Читать онлайн «Гарэла сьвечка (на белорусском языке)»

Автор Владимир Орлов.

Орлов Владимир

Гарэла сьвечка (на белорусском языке)

Уладзiмiр Арлоў

Гарэла сьвечка

Калi пачую знакамiтае пастэрнакаўскае "Свеча горела на столе, свеча горела... " (а яшчэ - калi парэжуся лязом), мяне нязьменна агортвае той самы ўспамiн. У iм за вокнамi таксама з прысьвiстам круцiць завiруха, i гарыць на стале сьвечка, i на яе дзьме з кута скавыш, але на гэтым падабенства сканчаецца: ня падаюць на падлогу жаночыя чаравiчкi, ня капаюць на скiнутую сукенку гарачыя кроплi воску, агонь спакусы не ўздымае, як анёл, сваiх крыжападобных крылаў, i двое каханкаў не зьнiкаюць у сьнегавой iмгле экзыстэнцыйнага часу.

У тым успамiне на мяне не мiргаючы глядзяць вочы аднаклясьнiкаў, каля сьвечкi ляжыць аркушык паперы, зь якога я зараз павiнен прачытаць тэкст прысягi, а клясная кiраўнiчка працягвае мне лязо: спачатку яго трэба прадэзiнфiкаваць у язычку полымя, потым чыркнуць сабе па пальцы й расьпiсацца крывёю. Насьмешлiвыя позiркi аднаклясьнiкаў i спалохныя - аднаклясьнiцаў робяцца нясьцерпнымi. "Не!" - крычу я i, дзьмухнуўшы на сьвечку, выбягаю ў школьны калiдор.

Так зрываецца маё ўрачыстае ўступленьне ў атрад чырвоных сьледапытаў.

Час дзеяньня - 1968 год. Месца - наваполацкая школа, куды я прыйшоў, пераехаўшы з Полацку, дзе ў такiя гульнi мы не гулялi.

Вядома, мiкробы пацыфiзму ў нашыя правiнцыйныя палестыны тады яшчэ не заляталi. Колькi сябе тагачаснага памятаю, мы, як i некалькi пакаленьняў нашых папярэднiкаў, да самазабыцьця захоплена гулялi ў "вайнушку".

Калi я пайшоў у першую клясу, трохi старэйшыя хлопчыкi судзiлi i, паводле прысуду, павесiлi пад мостам над Палатой свайго аднагодка, прызначанага "Гiтлерам". Кажуць, такiя выпадкi, асаблiва ў першыя паваенныя гады, здаралiся ня толькi ў Полацку.

Ролю эсэсаўца з сваёй ахвоты ў нас звычайна выконваў Коля Кiрпiчонак.

Ён спрытна пырскаў праз шчарбiну асцой i цадзiў "юдэн, камунiстэн, камiсарэн. Буд'ем немношко стрэляйт" з такой натуральнасьцю, што маленькiя сэрцы безнадзейна абрывалiся ў сьцюдзёную бездань. (Мой сябра Вова Цымэрман, хоць i быў з усiх нас самы дужы, у такiя гульнi - вiдаць, дзякуючы геннай памяцi нiколi не гуляў, затое ў пятай клясе, падпiльнаваўшы "эсэсаўца" Колю ў вечаровым завулку, моўчкi i з асалодаю зьбiў таго на горкi яблык. )

Сьпярша з гэтай вайной-вайнушкаю ўсё было проста й ясна. "Нашы" непазьбежна перамагалi "немцаў". "Нашы" былi спрэс героямi, а "iхныя" мярзотнiкамi. Гэта была такая ж аксыёма, як i тое, што малочнае марозiва ў летамцы каля рынку каштавала 9 капеек.

У якi час у дзiцячай душы зашкрэблася жамярыца сумневу - узгадаць, бадай, немагчыма.

Мiнецца шмат гадоў, пакуль хлопчык, што на допыце пляваў Колю Кiрпiчонку ў твар i нiкога не "выдаваў" (а Коля, выцiраючы рукавом плявок, балюча бiў "партызана" ў бок нагою ў "эсэсаўскiм" кiтайскiм кедзе), зразумее, што вайна гэта гераiзм i брудная палiтычная гульня, адвага й баязьлiвасьць, разьлiк i безразважнасьць i шмат чаго iншага, прычым разьмеркаванага зусiм ня ў строгай адпаведнасьцi з тым, чыя вайна - справядлiвая, а чыя - не. I яшчэ больш гадоў пройдзе, пакуль той хлопчык сустрэне ў Васiля Гросмана размову начальнiка нямецкага канцлягеру зь ягоным вязьнем, адданым бальшавiком, якi бачыў Ленiна, i ўкормлены фашыст-iнтэлектуал, выпусьцiўшы элегантны струменьчык духмянага цыгарэтнага дыму, скажа свайму зьнясiленаму голадам вiзавi прыкладна наступнае: вайна памiж гiтлераўскай Нямеччынай i сталiнскай Расеяй ёсьць трагiчнаю недарэчнасьцю, i суцешыцца ў гэтай сытуацыi можна толькi адным - хто б нi ўзяў верх, нашая справа пераможа. А пасьля той хлопчык сустрэнецца зь людзьмi, якiя хацелi ваяваць за Беларусь, не залежную нi ад Масквы, нi ад Бэрлiну, i ўрэшце апынулiся ў магiлах пад Монтэ-Касiно i ў сталiнскай вечнай мерзлаце або на берагох Антарыё й на Манхэтэне. А пасьля ён сустрэне абчаплянага ордэнамi й мэдалямi "вэтэрана Вялiкай Айчыннай", пра якога будзе дакладна вядома, што гэты чалавек каваў перамогу, усю вайну расстрэльваючы "врагов народа" пад Новасiбiрскам.