Читать онлайн «Рэквiем для бензапiлы (на белорусском языке)»

Автор Владимир Орлов.

Орлов Владимир

Рэквiем для бензапiлы (на белорусском языке)

Уладзiмiр Арлоў

Рэквiем для бензапiлы

У даўно адляцелую ў вырай восень я сустракаўся з жанчынаю, ад якой у пэўны момант нашых спатканняў абавязкова чуў, што, калi я маўчу, яна думае, нiбыта патрэбная мне толькi дзеля аднаго. Яна гатавала добры глiнтвейн i валодала яшчэ некаторымi рэдкiмi якасцямi, а таму, унiкаючы непераканаўчых апраўданняў, яе дзяжурную просьбу не маўчаць я звычайна выконваў.

Трэба прызнацца, што метафiзiчныя разважаннi пра мастацтва як санкцыянаваную галюцынацыю альбо пра сон як анклаў смерцi, дзе мы вучымся будучаму дасканаламу сну, не выклiкалi ў яе прылiву цiкавасцi, i, каб запаўняць тыя прамежкi часу, калi мы не займалiся нечым больш iстотным, была вынайдзеная простая, але надзейная схема. Я апавядаў ёй розныя займальныя гiсторыi. Спачатку ў ролi iх герояў фiгуравалi калегi, потым унiверсiтэцкiя выкладчыкi i аднакурснiкi, а паколькi восень стаяла сырая i халодная i нашы маладыя iстоты зноў i зноў прагнулi глiнтвейну, рэтраспекцыi хутка дасягнулi тэрыторыяў дзяцiнства, i мая сяброўка пачула пра Юрку Весялова.

У адрозненне ад iншых гэтая гiсторыя не магла ганарыцца закончаным сюжэтам. Пасля ўсяго, што прычынiлася з iм у Полацку i Менску, Юрка трапiў у Афганiстан, адкуль не вярнуўся нi жывы, нi ў цынкавай труне, дарма што п'яны гарадскi ваенком уручыў ягоным бацькам медаль "За отвагу". А неўзабаве ў Полацак заявiўся маладжавы чалавек у супермодным тады крымпленавым гарнiтуры. Ён рэкамендаваўся карэспандэнтам маскоўскай газеты i збiраўся пiсаць пра Весялова нарыс, дзеля чаго найперш iмкнуўся высветлiць, якое месца ў Юркавым жыццi займалi жанчыны i спiртное.

Нiчога я таму "карэспандэнту", вядома, не сказаў, хоць абсалютна дакладна ведаў: жанчыны (дакладней, жанчына) i спiртное (а менавiта пляшка белага сухога вiна) сапраўды адыгралi ў лёсе Юркi Весялова фатальную ролю.

Смакуючы ў тую восень духмянае гарачае пiтво, я не мог i ўявiць, што праз колькi гадоў у Клiўлендзе, штат Агаё, праз знаёмых беларусаў буду запрошаны ў дом да чалавека з ангельскiм iмем, ангельскiм прозвiшчам i вачыма колеру валошак на ягоным кветнiку пад вакном, да чалавека, якi адкаркуе рукою без двух пальцаў пляшку вiскi i, выправiўшы сваю Пэгi на кухню, раптам пяройдзе з ангельскай мовы на расейскую i спытае без усякага акцэнту, цi не даводзiлася мне, паколькi я палачанiн, чуць пра земляка з прозвiшчам Весялоў, а калi на дне пляшкi не застанецца нi кроплi бурштынавага напою, Юркава гiсторыя набудзе безнадзейную завершанасць, дзякуючы чаму сёння, зварыўшы кубак глiнтвейну, я маю магчымасць расказаць вам яе да канца. Пагатоў не выключана, што сярод вас апынецца жанчына з тых дажджлiвых восеньскiх дзён, якая ўзгадалася мне, напэўна, проста з прычыны падабенства яе ножак з ножкамi жыхаркi Клiўленда Пэгi.

Калi апавядаць усё па парадку, дык варта пачаць з таго, што недзе ў Расеi ёсць горад Гусь-Хрустальны, а там - славутая гута. Я выдатна мог бы абысцiся без гэтае геаграфii, каб да таго часу, як мне iсцi ў школу, шклозавод не пабудавалi i ў Полацку i каб з таго Гусь-Хрустальнага не прыехалi да нас расейскiя спецыялiсты. Карацей, як пяецца ў адной беларускай народнай песнi трыццатых гадоў XX стагоддзя, "нам Масква прыслала падкрапленне".