Орлов Владимир
Мой знаёмы забойца Сяргей (на белорусском языке)
Уладзiмiр Арлоў
Мой знаёмы забойца Сяргей
У празрысты, з лёгкай смужынкаю дзень бабiнага лета мы сядзелi на адкрытай тэрасе "Буслоў" i для старонняга вока выглядалi як двое даўнiх сяброў, што вырашылi прысвяцiць свой вольны дзень малдаўскаму кабернэ. Аднак напраўду мы былi ледзьве знаёмыя, дый знаёмства наша мела своеасаблiвы прысмак, бо адзiн некалi быў блiзкi з жонкаю другога, а другi яе дзiка i страшна забiў.
Трэба, вядома, удакладнiць, што здарылася гэта не ўчора i не на мiнулым тыднi, а гады праз тры пасля майго з Лiнай першага спаткання, якое звяло нас у нейкай душнай летняй кватэры з пыльнымi шторамi, спаткання, што расчаравала мяне, а яшчэ верагодней - нас абаiх, i таму засталося адзiным.
Сяргей забiў Лiну за доўгi i п'яны раман з iншым чалавекам, якi назаўтра ж зачынiў кватэру на замок i назаўсёды знiк з горада. Лiнiна мацi выступiла на судзе ў абарону забойцы i прасiла зменшыць яму тэрмiн.
У тыя часы Сяргей iграў на гiтары ў рэстаранным ансамблi. Я глядзеў на ягоныя даўгiя музыкальныя пальцы i марна намагаўся ўявiць, як яны сцiскалi Лiнiна горла, бiлi яе галаву аб край ванны, а потым тапiлi гэтую галаву ў гарачай вадзе.
Ён вярнуўся толькi ўчора, i я аказаўся першым сустрэчным з той часткi ягонага жыцця, што завяршылася ў ванным пакоi. Мы сутыкнулiся каля газетнага шапiка насупроць "Буслоў", i, як нi дзiўна, нягледзячы на пяць гадоў i на зусiм кароткi сiвы вожык, я пазнаў яго i без ваганняў згадзiўся пасядзець у кавярнi. Мяне вяла, вядома, i прафесiйная цiкавасць, але i нешта больш iстотнае, што не адразу паддаецца асэнсаванню.
Першую пляшку мы выпiлi пад знакам маўчання. Унiзе, за балюстрадаю, раз-пораз звiнелi трамваi, i крыклiвая буфетчыца гандлявала на прыпынку бочкавым пiвам. Бочка была жоўтая, як бярэзiнкi ўсцяж трамвайных шляхоў, i на баку ў яе нейкi грамацей прыгожа вывеў блакiтнаю фарбай: "Пiво".
Я пацягваў вiно i разважаў, што можа адбывацца ў душы ў нармальнага саракагадовага мужчыны, якi аднойчы выпiў бутэльку гарэлкi, забiў жонку i адседзеў за гэта пяць гадоў. Разважаннi заводзiлi мяне ў безнадзейны тупiк.
Сяргей паклiкаў афiцыянтку i замовiў яшчэ пляшку. Колькi кропляў вiна расплылiся па белым настольнiку, аднак нiякiх рызыкоўных асацыяцыяў у мяне не выклiкалi. Я падумаў, што, у адрозненне ад Сяргея, астатнiя знаёмыя мне рэстаранныя музыкi любiлi не вiно, а больш моцныя напоi. Можа, калi б ён у той вечар выпiў заместа гарэлкi вось такога трохгадовага кабернэ, паблiзу ад магiлаў маiх бацькоў i не з'явiлася б новага трафарэтнага помнiка з мармуровай крошкi. Пасля гэтае думкi я на ўсялякi выпадак даў сабе слова нiколi не пiць нелюбiмых напояў.
Ад такога ўзроўню абагульненняў мне зрабiлася смешна. Я паспрабаваў выклiкаць у памяцi Лiнiна аблiчча, але ўспамiналiся адно яе плоскiя белыя грудзi i занадта гучны голас, якi паведамiў мне, што ў ягонай гаспадынi нiколi не будзе дзяцей, а таму нiчога не трэба баяцца. У той душнай кватэры мы пiлi цёплае вiно, якое чамусьцi закусвалi мёдам, i цяпер мне здалося, што ўжо адно гэтае недарэчнае спалучэнне не пакiдала нам анiякiх шанцаў на працяг. У дадатак узгадалася яшчэ зялёная сукенка, у якой я неяк сустрэў Лiну з лысаватым, нiжэйшым за яе на цэлую галаву каханкам, якому наканавана было стаць у яе жыццi апошнiм.