Уладзімір Арлоў
ЛЯ ДЗІКАГА ПОЛЯ
Гістарычныя апавяданні. Аповесць. Эсэ
Падрыхтаванае на падставе: Уладзімір Арлоў, Ля Дзікага Поля: Гістарычныя апавяданні. Аповесць. Эсэ — Мінск: Логвінаў, 2010. — 302 с.
© Камунікат. org, 2012
Тры мужы спадарыні Дамінікі
Мінулае начы ў табары зноў бачылі Белагаловую. Яна прыходзіла ўжо трэці раз i забрала трэцяе жыццё. Пярэпалах сярод нямецкіх наймітаў, прысланых маркграфам магдэбургскім, узняўся раніцою, калі недалічыліся рыцара Зігфрыда фон Бока. Ягоны намёт стаіць побач з абозам караля i вялікага князя, значыцца, Белагаловая прайшла зусім побач.
Першым i другім яе абраннікамі былі вугорцы. Тыя браты-блізняты, што не пахавалі Белагаловую разам з астатнімі, a павезлі яе ў лес.
У маім намёце напалена, але з-пад драўлянага насцілу падлогі цягне холадам i нязводнай вільгаццю. Калі прылегчы на край ложка i накінуць зверху ўлюбёную посцілку з павамі, робіцца прытульней.
Я апускаю павекі i вяртаюся ў той адвячорак, калі да Полацка нам заставаліся два дзённыя пераходы. Наперадзе, пракладаючы шлях у прыбярэжным зарасніку, ішла вугорская пяхота, але першымі ўбачылі пльггы з людзьмі дазорцы полацкага кашталяна Юрыя Зяновіча.
Нашы жаўнеры кінуліся ў ваду, не сыходзячы з коней, i хутка павыцягвалі малыя, на чатыры бервяны, плыты на бераг.На плытах прыплылі два дзесяткі мерцвякоў. Яны ляжалі на беразе, зусім голыя або трохі прыкрытьм мокрымі лахманамі, з аднолькавымі смяротнымі ранамi злева, дзе сэрца. Гэта былі мужчыны — сівабародыя i бязвусыя, мажныя i сухарлявыя, цёмнавалосыя i русявыя. Кожны быў намёртва прыпяты да бёрнаў вяроўкаю з конскага воласу, нібыта яшчэ мог пасля удару ў сэрца ўваскрэснуць i ўратавацца. А можа, ix спачатку прывязвалі, а потым ужо разлучалі з жыццём?
Я паволі ехала ўсцяж вусцішнага тагасветнага шыхта, i мой малады буланчык палахліва раздзьмуваў ноздры, усхрапваў i адварочваў галаву. На тварах i ў ашклелых вачах нябожчыкаў мой позірк не сустракаў ні страху, ні болю, ні благання пра літасць, Яны глядзелі на жывых спакойна i без ніякае зайздрасці — пэўна, па дарозе паспелі прывыкнуць да свету мёртвых.
За гэтыя гады я звыкла да жахаў вайны. Я бачыла целы без скуры, бо немцы часта здзіралі з забітых чалавечы тлушч, маючы яго за найлепшы сродак гаіць раны. Я бачыла закатаваных маскавітамі немцаў: звязаўшы палонніку рукі, стральцы ранілі яму жывот i ўсё цела так, што ўтвараўся суцэльны панцыр з ранаў. Мне даводзілася бачыць касцякі палонных, якіх маскоўскія ваяводы загадалі зварыць жыўцом у вялізных саганах. Над Дзісною пан Каспар Бекеш паказаў мне жудлівую грону павешаных на запаведным дубе маладзіц, на якіх царскія татары практыкаваліся страляць з арбалетаў, цаляючы ў грудзі i ў пупок.
Чалавек да ўсяго прывыкае, але ў тую хвіліну, каля плытоў на дзвінскім беразе, нечая невідочная рука так перацяла мне горла, што я не адразу здолела выдыхнуць. Ад краю, поруч з маладзёнам, якога перад смерцю катавалі, бо ён не меў левага вуха, а правая яго рука выдавала на крывавую аладку, поруч з гэтым маладзёнам, на вуснах якога застыгла ўсмешка нянавісці, ляжала прывязаная да таго самага плыта маладая жанчына.