Читать онлайн «Калі цвіла чаромха»

Автор Коллектив авторов

Уладальнiк Віктар Шніп

Калі цвіла чаромха

© Шніп В. А, укладанне, 2014

© УП «Мастацкая літаратура», 2014

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

Алесь Аляшкевіч

Вядзьмарка

Атрад ліцвінскіх вояў маўкліва скакаў па вузкай лясной дарозе, якая вужакай віляла сярод высокіх стройных соснаў. На чале вершнікаў ехаў у серабрыстых латах статны русавалосы князь Светавар. Па-леткаваму загарэлы мужны твар знатнага ваяра быў, нягледзячы на светлы сонечны дзень, панурым і задуменным. Колькі тыдняў таму ён са сваёй харугвай здзейсніў вылазку з Літвы ў землі Лівонскага ордэна ў адказ на леташні напад крыжакоў на Трокі – радавое гняздо князя. Ліцвіны абклалі крыжацкі бург у Куроніі, але неўзабаве на дапамогу варожаму гарнізону падышоў са сцягамі сам лівонскі магістр. Пасля жорсткага няроўнага бою князь Светавар вымушаны быў адступіць ад сцен варожай цытадэлі. З рэшткамі дружыны ён пятляў па лясных дарогах і сцяжынах. За імі неадступна ішлі па пятах крыжакі. Перакрываючы ліцвінам зваротную дарогу на радзіму, яны прыціскалі дзёрзкіх вояў да неспакойных прахалодных водаў Варажскага мора, маючы намер давяршыць на ягоных стромкіх берагах іх канчатковы разгром.

Сонца ўжо схілілася да заходняга небасхілу, калі спацелыя ад летняй спякоты вершнікі нарэшце вырваліся з лясной засені на шырокі дол і іх зроку раптам адкрылася незвычайнае відовішча: доўгая блакітная паласа мора і перад ім на высокім пакатым пагорку, нібы тая скала, вялікае пасяленне, абгароджанае шчыльным завостраным частаколам. Гэта было паселішча жамойтаў – даўніх хаўруснікаў Літвы, якія, нягледзячы на тое, што на іх землях цяпер уладарылі крыжакі, захоўвалі ўсё ж свае ўласныя звычкі і здабыткі. Дзесьці там за высокай сцяной частаколу і россыпам драўляных жылых забудоваў таіўся велічны паганскі храм багіні Аўштры – ранішняй зары, жонкі наймагутнага Перуна.

Само ж капішча нябеснага бога грому знаходзілася зараз у Троках, якімі валадарыў князь Светавар, і жыхары якога яшчэ з’яўляліся напалову хрысціянамі і паганцамі.

Варта, што стаяла пры браме, яшчэ здалёк змеціла ліцвінскіх вершнікаў. Таму пры іх набліжэнні хутка расчыніла тоўстыя дубовыя створцы. І атрад паволі ўехаў ў пасяленне. Дапытлівыя жыхары ад малога да вялікага павалілі з прыземістых хат гурмой на вуліцу, узнёсла віталі гасцей на мясцовай мове:

Вершнікі неўзабаве прыпыніліся ля вялікага драўлянага дома, што стаяў у цэнтры жамойцкага пасялення. З яго да іх выйшаў у светлых строях пажылы сівы старэйшына. Спешыўшыся, князь Светавар зычліва павітаўся з мясцовым правадыром:

– Ды ў паходзе я быў з харугвай у Куроніі, мудры Кушніс, – хутка адказаў Светавар.  – Цяжкі бой выдарыўся. Ідуць зараз па нашых слядах крыжакі. Прашу на колькі дзён прытулку для сябе і вояў сваіх верных. Стаміліся мы моцна ў дарозе. Перадыхнуць і падсілкавацца б крыху воям і коням, набрацца сілы.