116181530

Читать онлайн «Эрыніі»

Автор Юры Станкевіч

Юры Станкевіч

Эрыніі

Міфы — гэта падзеі, якія ніколі не здараліся, але стала адбываюцца.

Салюстый, IV стагоддзе

Аповесць-антыўтопія

* * *

Цягнік з Мегаполіса грукатаў, вывяргаючы дым, які трапляў праз адчыненыя вокны і ў вагоны. У самым куце ля акна сядзеў малады чалавек, апрануты ў танныя тэніску і нагавіцы. На каленях яго месцілася дарожная сумка, а на лоб быў насунуты пашарпаны стэтсанаўскі капялюш. Акрамя яго і яшчэ двух-трох пасажыраў, у вагоне займалі месцы скрозь цёмнаскурыя і яўна выхадцы не з гэтых мясцін. Дзеці іх, рознага ўзросту, з віскам і крыкамі нахабна блыталіся пад нагамі. Вакол знарок брыдкасловілі, нават жанчыны, іншасказальна даючы яму зразумець, хто тут гаспадары.

Але малады чалавек не рэагаваў. Нават, меркаваў ён, калі б яны тут заняліся грумінгам ці пачалі мастурбіраваць — яму пляваць. Ён моўчкі глядзеў у вузкае расчыненае акно, за якім, змяняючыся, праплывалі пустынныя, выпаленыя сонцам краявіды з рэдкімі, убогімі пасёлкамі, і думаў пра сваё.

* * *

Стаяла адчувальная ліпеньская спёка. Слупок тэрмометра часам перавальваў за адзнаку сорак градусаў па Цэльсію ў цені. Шмат людзей, у большасці сталых гадоў, раптоўна паміралі ў гэтыя дні ў сваіх кватэрах-клетках, не абсталяваных кандыцыянерамі, у ліфтах, на вуліцах, ля крам, у іншых, часам не падыходзячых для такога, месцах. Дэфіцыт энергарэсурсаў у Мегаполісе толькі паглыбляў неспрыяльную сітуацыю; урэшце мала хто на гэта наракаў — пасля Катастрофы і такое існаванне лічылася амаль прымальным: на некалькі гадзін у суткі ўключалася святло, збольшага нават хадзілі аўто, працавалі крамы і выходзіла некалькі газет.

Сышчык КрымПа[1] па імені Следак, з націскам на першы склад, але якога ўсе калегі і знаёмыя называлі Слядак (на слэнгу і азначае — следчы), выехаў з адмысловым заданнем у Паселішча. Ускосная прычына, з якой ён адправіўся ў далёкі шлях, была дастаткова кур’ёзнай, з дамешкам не зусім здаровай сенсацыйнасці, але цалкам падыходзячай для яго прыкрыцця.

Мясцовы апантаны на мянушку Імбэцыл, — а Слядак адразу вызначыў для сябе, што «паганяла», магчыма, поўнасцю супадае з рэчаіснасцю, — дасягнуўшы пэўнага ўзросту, што адпавядала ступені яго палавога выспявання, пачаў паводзіць сябе неадэкватна. Прастымуляваўшы эрэкцыю, ён эякуліраваў у прабірку, а потым разам з двума-трыма непаўналетнімі лавілі якую дзеўку ці жанчыну, валілі яе на зямлю, распраналі і спрабавалі здзейсніць штучнае асемяненне — выліць у яе эякулят.

Все готово!

Мы собрали для вас персональную книжную подборку на основе ваших предпочтений.

1 из 10 оценок
Оцените как минимум 10 книг, чтобы рекомендации были
более точными
1 из 10 оценок