавай інфармацыі палічыла магчымым апублікаваць знойдзеныя тэксты ў сусветнай інфармацыйнай прасторы.
Тэчка «Таварыства кнігалюбаў» складаецца з двух раздзелаў: уласна тэксту «Таварыства-кнігалюбаў. бел» і дадатку з меншымі па аб’ёме матэрыяламі. Выданне разлічана ў першую чаргу на спецыялістаў у галіне гісторыі і літаратуры, аднак павінна быць цікавым і звычайнаму чытачу, які не абыякавы да мінуўшчыны як сваёй планеты, так і Сусвету.
Усе заўвагі, пажаданні, каментары, аналізы і інш. дасылаць на сайт Міністэрства лічбавай інфармацыі:
Перадрукоўка без дазволу і спасылак на першакрыніцу недапушчальная.
Усе правы абароненыя.
Таварыства-кнігалюбаў. бел
Глава першая
Дзіўныя весці, або Галоўная навіна
Перад бібліятэкай стаяла шмат народу. Я не скажу, што звычайна там бывае пуста, але столькі людзей у гэтым храме ведаў мне ніколі не даводзілася бачыць. Усё ж такі дзве тысячы сто нейкі там год на вуліцы. Можа падацца, што я перабольшваю, але не. Паверце, я ведаю, аб чым гавару, бо амаль штодня, нібы пад прымусам, хаджу ў самую аўтарытэтную бібліятэку горада… Чаму я туды цягаюся? Гэта іншае пытанне, ды і на яго ёсць адказ: мушу пісаць дысертацыю… Сказаць, што гэта мне не падабаецца, я не магу, але ў душы звіняць ціхія ноткі расчаравання ў сваіх марах: фінансаванне маёй сферы зніжаецца, а жорсткія тэрміны робяць працу прымусовай, што таксама не лепшы варыянт. У стагоддзе высокіх тэхналогій увесь час насіцца з папяровымі мастацкімі кніжкамі, напэўна, занадта рамантычна нават для мяне. Ды зараз пра іншае. Я зайшоў у будынак, падышоў да гардэроба і падаў верхняе адзенне. Са здзіўленнем заўважыў, што за мной вокамгненна ўзнікла чарга з дзесяці чалавек, а ўваходныя дзверы працягвалі ляпаць. «Дзівы-дзівосы!» – стрэліла ў галаве. За пятнаццаць год навуковай і літаратурнай працы падобнага і блізка не было.