Читать онлайн «Мой радавод да пятага калена»

Автор Уладзімір Арлоў

Уладзімір Арлоў

МОЙ РАДАВОД ДА ПЯТАГА КАЛЕНА

Эсэ

Падрыхтаванае на падставе: Уладзімір Арлоў, Мой радавод да пятага калена: Эсэ — Мінск: ВЦ «Бацькаўшчына», 1993. — 184 с.

© Інтэрнэт-версія: Камунікат. org, 2008

Незалежнасьць - гэта...

Незалежнасьць - гэта калі ты зьявісься на сьвет у радзільні, дзе няма сама стэрыльных на зямлі прусакоў, затое ёсьць аднаразовыя шпрыцы й пялюшкі. Незалежнасьць - гэта калі твой бацька пойдзе ў ЗАГС, каб атрымаць дакумент, што ты сапраўды нарадзіўся і што цябе назвалі ў гонар дзеда Рыгорам, і кабета, якая сядзіць там, спакойна выпіша яму гэты дакумент, а ня выцягне са стала «Справочник личных имён народов СССР» і ня будзе, размахваючы ім, гістэрычна тлумачыць твайму бацьку, што ён можа без праблем назваць сына Файзулой ці нават Мамаем, а вось Рыгорам - ня можа, бо такога імя проста не існуе ў прыродзе (а существует нормальное человеческое имя Григорий).

Незалежнасьць - гэта калі ты пойдзеш у школу і цябе будуць вучыць на тваёй мове (а дзяўчынку Гражынку, якая падабалася табе ў дзіцячым садзе, - на яе мове, а твайго суседа хлопчыка Мішу, тату якога завуць Ісакам, - на ягонай, а другога твайго суседа хлопчыка Алёшу, бацькі якога прыехалі сюды, бо ў іхнім горадзе на Волзе, каб купіць малому малака, трэба займаць чаргу а пятай гадзіне раніцы, - на ягонай). Цябе будуць вучыць на тваёй мове, і дзеля гэтага тваім тату й маме ня трэба будзе ўсё лета зьбіраць па кватэрах заявы бацькоў, якія не тое каб не хацелі вучыць сваіх дзетак так, як твае тата й мама, а проста ніколі пра гэта ня думалі, бо вырасьлі пры інтэрнацыяналізьме.

І гэтыя заявы не трэба будзе губляць тры разы дырэктару й два - сакратарцы, і першы верасьнёвы дзень ты не пачуеш на ўрачыстай лінейцы, што «год от года хорошеет материально-техническая база нашей школы», а прыйшоўшы ў сваю клясу не даведаесься, што дзякуючы няўхільнаму клопату партыі й ураду, у вас на ўсю клясу толькі адзін лемантар і дзьве «матэматыкі» на роднай мове.

Незалежнасьць - гэта калі твая дружына ня будзе змагацца за права насіць імя Паўліка Марозава ці Аляксандра Мясьнікова, бо ўсе вы цудоўна ведаеце, як любіў свайго татку Паўлік і як любіў беларусаў Мясьнікоў.

Незалежнасьць - гэта калі ты будзеш студэнтам і на лекцыі па вышэйшай матэматыцы твой смуглявы раўналетак з Мадагаскару, які вучыцца за грошы сваёй, а не тваёй краіны, нахінецца да цябе і запытае, што значыць слова «імавернасьць», і ты па-французку растлумачыш яму.

Незалежнасьць - гэта калі ты будзеш служыць у войску не далей за памежны горад ці вёску твае зямлі, затое табе ніколі не загадаюць фарбаваць траву і прыбіраць тэрыторыю «вот от сюда и до обеда». У нядзелю ты зможаш прыехаць да бацькоў ці да свае дзяўчыны, затое ніхто не назаве цябе «бульбашом», а твайго сябра - «черножопым» за тое, што вы думаеце й гаворыце ў сьне па-свойму, і выдатнікі баявой і палітычнай падрыхтоўкі ня будуць у працэсе гэтай падрыхтоўкі рабіць табе «велосипед», і табе ніколі не загадаюць гастрыць сапёрную рыдлёўку, каб акапацца ў Баку ці ў Тбілісі.

Незалежнасьць - гэта калі твая дзяўчына кажа, што хоча на выходныя ў Вену, і ты з чыстым сумленьнем абяцаеш ёй, што ў суботу вы вып'яце кавы насупраць палацу Шонбрун, і ведаеш, што перад вашай вандроўкаю ніхто не будзе высьвятляць у цябе, ці быў ты ў дзяцінстве жыдом, а таксама, ці быў ты раней за мяжою і калі вярнуўся адтуль, дык зь якой мэтаю.