Читать онлайн «Няголены ранак»

Автор Вольга Гапеева

Вольга Гапеева

Няголены ранак

1

+

Іхнія целы я вуснамі вывучала

забывалася на ўсіх астатніх што ў мяне былі

на тое што трэба дыхаць і есьці

што я не яны

і іншым пачуцьцям належу

І толькі калі імёны іх блытацца пачыналі

я адчыняла

краны з вадою

вокны наросхрыст

слоўнікі

файлы з докаўскім пашырэньнем

нават званіла ў амбасады

каб толькі пачуць што ўсё па-ранейшаму і ўсё на сваіх

месцах

У нашых стасунках не было разуменьня пра вочы

толькі слых   толькі форма

       дотык і постаць вага рытм і рухі

націскаў жорсткія пацалункі   тонаў абдымкі

                  ды інтанацыі танцы на самотнай пляцоўцы

вакзалаў

з якіх яны ад’язджалі

на шчацэ маёй пакідаючы

памадныя петлі

доўга будзе за рот мой трымацца ўсьмешка

напэўна так адчувае сябе блазан калі гледачы разышліся

часам няпроста паверыць што вецер -

                                                 усяго толькі розніца ціскаў

часам словазлучэньне больш

                                          чым проста зучэньне двух словаў

+

я застаюся

я застаюся павінна табе адну маленькую рэч

пакуль

пакуль высьпявае яна ў мангравым лесе

неба

не ба

яцца ня трэба

пазыкі вяртаць я ўмею

проста пакуль яшчэ рана

рана не зацягнулася добра

і не зацягнула мяне ў ложак

фея паверхам вышэй

я абавязкова вярну табе гэту маленькую рэч

вецер гайдае бамбук

такі зялёны і горкі як мой

паца...

па цалафанавым моры я паплыву

каб даплыць і вярнуць адну маленькую рэч

пекін

31 траўня

год невядомы

+

Пакуль ты забываесься на маё імя

удзень па літары

як ніякае іншае цела

я буду ляжаць

пад нацягнутымі правадамі

на ўскрайку

усёдаравальнай электрастанцыі

і як ніякая іншая птушка

схаплюся рукамі

аголеных дротаў

каб скараціцца

пад вокам левым тваім

цягліцай

і зьведаць

чым ёсьць

Імгненьне

+

я сыду калі ніхто не сыходзіць

я прыйду калі не прыйдзе ніхто

вераснёвая поўня мне грудзі

абмывае штоноч малаком

ты не сьпіш, ты па вуліцах ловіш

чорных цэрбэраў на сваю душу

павяртайся дадому, родны

не табе і ня я скажу

у маіх валасох вецер

калыхае сваіх ветранят

ты раўнуеш

і на сотай дзяўчыне

ставіш ейнай цнатлівасьці мат

шах!

+

так і буду стаяць

ля пад’езду не твайго дому

і званіць а дванаццатай ночы чужым людзям

мне ніхто не адчыніць

і ніхто мяне не прагоніць

мокры куст   лужыны

            падарунак

што застаўся ляжаць ля дзьвярэй зьбеглага сьвята

ды абыякавасьць

якая рагоча зь мяне такой недарэчнай

гэта з ёй пасябрую

і магчыма мы пачнём жыць разам

а пасьля ў нас нават з’явяцца дзеці

якім мы ў свой гонар

не дадзім аніякіх імёнаў

і каханьне для нас застанецца

ніякага роду

+

на новым трамваі

я ад’язджаю

ад цябе

ад нясказаных словаў

нехта з нас

быў не гатовы

нехта з нас

напалову

галоўнае

ня плакаць і

не прывязвацца

да цёплых словаў

з тваёй інтанацыяй

знайду сабе пугу

каб па позірках хвастаць

што мкнуць да цябе ў палон здацца

- месца!

нават ня думаць пра гэта!

прымушаць сябе есьці

бараніць ад абсэнту

- я з радасьцю з’еду

- ну, а я мушу...

мінус мадальнасьць

такі вось вечар

+

п а ч ы р в а н е е

хворае сэрца

што сядае ў хмары

на дзень наступны

абяцаючы тузін сьнегу

ледзь адарваўшы ад замерзлых парэнчаў пяткі

стану на тры сантымэтры бліжэй да

стомы

якую ты разам з хлебам

кідаеш качкам

хруснула нешта

і час цяпер я адлічваю