Читать онлайн «Дзікае паляванне ліхалецця»

Автор Виктор Козько

Віктар Казько

Дзікае паляванне ліхалецця

Эсэ, публіцыстыка

© Віктар Казько, 2009

© Саюз беларускіх пісьменнікаў, 2009

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

Азвярэнне, амаль крамлёўская гісторыя

Прашу прабачэння ў звера. Ён да такога яшчэ не дайшоў і наўрад ці дойдзе. Гэта пра нас, каго і параўнаць нельга ні з кім і ні з чым. Пра чалавекаў.

Прыбіральшчыкі смецця сёння хрысцяцца, пад’язджаючы да студэнцкіх і маладзёжных інтэрнатаў. Там, у кантэйнерах, адыходах і адкідах шумных вечарынак, застолляў і проста будзёншчыны, можна знайсці задушанага маладой маці немаўля, што толькі ўчора ці нават сёння з’явілася на свет з не перавязанай яшчэ для жыцця, бруднай, як нейкі недарэчны матузок, пупавінай…

Бацька гвалтуе родную дачку. Лашчыць і песціць, мые ў ванне ёй плечыкі, насуха выцірае свежым ручніком, уцалоўвае радзімку на грудзях, ашчадна бярэ на рукі і нясе да сябе ў ложак…

Нябожчыка паднялі з табурэтак, на якіх каля брамы яго хаты ляжала труна, павезлі на могілкі, каб пахаваць. Аддалі зямлі, прыехалі назад, а ад табурэтак і знаку няма. Падкінулі ў гарод на трэці дзень, калі старая напісала аб’яву: табурэткі мае пойдуць за вамі на той свет, будзеце вы на іх перад Богам сядзець, як на патэльні… Унук ці ўнучка забівае бабулю, таму што грошыкі на дыскатэку патрэбны… I ўсё гэта не што-небудзь надзвычайнае, ніякая не паталогія, а нармальнасць. Серыя, плынь, норма. Нармальныя, зробленыя яшчэ рукамі дзеда і прадзеда табурэткі, табурэтачкі. На гэтых драўляных табурэтках, услонах і лавах трымалася вясковая хата, нараджаліся, адседжвалі і адлежвалі пакаленні, але нам на іх ужо больш ні сесці, ні легчы нават у смяротны свой час, і нікому ўжо на іх не нарадзіцца больш. Толькі гарэць, як у крэматорыі, смылець душою. Такія нашы сёння табурэткі. Такое наша сёння посткамуністычнае жыццё. Як і выкіды плазмы на сонцы, вывяржэнні вулканаў, землетрасенні там, дзе няма гор, паводкі амаль у пустыні.

Невытлумачальныя і залпавыя выкіды насілля, гвалту і зла чалавечых душ – сістэма, як залпы ракет сістэмы «Град». I азонавыя дзіркі над галавой – прарэхі ў небе і душах. Чорныя ці белыя плямы памутнелага розуму, прарэхі ў ім, праз якія мо якраз і прарываюцца да нас прыхадні, лаўцы чалавечых душ, праз іх, пэўна ж, і адыходзяць, мігрыруюць у сусвет і самі нашы душы. А да нас ад абураных планет і сонца наплываюць гвалт і злыбяда. А мо і наадварот, наша зло і гвалт і ўтварылі тыя дзіркі, прапяклі ў небе брэшы і праломіны. Ахуталі брыдотай чыстыя зоркі нябесныя, атруцілі сваім духам сонца, абурылі, узбунтавалі планету. Не прымаюць зоркі душу чалавечую, сусвет распачаў вайну з нашым духам. Ідзе вайна касмічная, зорная вайна. I блукаюць па сусвеце нашы непрыкаяныя душы. Няма ім спакою на зямлі, няма ні прытулку, ні прыстанку і на небе. Неба і зоркі згвалтаваны чалавекам. Зямля адмаўляецца прыняць яго прах. Чалавек з асалодаю творцы творыць сабе магілу. Мітусіцца, гойсае па могілках былога жыцця, капае, рые, як свіння лычом, раскопвае старыя магілы, дастае і адчыняе труны, трасе, перабірае і вее прах, не зважаючы ні на грэшнікаў, ні на праведнікаў, раскідае косткі продкаў па ўсіх нашых весях і далях, вялікіх гарадах і маленькіх вёсках.