Уладзімір Арлоў
МІЛАСЦЬ КНЯЗЯ ГЕРАНІМА
Аповесці. Апавяданні
Падрыхтаванае на падставе: Уладзімір Арлоў, Міласць князя Гераніма: Аповесці. Апавяданні — Мінск: Юнацтва, 1993. — 272 с. (Школьная бібліятэка)
© Інтэрнэт-версія: Камунікат. org, 2008
Аповесці
Дзень, калі ўпала страла
Па высокай дзвінскай вадзе плылі ў мора апошнія крохкія крыгі. Сівы ў яблыках конь, спынены на самай строме, пудка пераступіў нагамі, але вершнік злёгку сціснуў яму бакі, і сівы супакоіўся. Застыўшы ў сядле, князь Валодша глядзеў на горад за ракой. Над нізкімі пасадамі, насупроць амаль схаванай паводкаю выспы, што ляжала леваруч князя, падымаліся ўжо кранутыя зелянінаю валы дзядзінца, а яшчэ вышэй плылі па небе ў лазуркавую далячынь сем вярхоў Сафіі. Зазванілі да палудніцы. Першы ўдарыў па сонечнай цішы сафійскі званар. Яму адразу адказалі Спас-Еўфрасіння і Бельчыцы, а трохі счакаўшы, уступілі ў перазовы астатнія манастыры і цэрквы. Нейкі званар весела зачасціў, але, як быццам узгадаўшы, што не такія цяпер часіны, каб бесклапотна тузаць за вужоўкі, асадзіў сябе, і ягоны звон таксама загучаў няспешна і разважліва.
Шматгалосая размова званоў нараджала ў душы ў князя дзіўнае пачуццё, у якім спакойная вера, што гэты крывіцкі горад будзе стаяць над Дзвіною давеку, спляталася з адчуваннем незвычайнай дужасці, з юначым жаданнем зліцца з канём і мчаць па далёкіх дарогах, чуць вецер у вушах, спаць адным вокам каля лясных вогнішчаў... Пачуццё было такое моцнае, што князь радасна разгубіўся. Яшчэ колькі імгненняў ён глядзеў на магутную рачную плынь, на тры стругі пад белымі вятрыламі, што падыходзілі да дзядзінца, і раптам рэзка павярнуў сівага і наўскапыт паляцеў па разложыстай лугавіне.
Толькі ва ўмывальні, скінуўшы кальчугу і на хвілю прысеўшы на шырокі ўслон, ён адчуў, як гудуць ад стомы рукі, як ные левая нага, зачэпленая некалі ў сечы літоўскім кап'ём-суліцай. Але стома была не прыкрая, а ўсцешлівая. Князь ведаў, што заўтра ўранні зноў, поўны спрыту і маладой моцы, у кароткай кальчузе і шаломе з барміцай, выйдзе на ганак з разьблёнымі балясамі, і дружына так выгукне «Слава князю Валодшу!», што ва ўсім наваколлі на момант здзіўлёна замоўкнуць жаўрукі.
Другі месяц князь не дае спачыну ні сабе, ні дружыннікам. Нават ваявода Віславус і той дзіву даецца, як улёг ён у ратныя забавы. «Не маладзён ты ўжо, князь, - сказаў неяк ваявода, - не дваццаць табе летаў. Дай удам* перадых».
Валодша адно засмяяўся і па-ранейшаму дзень пры дні выводзіў дружыну на падсохлую галявіну за сцяною княжага двара, што стаяў на левым беразе Дзвіны, у Бельчыцах. Як і ўсе, браў князь у рукі адмысловы тупы меч, страляў з лука, кідаў у дубовага, глыбока ўкапанага ў зямлю балвана цяжкую дзіду, цэлячы то ў голаў, то ў грудзі, і не бачыў, але адчуваў ухвальныя позіркі Віславуса і ваяроў.Па паглядным князевым твары ў аздобе густых кучаравых валасоў знячэўку прабег цень. Валодшу ўспомнілася, як учора пасля вячэрні гутарыў з ігуменам Лукой. Трасучы ад злосці сівой казлінаю бародкай, шчупленькі Лука выгаворваў князю, што не ў адных святых Барыса ды Глеба з бельчыцкага храма просяць ягоныя кметы ратнай удачы. Манахі высачылі, што ўначы людзі з дружыны таемна пераплываюць на чоўне раку і прабіраюцца на старое капішча каля Валовай азярыны, дзе яшчэ Рагвалодаў унук князь Ізяслаў паліў паганскіх ідалаў. Ён, Валодша, пераказаў ігуменавы словы ваярам. Гаварыў сувора, углядаючыся ў вочы, але шукаць вінаватых не стаў. Не той час, каб сварыцца з дружынаю. Відаць, сёй-той здагадваецца, што не просты паход збірае ён цяпер. Можа, таму і ходзяць на паклон да даўнейшых багоў. Дый сам грэшны, таксама таптаў сцежку да заклятае азярыны. Хоць і даўно тое было, ды, пэўна, ведае ігумен пра грэх. Але не толькі таму чарнарызец так барадою трос. Князь сам сабе ўсміхнуўся. «Рысь стракатая ізвону, а чалавецы лукавыя знутры». Гэта нагадвае яму Лука, што дакляраваў адпісаць манастыру запалоцкі поплаў, а спраўдзіць не спяшаецца. Мала ім трох весяў са смердамі. Цяпер не выкруцішся, трэба на ігуменаў гнеў, як на хвалі, алею выліць. З ім вадзіцца таксама не след, дасць Бог, будзе лепшая пара.