Читать онлайн «Старажытная Беларусь. Віленскі перыяд»

Автор Николай Ермолович

Annotation

Працяг сэрыі Старажытная Беларусь вядомага беларускага гісторыка Міколы Ермаловіча прысьвечаны аднаму з найбольш важных пэрыядаў беларускай гісторыі — віленскаму. Паводле словаў самога аўтара пад акрэсьленьнем «віленскі» ён разумее пэрыяд, які вядомы як пэрыяд найбольшага тэрытарыяльнага росту Вялікага Княства Літоўскага. У сваёй працы Мікола Ермаловіч заўсёды спрабаваў знайсьці гістарычную праўду сярод невялікай колькасьці ацалелых натуральных дакументальных сьведчаньняў. Адным з асноўных аспэктаў працы з’яўляецца вяртаньне з небыцьця беларускай Вільні. Менавіта з гэтым горадам аўтар атаясамлівае ўздым, што адбыўся у ХІV стагодзьдзі. Аўтар робіць выснову, што ў папярэднія перыяды ні Полацку ні Наваградку не ўдавалася аб’яднаць вакол сябе ўсе этнічна беларускія землі. Але якраз Вільня, як крывіцкая калёнія сярод балцкага мора Аўкштайціі, стала тым зьвяном ланцуга, які зьяднаў балцкі і славянскі пачаткі беларускага народу.

Вільня

Якога яны роду?

Хто ён, Гедзімін?

Дзе мірна, а дзе пад прымусам

Аднаўленне Полацкай палітыкі ў адносінах да Пскова і Ноўгарада

Першыя супярэчнасці з Масквой

Узаемаадносіны з Рыгай і Ордэнам

Пра што пасведчыў летапіс пад 1326 г

I хрысціянства, і язычніцтва

У духу полацкіх традыцый

Саюз з Польшчай, яго плюсы і мінусы

Барацьба з Лівоніяй

Сыны Гедзіміна і іх удзелы

Віцебскія клопаты Альгерда

Альгерд становіцца на чале дзяржавы

Пскоўскія і Наўгародскія справы Альгерда

3 Поўначы на Усход

Адносіны з Масквой

3 Усходу на Поўдзень

Асоба Альгерда

Ягайла і Андрэй Полацкі

Ягайла і Кейстут

Ягайла і Вітаўт

Зацемкі

notes

1

Вільня

Калі папярэдні Новагародскі перыяд з’яўляўся часам станаўлення і ўмацавання Вялікага княства Літоўскага (BKJI), то наступны — Віленскі, які таксама быў нядоўгім, бо працягваўся менш стагоддзя (з 1316-га да 1385 г. ), быў часам бурнага тэрытарыяльнага росту гэтай беларускай дзяржавы, што і вывела яе ў лік найбуйнейшых тагачасных еўрапейскіх краін.

Мы ўжо гаварылі аб прычынах страты Новагародкам свайго сталічнага значэння1. Але побач з упадкам дамінуючага значэння яго і яго зямлі ў дзяржаве ішло ўзвышэнне Полацкага княства.

Праўда, сталіца з Новагародка не «перайшла» ў сам Полацк, аднак яна зноў перамясцілася ў крывіцкую зямлю, у Вільню, якая была галоўным асяродкам племя крывічоў на ўсходзе сучаснай Літвы і, як убачым далей, стала цэнтрам аднаго з удзелаў Полацкага княства.

Што ж уяўляла сабой тады Вільня? Чаму менавіта яна стала пераемніцай Новагародка як сталіцы дзяржавы?

Найперш — пра ўзнікненне гэтага горада.

У летапісах XVI ст. вельмі маляўніча гаворыцца аб заснаванні Вільні Гедзімінам[1].

Нібыта гэты князь, будучы на паляванні, натрапіў на прыгожую гару над ракою Вяллёю, дзе забіў тура, і таму яна ў далейшым стала называцца Туравай гарой. Паколькі было позна, Гедзімін вырашыў не вяртацца дадому ў Трокі, спыніўся ў даліне Свентарога, дзе пазней вялікіх князёў спальвалі пасля смерці, і там заначаваў. I нрысніўся яму сон, што на гары, якую звалі Крывою, а цяпер завуць Лысаю, стаіць вялікі жалезны воўк, і ў ім равуць сто ваўкоў. I калі Гедзімін, прачнуўшыся, звярнуўся да валхва Ліздзейкі, каб ён разгадаў гэты сон, дык той сказаў: «Жалезны воўк азначае, што тут будзе сталіца, а што ў яго ўнутры раўло, то гэта слава аб гэтым горадзе, якая пойдзе на ўвесь свет». I вось Гедзімін, пачуўшы такое, адразу ж загадаў прывесці сюды людзей, каб закласці замкі, адзін на Свентарозе — Ніжні, і другі — на Крывой гары, і назваў гэтыя замкі Вільняй.