Читать онлайн «Праклятыя госьці сталіцы»

Автор Ольгерд Бахаревич

Альгерд Бахарэвіч

Праклятыя госці сталіцы

Раман

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

Мінус

1.

Увесь дом чуў, як яго зачыналі: жонка мясцовага актывіста Мінуса, якая віталася з суседзямі заўсёды шэптам, на гэты раз лямантавала як рэзаная, насаджваючы нядаўна пабудаваную хрушчоўку на свой крык, нібы мяса на шампур. Мужчыны весела падміргвалі адзін аднаму, кабеты, хаваючы абурэньне, удавалі трывогу: ці мала што? (хаця б вокны пазачыняла)... Аднак столькі было ў гэтым ляманце радаснай моцы, моцы сусьветнага патопу, такім ён быў красавіцкім, антысавецкім, усепераможным, што нават школьнікі, якія гулялі ў двары ў штандар, разумелі: цётцы вельмі, вельмі добра... Дый не магло, ня мела права ў кватэры нумар дзевятнаццаць адбыцца анічога благога, там заўсёды жылі як душа пад душам Шарко. Так што калі таварыш Мінус з папкай пад пахаю вяртаўся дахаты з таварыскага суду, суседзі сустракалі яго звычнай нянавісьцю, і толькі малады практыкант з жэку чамусьці горача паціснуў руку.

Як і ўсе тутэйшыя дзеці, Назар Мінус нарадзіўся з жоўтай плямкаю на правым прадплеччы, падобнай да лішая. Гэта быў час, калі вэтэраны вайны яшчэ не кусалі людзей у цёмных завулках, і марозіва рабілі з малака. У суседнім пад’езьдзе жыў хлопчык Родзя, і ўсё на сьвеце было Родзіна. Грэлася на пліце вада ў эмаляваным вядры, майдадыр са злавесным шкробатам наточваў свой інструмэнт, і кляксонамі павісквалі прывязаныя да калыскі гумовыя качкі. Сястра нехаця малілася на кухні сьвятому Валодзю. Назар Мінус узяў нагу ў руку й ціха прамовіў:

– Не разумею.

Тут жа па-над ім навісла сястра, вялізная, нібы цэпэлін. Чорнымі ад атраманту рукамі ўхапілася за пруты калыскі – блізка, так невыносна блізка: “Мама, мама, ён сказаў мама!”.

Зьбегліся, торгалі, як на таржышчы. Апоўначы прыйшоў Мінус-старэйшы, давіўся макаронамі пад сьвісьцячы жаночы шэпт. Падыйшоў да заснулага Назара, паглядзеў са шкадаваньнем: біцэпсаў не відаць, і ростам ня выйшаў – дзе ж такога на бам адправіш.

2.

Тым вясёлым і знаходлівым, хто вызначае будучыню па палёце птушак, а нацыянальнасьць – па форме носу, адразу адкажам на галоўнае пытаньне:

– Не.

3.

Ніхто з нас ня памятае таго часу, калі знаходзіўся ў мацярынскім чэраве; сэйсмічныя хвалі на жончыным жываце не абуджаюць у мужа ўспамінаў пра колішнюю ўласную шчасьлівую адзіноту, дый сама жонка глядзіць на іх як на нечуваны цуд, забыўшыся, што калісьці лупіла кагосьці нагою пад рэбры. Відаць, надта ўжо жахлівай была тая гвалтоўная калектывізацыя, настолькі жахлівай, што памяць пра яе пасьпешліва сьціраецца з нашай сьвядомасьці разам з ранейшымі ўспамінамі – як з дыскеты. Інакш бы людзі да канца дзён жылі пад цяжарам гэтай незваротнай страты, чалавецтва ператварылася б у статак занудаў-экзыстэнцыялістаў, цэрквы будавалі б у форме вагінаў, жыцьцё лічылася б сьмерцю, а зачацьце – злачынствам, людзі б толькі й рабілі што ўздыхалі пра страчаны рай; усе сысуны на зямлі хадзілі б злыя й паўасьлеплыя; пасьля такога прасторавага скачку ніхто б ня марыў ні пра асваеньне космасу, ні пра будаўніцтва камунізму. Нехта абараняе нас ад родавага шоку, клапатлівай рукой асьвяжоўваючы нашу памяць зноў і зноў. Яму патрэбныя чыстыя носьбіты. Толькі вось дзеля чаго?