Сабака, вярнуўшыся з палявання, шукаў і не мог знайсці любага Шчанюка. Ніхто з жывёл не прызнаўся ў забойстве, толькі Кот сказаў, што Сабака дарма шукае свайго сына. “Жывёлы забілі яго, падралі на дробныя шкуматы і з’елі!” - так Кот агаломшыў Сабаку. Тут усе жывёлы абурыліся... “Ты сам падбіў нас забіць Шчанюка!” - “Ты першы пачаў ірваць яго кіпцюрамі!” - “Ты з’еў апошні самы смачны кавалачак ягонага вуха!” Раз’юшыўся Сабака і кінуўся на Ката. Той спрытна ўзляцеў на плот, з плота пераскочыў на страху гумна, са страхі перабраўся на дрэва, з дрэва саскочыў на дах дома... Карацей, тым разам Кот ад Сабакі ўцёк. Але з таго самага дня ўсе сабакі не любяць катоў. Не любяць і кідаюцца на іх. Не ведаю, як там у вас, а ў нашым Віленскім краі менавіта так. Дарэчы, раней у тутэйшых катоў на хвастах былі кутасы, як у львоў. Дык сабакі паабрывалі ім тыя кутасы.
Зялёная галава
Маладая жонка кінула старога мужа і пайшла да маладога каханка. Чую пра такое маладое і брыдкае ды згадваю віленскага доктара - сівабародага Максіма Куля. На старасці гадоў паважаны доктар захапіўся медсястрой Святланай. Тая доўгі час адмаўляла Максіму, а потым пагадзілася на вяселле і стала Святланай Куль.
Дзяўчыне было сумна са старым доктарам, і яна злюбілася з маладым шафёрам “хуткай дапамогі” Зміцерам Мурашкам. Неўзабаве Святлана кінула доктара і пайшла жыць да шафёра. Стары Куль зазлаваў і пракляў здрадніцу так, што ў яе на месцы чалавечай галавы з’явілася зялёная галава чарапахі са змяіным раздвоеным языком. Доктар быў упэўнены, што шафёр пабачыць зялёную галаву і прагоніць Святлану з хаты.
Куль памыліўся, бо Зміцер Мурашка пакінуў жонку ў доме і пачаў шукаць па ўсёй Вільні сродкі, каб замест зялёнай галавы чарапахі вярнулася чалавечая галава медсястры. Усе раілі шафёру ісці да доктара Куля, казалі, што толькі ён можа вырашыць пытанне з заменай зялёнай галавы.
Мурашка пайшоў да Куля і напрамілы бог прасіў, каб той вярнуў жонцы- здрадніцы чалавечае аблічча. Доктар пашкадаваў маладых людзей, шафёра Зміцера і медсястру Святлану. Доктар на тое і доктар, каб шкадаваць чалавека і дапамагаць у бядзе. Куль зняў са Святланы праклён. Зялёная галава чарапахі знікла, а на яе месца вярнулася галава чалавечая, адно што на памяць пра здраду ў жанчыны назаўсёды застаўся раздвоены язык змяі.
Чырвоная бутэлька
Гісторыю пра чырвоную бутэльку я пачуў ад п’яніцы Алега. Зазвычай ён п’е, седзячы на прывакзальным пляцы. Алег пачынае піць раніцай. Пачынае з маленечкай шкляначкі піва. Тут яго і падпільноўваюць розныя безграшовыя дзяды. “Пакінь глыток!” - просяць. Алег шчодры. Ён пакідае паўглытка піва на сподзе аднаразовай шклянкі. Паўглытка не шкада.
Расскажите нам о ваших литературных предпочтениях – выберите интересные вам жанры и поджанры
Мы собрали для вас персональную книжную подборку на основе ваших предпочтений.