Ольгерд Бахаревич
Плошча Перамогі
© Бахарэвіч А. І. , 2021
1
Уяві сабе лясную дарогу. Старую дарогу, пракладзеную сотні гадоў таму людзьмі, пра якіх ужо ніхто й памятае. Яна то звужаецца так, што на ёй дваім і разьмінуцца цяжка, то зусім губляецца ў зарасьніках. Часам гэтая дарога і не дарога нават, а проста запрашэньне ісьці наперад. А часам яна такая шырокая, што на ёй і два вазы спакойна праедуць, кожны ў свой бок, ды яшчэ і фурманы прыўзьнімуць капелюшы і перакінуцца лянівым словам.
Уяві сабе гэтую дарогу і не пытайся, дзе яна была і калі.
Зрэшты, вазы па ёй цяпер ня езьдзяць. Дый людзей на ёй рэдка можна пабачыць. Край, які перасякае гэтая дарога-зморшчына, адна з сотняў на мапе, замёр у чаканьні.
Зьверху дарога падаецца зусім пустой. Але птушкі ведаюць, што гэта ня так. У шатах дрэваў ідзе няспынны абмен паведамленьнямі. Бо цяпер па дарозе ідзе самотны чалавек. Ідзе, ідзе! – крычаць адны; жалеза! – дапаўняюць іншыя; стома, стома, сто, сто – супакойваюць трэція. Сто? Не, ён адзін, ён ня будзе страляць, ён пройдзе міма. Міма, міма! – выводзіць птушка і адразу забывае, як толькі чалавек зьнікае за паваротам. Шчасьлівая птушка.
Цяпер ты бачыш? Па старой лясной дарозе і праўда ідзе малады мужчына ў парваным чорным мундзіры. Толькі вялікія гузікі блішчаць на сонцы. На кожным гузіку – адамава галава. Мужчына ідзе па дарозе басанож, цяжка ступаючы, але мерным, злосным крокам. Боты ён прадаў, калі ўчора перапраўляўся праз раку.
На плячы ў мужчыны боўтаецца стрэльба, а на галаве горда тырчыць запыленая, пакамечаная, прыплюснутая зьверху шапка-трывуголка. На баку ў мужчыны вісіць біклажка, на дне якой булькае цеплаватая вада. Біклажка, якая яшчэ пахне віном, яна ўжо заўсёды будзе пахнуць кіслым салдацкім віном – і калі прымружыцца перад тым, як глынуць вады, можна ўявіць сабе, што ты п’еш за перамогу. За тое, што зноў застаўся жывы.Калі мы апынаемся адны на лясной дарозе, мы пачынаем сьпяваць. І нават калі ў нас няма ні слыху ні голасу, нам падаецца, што выходзіць зусім няблага. Калі ты сам і слухач, і выканаўца, то вы абодва маеце абсалютны слых. Мужчына ў мундзіры са стрэльбай набірае ў грудзі паветра і заводзіць песьню пра караля.
Што там у песьні далей, падарожны ўспомніць чамусьці ня можа. Таму ён зноў і зноў хрыпатым голасам паўтарае той самы куплет. Асабліва яму падабаецца апошні радок.
Ён пяе гэтыя словы так, нібы рагоча.
Іх і праўда хутка прывязуць дамоў. Абкладзеных ільдом мерцьвякоў на вазах. Там, куды яны выправіліся, было шмат лёду. Іх прывязуць, нібы здабычу. Замест багатых трафэяў, якія абяцалі Яго Вялікасьць. Прывязуць і кінуць у кучу на галоўнай плошчы. Можа, праз тыдзень, а мо праз два. Станю-пекара, і Жардзіну Людвіга, і Ганса-драчылу. І сотні тых, каго ён па імёнах і ня ведае. Толькі мянушкі: Жаба, Руды, Віскарык…