Усяго па крысе, знойдзеце вы гэтта, —Пры сасе пры касе собрана за лета. Шчырым сэрцэм, душой складана ня-хітра, Знамо свой, не зь якой там «зьвёздкай», ці мітрай. Што-нібудзь мо’ ня так — прашу прабачэньня;Трудна ў рыхт — часу брак, мазаліста жменя. Мо’ і радасьць тут — госьць, больш нуды праклятай; Ось бярыце, што ёсьць, чым хата багата. Што у думках я меў, кепска даць ня браўся,Хоць, як скованы леў, туды-сюды рваўся… Людзі мруць, а ўсё ждуць багатшай уроды, Мо’ і к нам прыбягуць шчасьнейшыя годы. О тады сноп у сноп жніво нашэ будзе…Сотня коп, мільён коп… Дзівуйцеся людзі! А цяпер, што цяпер? — бывайце здаровы! Чэсьці дайце прымер для радзімых словаў.
Песьня мая!
Песьня мая не ўзышла сярод кветак,Кветак цьвітучага вечна паўдня…Поўначы сумнай забыты палетакДаў ёй жыцьцё пасярод палыньня. Пушча і ночка яе гадавалі,Няньчылі казкамі долі нямой;Дождж і расіца вясною купалі,Сьнежныя буры тулілі зімой.
Песьня мая не ўсьпінае атласаў,Выдумкай хітрай у сьвет не ляціць, —Знацца ёй досьць зь беларускаю красай —Лесам шумеці, касою званіць. З думкамі ходзіць забранага краю,Служыць і верыць у лепшы усход…Бо, калі гасьне паходня старая, —Новую заўтра распаліць народ. Песьні маёй не патрэбны сьвятліцыЎ княжацкіх хорамах слухаць музык,Коціцца-ўецца свабоднай крыніцайК сонцу і зорам, прастор дзе вялік. Ёй не патрэбна ўсясільных прынука,Службы лакейскай ня знае яна:Воля жывая ёй вечнай зарукай,Волі нязьмеранай — служба адна. Песьня мая не шукае прывету,Ласкі ў скурганеным сэрцы чыім, —Вецер свабодны з далёкага сьветуСтрэне, праводзіць адпевам сваім. Зь небам і ніваю ў дружбу заходзе,Слухае бору адвечнай жальбы,Водклікі лове ў бурлівым разводзьдзі,Ў зорках шукае жыцьця варажбы. Песьня мая не зачэпе сягоньняДумкай сваёю ўсіх хат і сяліб,Зваленых хат і людзей у прыгоне,Ўсходным зярном неабсеяных скіб…Час, як крыніца, ідзе, не марудзе…Кіне стары дзень жыцьцём кіраваць,Новы дзень прыйдзе, і новыя людзіБудуць пачатую думку снаваць. Песьня мая не шукае чырвонцаў —Будучнасьць гэткіх ня знойдзе ў ёй плям, —Жыць хоча толькі ў радзімай старонцы,Пеці па сэрцу ўсім добрым людзям. Пеці, і з часам, у добрую пору,Выклікаць водклік у сонным сяле…Ўсю Беларусь — неабнятну, як мора,Ўбачыць у ясным, як сонца, сьвятле.
Книгогид использует cookie-файлы для того, чтобы сделать вашу работу с сайтом ещё более комфортной. Если Вы продолжаете пользоваться нашим сайтом, вы соглашаетесь на применение файлов cookie.