Читать онлайн «Рыба i iншыя (на белорусском языке)»

Автор Владимир Орлов.

Орлов Владимир

Рыба i iншыя (на белорусском языке)

Уладзiмiр Арлоў

Рыба i iншыя

Ёсць мiльён спосабаў пачаць гэты аповед.

Я пачынаю яго так.

Уявiце гарадскую травеньскую ранiцу з рэдзенькiм туманам, што пахне чаромхаю i хiмiчнымi злучэннямi. У белай квеценi на беразе ракi астатнi раз усхлiпвае ачмурэлы ад гэтых водараў салавей. Паблiзу ягонага схову над аднапавярховымi мяшчанскiмi мураванкамi канца мiнулага стагоддзя падымаецца абшарпаны белы сабор з iржавымi купаламi, а трохi далей - былая кiрха з чырвонае цэглы. Яшчэ вельмi рана, i на прыбярэжнай вулiцы можна ўбачыць хiба што ацеслiвую постаць нявыспанага вудаля.

Калiсьцi па гэтай вулiцы прабягаў з вудаю малы Францiшак Скарына. Умасцiўшыся на цёплым, як чарэнь бацькавай печы, каменi, ён пляваў на чарвяка або проста пляваў у ваду, задуменна гледзячы праз Дзвiну на кляштар бернардзiнаў, дзе манахi вучылi яго лацiне. Калiсьцi недзе тут, перад выправаю ў вялiкi свет па навуку, прыцiскаў да плота дзяўчат безбароды хлапец, якога потым будуць з пашанотаю называць Сiмяонам Полацкiм.

Зрэшты, падлетак у зашмальцаваных штанах-дудачках i ў светлым курцiку з невыразным партрэтам Джона Ленана, што брыдзе ў ранiшняй смузе па пустэльнай вулiцы з зашчэпленымi нанач аканiцамi, не шукае сустрэчы з ценямi продкаў. Сёння ўначы ён не заснуў нi на волас з iншае прычыны. Ягоная рука, што сцiскае сцiзорык, ужо дрыжыць ад знямогi, а павекi лiпнуць на вочы, як мухi на жоўтую лiпучку ў школьнай сталоўцы, дзе ён аднойчы з'еў у заклад трыццаць пончыкаў, запiўшы iх васемнаццаццю шклянкамi брыдкага шэрага кiсялю.

Малюючы гэты ранiшнi абразок, я прапусцiў адну iстотную дэталь. Увесь горад абклеены аб'явамi з паведамленнем, што заўтра тут адкрываецца чэмпiянат СССР.

Хлапчук са сцiзорыкам пачаў свой мудрагелiсты маршрут апоўначы i, крадучыся ад аб'явы да аб'явы, абышоў ужо амаль усе вулiцы. У кожнай абвестцы пра чэмпiянат ён акуратна выразае дзве лiтары.

Нястомная начная праца прытупiла пiльнасць, i хлапчук не заўважае, што яго ўжо даўно засеклi. Ён трапiў на вока мiлiцыi яшчэ каля помнiка Ленiну, якi тады i ў страшным сне не мог прыснiць, што здарыцца гадоў праз дваццаць з ягоным носам.

Прачытаўшы першую адрэдагаваную хлапчуком абвестку, двое мiлiцыянтаў шматзначна пераглянулiся i дазволiлi юнаму правапарушальнiку дзейнiчаць далей. Яны былi ў гуморы: у краiне разгортвалася змаганне з п'янствам, i ўчора ўвечары начальнiк гарадской мiлiцыi даверыў iм ганаровае заданне - завесцi на расстрэл у задзвiнскi лес два дзесяткi тутэйшых жлукталёў. Мiлiцыянты вырашылi браць злачынцу на гарачым тады, як "расстраляныя" дабрыдуць да горада. Да таго часу, па iхнiх разлiках, ён павiнен быў ухадзiцца з усiмi аб'явамi.

Калi рыбакi выцягнулi першага соннага курмеля, а з таго боку, дзе за ракой, над лесам, тырчэлi трубы мясцовага гiганта нафтахiмii, з'явiўся на мосце бязладны збой "расстраляных" п'янюгаў, у гэтую самую хвiлю хлапчук са сцiзорыкам бездапаможна таргануўся i павiс на руках у мiлiцыянтаў каля апошняй апрацаванай афiшы. "Укусiш, сука, - урэжу па нырках, - на ўсякi выпадак незласлiва сказаў сяржант. - Усё жыццё юшкай сцаць будзеш".