Читать онлайн ««Нарадзіўся я ліцьвінам…»: Тадэвуш Касцюшка»

Автор Язэп Юхо

Язэп Юхо, Уладзімір Емяльянчык

«Нарадзіўся я ліцьвінам…»

Тадэвуш Касцюшка

Да чытача

Перад Вамі выданне, галоўны ініцыятар і фундатар якога — культурны асяродак «Беларусь» г. Алматы. Гэта не першая наша акцыя па ўшанаванні памяці славутага суайчынніка: пры канцы 1991 года мы ў сваім звароце нагадалі нашым землякам, а таксама дзяржаўным і грамадскім арганізацыям Злучаных Штатаў Амэрыкі, Польшчы, Францыі пра набліжэнне 250-годдзя з дня нараджэння Андрэя Тадэвуша Банавентуры Касцюшкі, звярнуліся да тагачасных пасланнікаў ЗША ў Расеі і Казахстане з такім жа лістом, выпусцілі значок «Тадэвуш Касцюшка. За вольнасць нашу і вашу. 1745–1817», стварылі фонд «Марачоўшчына — Т.  Касцюшка» і яго філію ў Івацэвіцкім раёне Беларусі, імкнемся стварыць хоць бы часовы дом-музей Касцюшкі ў Косаве да яго юбілею і г. д. Усё гэта, зразумела, робіцца без усялякай камэрцыйнай выгады, амаль без дапамогі дзяржаўных органаў Беларусі, але пры маральнай падтрымцы многіх сведамых людзей, перадусім Адама Мальдзіса, Язэпа Юхо, Алега Трусава, Зміцера Бубноўскага. Асабліва своечасовая тая ўвага, якую аддае ўшанаванню памяці сына беларускай зямлі, брыгаднага генерала войска Злучаных Штатаў Амэрыкі, героя вайны за незалежнасць гэтае краіны, яе амбасадар у Рэспубліцы Беларусь сп. Дэвід Сўорц.

Часта пытаюцца, што вымушае нас, жыхароў далёкай ад Беларусі Алматы, ахвяравацца сродкамі, траціць свой час на ўшанаванне памяці, на жаль, мала вядомага многім грамадзянам Беларусі Тадэвуша Касцюшкі.

Па-першае, гэта паралелі, якія знаходзяць на сваім жыццёвым шляху многія цяперашнія беларусы блізкага замежжа з лёсам знакамітага земляка. Тадэвуш Касцюшка сцвярджаў, што ён — ліцьвін (па-сучаснаму — беларус) і імкнецца служыць сваёй радзіме — Вялікаму Княству Літоўскаму, але яго, вядомага генерала з баявым досведам, не дапускалі на службу. Касцюшка выступаў супраць анексіі Расеяй, Прусіяй і Аўстрыяй Вялікага Княства і Польскага Каралеўства, узначальваў паўстанне супраць захопнікаў.

Ідэі і справы гэтага паўстання ўжо амаль 200 гадоў натхняюць пакаленні беларусаў на барацьбу за сваю незалежнасць. Вайсковы і палітычны талент Тадэвуша Касцюшкі прызналі і шанавалі яго сябры (Дж.  Вашынгтон, Т.  Джэфэрсан і іншыя), праціўнікі (А.  Сувораў, Кацярына ІІ, Павел І, Аляксандар І, Напалеон ды іншыя). Касцюшка не стаў дапамагаць Напалеону ў яго вайне супраць Расеі, але не стаў ён і на бок Аляксандра, бо бачыў, што чужынцы не дадуць сапраўднай незалежнасці яго Бацькаўшчыне. Касцюшка рабіў усё, каб палегчыць лёс палонных беларусаў і палякаў, якія змагаліся ў войску Напалеона.

У Савецкай Беларусі пра Тадэвуша Касцюшку імкнуліся не ўспамінаць: касавалі асобныя спробы адрадзіць Марачоўшчыну як нацыянальны музей, прапагандавалі праз Кобрынскі музей ды іншымі шляхамі ідэі Суворава і памяць пра яго як сымболь вайсковай магутнасці Расейскай імперыі, не дапускалі імя Касцюшкі ў гістарычную беларускую літаратуру, сцвярджалі, што ён паляк, і г. д. У сучаснай Беларусі нямала людзей, якія засвоілі гісторыю паводле Карамзіна-Абэцэдарскага, і Касцюшка для іх — чужынец. Таму нялёгка далося перанайменне вуліцы Чырвонаармейскай у Косаве на, бадай, першую ў Беларусі вуліцу Касцюшкі. Яшчэ болей складаныя «гульні» назіраюцца цяпер пры адводзе надзелу зямлі пад комплекс часовага доміка-музея Касцюшкі ў Косаве.