Читать онлайн «Натуральная афарбоўка»

Автор Ольгерд Бахаревич

Альгерд Бахарэвіч

НАТУРАЛЬНАЯ АФАРБОЎКА

ТАЛЕНТ ЗАІКАНЬНЯ

Я заікаюся. Усім тым нецярплівым, роспачным словам — вялікаму мноству словаў! — якія я хаваю ў сабе, вельмі рэдка надараецца магчымасць пакінуць маю гартань безь перашкодаў. Я мог бы быць надзвычай красамоўным, стаць выбітным адвакатам або тэлежурналістам, пераконваць самых упартых моцаю свайго красамоўства, караць ці мілаваць — як пажадаю! — калі б ня гэтая непрыкметная, сапсаваная дэталь у маім арганізму, якая бразгае ўнутры, калі я, спатыкаючыся, бягу наўздагон адыходзячаму аўтобусу размовы.

Усё адбываецца так. Які-небудзь капрызны гук, найчасьцей к альбо л, што паслухмяна рушыць наперадзе падрыхтаванай фразы, раптам упіраецца шкоднымі лапкамі ў сьценкі гартані, моршчыцца, хныкае. Тыя, што йдуць ззаду, раздражнёна напіраюць, ціснуць небараку ў сьпіну, але паганы гук не здаецца. Ладны шэраг руйнуецца, суразмоўца адводзіць вочы ці наадварот, заахвочвальна хітае галавой, ветліва чакаючы, пакуль я ўсё ж выкажу тое, што хацеў. Але думкі ягоныя ўжо не перасякаюцца з маімі, ён думае адно пра маё заіканьне. Я адчуваю, што не магу выказаць неабходнае гэтак прыгожа і абгрунтавана, як хацеў, і мяне трасе ад панічнага страху. Ліхаманкава я спрабую сказаць тое самае іншымі словамі, і часам гэта атрымліваецца. Але куды падзелася мая гіронія, прыцэльная дарэчнасьць сказаў, дасьціпнасьць і спакой у голасе, якія толькі што гатовыя былі напавал ачараваць суразмоўцу? Гутарка страчвае сэнс, чалавек насупраць недаўменна глядзіць на мяне, шкадуючы й пагарджаючы адначасова, і неўзабаве сыходзіць, уносячы з сабой свой дар вымаўляць гукі гэтак жа лёгка й натуральна як дыхаць, — вялікі дар, усё шчасьце якога яму ня дадзена ўсьвядоміць ніколі.

„Гэта не хвароба... так, — дэфэкт маўленьня,”— кажа мне сябра майго прыяцеля. „Імпатэнцыя — значна больш страшная рэч,”— адгукаецца на гэта, усміхаючыся брыдка ў вусы, мой далёкі сваяк. „Лепш бы я заікаўся,”— шэпча мне сьляпы. „Ад гэтага яшчэ ніхто не паміраў,”— кладзе сваю руку на маю знаёмая майго знаёмага.

Як я ненавіджу гэтае спачуваньне!

Я сьмяюся разам з усімі, калі распавядаюць показкі пра заікаў, але ў гэты момант мне пакутліва карціць давесьці ўсім вам, што маё заіканьне — гэта часова, гэта толькі калі я ўсхваляваны, а так я гэткі ж балбатун, як і вы. Але сам распавесьці показку я ня здольны. Спрабаваў — успамін пра тую ганьбу дагэтуль прымушае мяне заікацца яшчэ мацней. Часам я забываюся і пачынаю трэсьці языком: „Слухайце анэкдот... ”, але тут жа сяброўская рука мякка кладзецца мне на плячо — лепей ня трэба. Той натужны, фальшывы сьмех, які яны выціскалі зь сябе, зь цяжкасьцю дачакаўшыся фіналу, надоўга адбіў у мяне ахвоту размаўляць навогул. Але ж мой анэкдот быў смешны. Дужа смешны. Я належу да праклятага племені заікаў, да тых людзей, мову якіх на пісьме, як жаўнеры ў ачапленьні, найбольш удала перадаюць значкі, што адзьдзяляюць літару ад літары: „л-л-л-літару ад л-л-л-літары”... Нашая мова ў тэксьце гэтак жа кідаецца ў вочы, настолькі ж прыкметная, быццам двое з нас гучна загаварылі, стоячы ў самай гушчыні натоўпу. Нас заўжды абіраюць нікчэмныя пісьменьнікі, каб ачалавечыць нейкі пэрсанаж, які зусім не атрымліваецца жывым. Вось гэты будзе лысы, гэты — з хранічным насмаркам, а гэты будзе заікацца. Глядзіш — і паверыць чытач.