Читать онлайн «Беларусы, вас чакае зямля»

Автор Кастусь Акула

Кастусь Акула

Беларусы, вас чакае Зямл

Памяцi змагароў, што ахвяравалi жыцьцё за волю Беларусi

1

Сонца пражыла шыю, пот выступаў на лбе, каструбаватая кужэльная кашуля, добра нявыкачаная, вiдаць, валкам, церла бакi, а ў кiшэнi спацелая рука камечыла хрусткiя чырвонцы. Чырвеньскi дзень сухменем загаспадарыў над местам на ўзгорку, шырокай далiнай сенажацяў направа ды старымi, часта цяжарам гадоў пахiленымi бярозамi, што аж у два шэрагi з кажнага боку праводзiлi ў даль глыбоцкi гасьцiнец. Янук спынiўся на абочыне мiж касалапых бярозаў i пазiраў на ўсход. Дзесьцi гэтта крынiчылi першыя воды, зь якiх нараджалася Бяроза рака, названая яшчэ Бярэзiнай, а гэта таму, што быццам спад бярозы пачатак брала. Цi раз ужо хлапец абяцаў сабе знайсьцi тую крынiцу, але гэта, вiдаць, ня так проста было. Рака зьбiралася зь некалькiх рукавоў i трэба было хто ведае якую адлегласьць прайсьцi, каб на адно салiднае рэчышча натрапiць.

Над Докшыцамi панаваў млявы летнi супакой. У самым цэнтры чубам гусьцелi пышныя дрэвы, схавалася старая драўляная царква. Даўно спынiў млоснае бомканьне невялiкi звон, але сяляне, — гэта ведаў Янук, — пэўне таўкуцца навокал царквы групамi, кураць, перасейваюць-перажоўваюць страшную навiну.

Вайна!

Слова даляцела да Януковых вушэй ад сярмяжнiкаў i мяшчанаў. Падзея гэта, вiдаць, спрычынiлася, што больш народу вонках, чымся ў царкве было. Адно тады зразумеў юнак, чаму пазачынялi сяньня дзяўржаўныя крамы, у якiх звычайна «у выхадныя» гандлявалi.

Вайна!

Пяцiлiтарнае слова пырхала з адных вуснаў у другiя, насьцярожвала твары, моршчыла iлбы, спаралiжавала гарэзьлiвасьць i вясёласьць. Некаторыя твары распрамянiлiся цi ня ў сiлу таго, што «нiхай абы чорт прыйдзiць, абы ня гэтыя, абы зьмена». Скупасьць вестак пра вайну лажылася на заклапочаных тварах загадкай. Ведама было, што «Немiц бамбiў Кiеў i Коўна» яшчэ недзе на золаку. Хто каго пагнаў? Хто дужэйшы? Ведалi, што напаў «Немiц» ды i ўсё. Вестка тая зьявiлася, вiдаць, у траскучым дэтэктары «ня з гэтага, а таго боку».

Значыцца, праўда, бо «брахнi з гэтага боку» даўно верыць перасталi. Скупасьць навiн нарадзiла трывогу, няпэўнасьць. Што яна, гэта новая катастрофа, прынясе?

Злосны Янук, схiлiўшы галаву, памалу рушыў сьцежкай ля гасьцiнцу. Чэрцi! Пачакаць не маглi! Такую аграмадную гару каменьня вывез, кабылу зацягаў, першы ў жыцьцi касьцюм спадзяваўся сабе справiць. Ужо вакол таго касьцюму пляны вялiкiя снаваў. Уяўляў, як зьдзiвiцца Дуня, калi так прыгожа, як дзяцюк апрануўшыся, на вечарынку яе павядзе.

Рупiла Януку перад Стасем новым касьцюмам «пафарсiць». А як-жа! I перад Уладзiкам навет! А чаму-ж-бы й не перад iм? Тады няхай-бы зайздросьцiлi. Сваймi-ж рукамi зарабiў. А Дуня… Нашто ўжо ёй тады было-б на каго аглядацца, калi такога прыгожага свайго дзяцюка на вечарыне забаўляла-б… Дый тут мо не пра агляданьне на iншых iшло. Яна-ж ягоная дзяўчына была, прынамся так здавалася, хоць часам, — Бог яе ведае, — надта-ж гарэзiла. Упiкала яго гэта ейная нейкая зьверхнасьць, лёгкаважаньне. Быццам ласку табе рабiла прыгажуня, прост-напраст цудоўная, у панскiя модныя транты аздобленая. Што й гаварыць… Ляпей было-б дзяўчыну пры сабе трымаць, ад нейкiх чужнiкаў-байцоў яе адгарадзiць. Няхай бы бачыла, што ён — не жабоцька нейкi, а зусiм ужо ўзрослы, дасьпелы дзяцюк. Вось як!