Читать онлайн «Libido»

Автор Сін Ільля

Ілля Сін

Libido

І. Дэманы мінулага

All those who worship

The broken demons of the past Are in love with the dead

Death in June. Lifebooks

Усе тыя хто пакланяецца Зламаным дэманам мінулага Кахаюцца з мерцвякамі

Death in June. Кнігі жыцця

Некалі вузкакалейка матляла паміж раскіданымі ў ваколіцах горада шахтамі і заводамі, але цяпер адзіны яе ацалелы ўчастак выкарыстоўваецца толькі для забавы ў парку адпачынку.

Марыя папраўляе сваю кандуктарскую фуражку і пасміхаецца, скасоўваючы квіткі, працягнутыя вусатым айцом сямейства. Ужо восень, гэта адзін з апошніх рэйсаў, і вагончыкі напаўпустыя.

Нечакана яркія промні кастрычніцкага сонца трапляюць ёй у вочы, і даводзіцца прымружвацца.

Рабаціністы хлопчык злізвае кроплі лёдава з вуснаў. Цяпер яны сталі не толькі пульхнымі, але і клейкімі.

Пасажыры расселіся па сваіх месцах. Марыя дзьме ў свісток, і праз колькі імгненняў амаль цацачны паравозік кранаецца з месца, пыхкаючы прыемным саладжавым дымам.

Колы кратаюцца паволі, нібы неахвотна, але неўзабаве ўваходзяць у роўны спакойны рытм – бы кардыя грама задаволенага жыццём пенсіянера. Марыя на нейкі час паддаецца гіпнатычнаму эфекту, ад чаго яе твар набывае яшчэ большую ўрачыстасць – цалкам адпаведную ролі.

Праз нязлоснае, амаль жывое чухканне даносіцца смех. Нехта ўголас чытае на пакунку чыпсаў склад прадукту па-казахску.

Вагончыкі прамінаюць масток панад невялічкім каналам і неўзабаве губляюцца паміж паўпразрыстых сцен непралазнага гаю (гэтая частка парку паспела зарасці ўшчэнт). Потым сонца з’яўляецца зноў: паравозік ускараскаўся на схіл.

Марыя пэўны час не адчувае нічога, і гэта прыемна. Неўзабаве кола скончыцца, цягнічок прыбудзе да цацачнага перону, Марыя пачакае, пакуль задаволеныя пасажыры выгрузяцца на платформу, пасміхнецца на развітанне кожнаму з іх, скажа кожнаму “да пабачэння”, пераапране свой шыкоўны мундыр на звычайныя джынсы ды швэдар і будзе паўгадзіны трэсціся ў перапоўненай маршрутцы.

Гэта, напэўна, апошні сёлета сонечны дзень і апошні дзень яе працы.

На зіму давядзецца ўладкоўвацца прадавачкай альбо прыбіральшчыцай.

Па дарозе дадому Марыя зойдзе ў краму, каб набыць недарагіх сасісак і пачак цыгарэт. Дома яе, вядома, ніхто не чакае. Будзе да ночы сядзець ля вакна, узгрувасціўшы ногі на батарэю, піць гарбату і паліць адну за адной.

У гэтым горадзе яе ніхто не ведае, і гэта добра.

Чыгуначную каляіну перабягае ці то палёўка, ці то пацук, і дзятва ледзь не выкідваецца з вагонаў ад захаплення.

Ідэальна круглая пройма ў асфальце. Шахта люка ўжо паспела напоўніцца розным лайном.

Што і нядзіўна, бо чыгунную накрыўку здалі на металалом не адзін год таму.

У асноўным гэта абгорткі і пластыкавыя бутэлькі. Але не толькі, ёсць і нешта куды цікавейшае.

Дванаццаць гадоў таму шкаляры Жэка і Вака скінулі ў люк знойдзены непадалёк на сметніцы гіпсавы бюсцік Леніна – выключна з пазнаваўчых мэтаў.

Цяпер Жэка працуе наглядчыкам у мясцовай калоніі. Ён трохі распаўнеў пасля таго, як ажаніўся, але б’е паранейшаму з левай.

Шахта выявілася неглыбокай, гіпс з плюханнем акунуўся ў застаялую ваду. Праз пэўны час дыфузія зрабіла сваё: цвёрдае цела пераўтварылася ў аморфнае і пастападобнае. Яно ўсмактала ў сябе набраклую тушку мёртвага ката (на наступны год кінутую ў люк хлопчыкамі з паралельнага класа), і ў выніку дзве абсалютна розныя рэчы сталі нечым адным.