Читать онлайн «Я марыў стаць шпiёнам (на белорусском языке)»

Автор Владимир Орлов.

Орлов Владимир

Я марыў стаць шпiёнам (на белорусском языке)

Уладзiмiр Арлоў

Я марыў стаць шпiёнам

Сёння не будзем гаварыць нi пра паэта, якога амаль год трымаюць у турме за легкадумны вершык, нi пра чыесьцi спаленыя партрэты, нi пра новыя арышты.

Давай уявiм, што там, за вакном, звычайная для Эўропы прыпозненая вясна, i я раскажу табе якую-небудзь займальную гiсторыю, штосьцi такое, аб чым мужчына i жанчына, якiя адчулi прыхiльнасць адно да аднаго i ўжо не першы год адчуваюць яе да добрага чырвонага вiна, могуць гутарыць зараз за столiкам кавярнi недзе там, дзе разлiчваюцца кронамi альбо крэдытнымi карткамi.

Напрыклад?. . Напрыклад, калi пачынаць ab avo*, паслухай, кiм я марыў стаць у дзяцiнстве.

* Лiтаральна "ад яйка"; з самага пачатку (лац. ).

Зрэшты, я выказаўся не зусiм дакладна. Мары вырастаюць на падмурку хоць нейкага жыццёвага досведу, а я збiраюся казаць пра свае першыя гады, калi толькi пачынаў адасабляць сябе ад навакольнага свету, калi дарослыя ўжо бралi мяне з сабою ў кiно (тэлевiзараў на нашай вулiцы ды, пэўна, i ва ўсiм горадзе тады не было), але кнiга яшчэ доўга заставалася таямнiцаю за сямю пячаткамi. Тут, згадзiся, трэба весцi гаворку не пра асэнсаваныя мары, а пра своеасаблiвыя сны наяве...

Калi ласка, бутэлечку ламбрускi. Што яшчэ? Два келiхi i попелку.

Так, менавiта пра сны наяве, тлумачыць якiя мы павiнны, зыходзячы не з iх лiтаральнага сэнсу, а паводле той самай методыкi, што i сны звычайныя, у якiх злоўленая рыба абяцае не рыбалку, а цяжарнасць, а пажар - грошы.

Калi ў такiм узросце ў дзiцяцi пытаюцца, кiм яно хоча стаць, то вядуць дыялог з падсвядомасцю, а таму трохi дзiўна, што дзiцячым адказам на гэтае сакраментальнае пытанне не надавалi належнае ўвагi адэпты псiхааналiзу.

Афiцыянт не спяшаецца, i з твайго дазволу я пачну з таго, што выдатна памятаю не толькi тое, кiм хацеў быць, але i тое, кiм нi ў якiм разе не хацеў. Прычым гэты антывыбар, у адрозненне ад выбару са знакам плюс, нярэдка, як гэта здараецца i ў свеце дарослых, быў абгрунтаваны значна лепей. Вытлумачыць, чым той цi iншы чалавек табе не даспадобы, заўсёды, на мой погляд, прасцей, чым знайсцi прычыны сваёй прыхiльнасцi.

Дык вось, гадоў з двух з паловай я быў перакананы, што нiякая сiла не змусiць мяне, як вырасту, зрабiцца следчым.

Следчым працаваў дзядзька Чаглей, якi жыў у нашым драўляным доме праз сценку.

Дзядзька Чаглей прыехаў у Полацак з Сiбiры, але ў той дзень, калi ён падхапiў мяне сваiмi дужымi валасатымi рукамi пад пашкi i падкiнуў над галавой, а я з гэтае верхатуры абсiкаў яму блiскучы плех, у той дзень пра паходжанне нашага суседа, як i пра iснаванне ягонай далёкае радзiмы, я i не здагадваўся, а мой пругкi i трапны струменьчык нарадзiўся не ад нейкага перададзенага па генах асаблiвага пачуцця да сiбiракоў або да мiлiцэйскiх следчых, а ўсяго толькi ад лiшку радасных пачуццяў, што перапаўнялi маю юную iстоту.

Тым не меней пасля гэтага бяскрыўднага здарэння дзядзька Чаглей да скону дзён знелюбiў мяне. Ён нiколi - дарма што сваiх дзяцей яны з цёткай Клавай, якую ўсе звалi Чаглеiхай, не дачакалiся - не пачаставаў мяне нi цукеркаю, нi марозiвам, наогул нiчым, апрача нязменна насупленага калючага позiрку, якiм апошнi раз адарыў з труны пасля сваёй ранняе смерцi ад хваробы са смешнаю назваю "рак".