Кастусь Акула
Ад Аўтара
Дзярлiвая птушка
О, БЕЛАРУСЬ!
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
ЧАСТКА ДРУГАЯ
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
Сьпiс некаторых чужых або рэдка ўжываных словаў
Кастусь Акула
Дзярлiвая птушка
Ад Аўтара
Сёлета мiнае трыццаць гадоў ад часу масавага нiшчэньня беларускiх кнiжкаў у БССР. Зьнiшчана каля 2000 назоваў накладам звыш за 10 мiльёнаў. Сказаў-бы хто, што чужак-калянiзатар, высяляючы беларускi творчы й кiруючы элемэнт у Сiбiр, разбураючы культурныя асновы паняволенага народу, пераняў прыклад ад свайго блiзьняка-пачвары 20-га стагодзьдзя — гiтлераўскае Нямеччыны. Гэта не зусiм так. Беларускi навуковец С. Брага ў сваёй працы «Доктар Скарына ў Маскве» грунтоўна даводзiць, што Маскалi спалiлi Скарынавы кнiгi ў Маскве, калi слаўны сын зямлi беларускае, выдатны навуковец i першадрукар завёз iх туды для пашырэньня.
Улада маскоўскiх цароў, баяраў i царкоўнiкаў абапiралася тады на гвалце й народнай цемнаце. Яны пiльна сьцераглi, каб нiякi сьветач звонку не разагнаў цемры — асновы iхнага панаваньня. Усё, што бязь iхнага дабраславенства пранiкала ў Маскоўшчыну, падганялi пад агульны назоўнiк «хулы» i «ерасi». Баялiся, каб сьвятло навукi й праўды не дайшло да простых людзей. А Скарына-ж якраз i перакладаў на беларускую мову й друкаваў кнiгi Сьвятога Пiсаньня «для пажытку й дабра люду паспалiтага».
Ёсьць выразная паралель мiж лёсам Скарынавых кнiгаў у Маскве й тых, што амаль чатыры стагодзьдзi пазьней маскоўскiя калянiзатары спалiлi ў Менску. Тут i там Маскалi нiшчылi беларускiя навуковыя й культурныя каштоўнасьцi, бо баялiся, каб народ не пазнаў праўды й ня стаўся вольным.
Што-ж супольнага маюць гэтта прыгаданыя барбарскiя ўчынкi Маскалёў iз творам «Гараватка»?
Канкрэтную творчую працу над «Гараваткай» папярэдзiлi доўгiя роздумы.
Творчая йдэя мусiла дасьпець, трэба было яе вынасiць у сэрцы. Падчас гэтага выношваньня цi раз даводзiлася шкадаваць, што няма пад рукою сырца — значыцца, розных гiстарычных i мэмуарных матар'ялаў, што памаглi-б зазiрнуць у народную мiнуўшчыну. Чужакi-акупанты стагодзьдзямi забаранялi народу тварыць свае культурна-навуковыя скарбы, нiшчылi ў цяжкiх умовах створанае, зацiралi-замяталi сьляды нашых продкаў, каб нашчадкi былi сьляпыя.I на зьмену прыходзiлi iншыя думкi. Як-жа гэта сталася, што народ нашы, доўга прыгнятаны-ганьбаваны, пазбаўлены сваёй царквы, навуковых i культурных iнстытуцыяў, арганiзацыяў, даведзены да жахлiвае рабскае галiты, зусiм бязпраўны, так заняволены, што ўжо пазьней, каб выплысьцi з гэтага жахлiвага бяздоньня, мусiў насамперш дамагацца «людзьмi звацца»; як-жа народ гэты ня толькi ператрываў, але й захаваў сваю чыстую, багатую самабытнай культурай, народную душу? Дзе й у чым сакрэт народнае ўстойлiвасьцi?
Адказу давялося шукаць мiж жывых, намi знаных людзей. Гэтыя людзi жылi з намi й побач нас. Трэба было адно ўмець iх бачыць, да iх прыслухоўвацца. У безпрасьветнай цемры яны выглядалi простымi, звычайнымi. Адылi яны розьнiлiся ад iншых тым, што тварылi, вялi як умелi, ды безаглядна змагалiся з чужнiкамi за свой быт i правы. Прыгадайце непiсьменных, можна сказаць, вусных паэтаў i казачнiкаў, вясковых мудрацоў, таленавiтых мастакоў-самародкаў, сьпевакоў, якiм чужнiкамi былi пазачыняныя ўсе дарогi ў людзi. Народны фальклёр гэта-ж ня што iншае, як вялiкi багаж народнага мастацтва й мудрасьцi, якраз во створаны гэтымi людзьмi. У вольнай сваёй дзяржаве, здабыўшы навуку, гэтыя людзi вялi-б за сабой народ, былi-б ягонай славай. Колькi-ж нашых талентаў змарнела, або, выхапленых з народнае гушчы чужнiкамi-калянiзатарамi, пасьля сталася красой i славай чужых дзяжаваў i культураў!